Паляванне на праваабаронцаў
У аўторак, 31 студзеня, з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна на волю выйшаў кіраўнік зарэгістраванага ва Украіне Праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву», былы следчы пракуратуры, воін-афганец, сустаршыня аргкамітэту па стварэнню Руху ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы Айчыны» Алег Волчак. Праваабаронца правёў за кратамі чацвёра сутак.
У аўторак, 31 студзеня, з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна на волю выйшаў кіраўнік зарэгістраванага ва Украіне Праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога
насельніцтву», былы следчы пракуратуры, воін-афганец, сустаршыня аргкамітэту па стварэнню Руху ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы Айчыны» Алег Волчак. Праваабаронца правёў
за кратамі чацвёра сутак.
Алега Волчака затрымалі 27 студзеня проста на вуліцы. Перад гэтым праваабаронца быў на пошце, адкуль адпраўляў газету «Народная воля» астравецкаму праваабаронцу Івану Круку. Алега
Волчака адвезлі ў Цэнтральны РУУС сталіцы, дзе на яго склалі пратакол аб «дробным хуліганстве» (артыкул 17.1 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях). Паводле міліцыянтаў,
праваабаронца нібыта брыдкасловіў наўпрост на вуліцы ды размахваў рукамі. Пытанне, на каго гучна лаяўся матам юрыст, пазней засталося без адказу.
Судзілі Алега Волчака ў панядзелак, 30 студзеня. У суд Цэнтральнага раёна яго прывезлі бліжэй да 13-й гадзіны, хоць і адвакат, і прадстаўнікі грамадскасці ды журналісты чакалі затрыманага там яшчэ ад
самага ранку. Адвакат Дар’я Ліпкіна нават была вымушана высвятляць, дзе ж яе кліент, бо адзін з супрацоўнікаў міліцыі чамусьці сказаў, што Волчака павезлі ў нейкі іншы суд. Аказалася,
схлусіў праваахоўнік.
Сведкам на працэсе выступаў сам намеснік начальніка Цэнтральнага РУУС Антон Шахлей. Менавіта ён заяўляў на судовым пасяджэнні, што Алег Волчак нецэнзурна лаяўся і махаў рукамі. Суддзя Аляксандр
Якунчыхін, які вёў справу, прыняў да ведама толькі словы міліцэйскага чына, але не довады абвінавачанага, што ўсё сказанае праваахоўнікамі — хлусня. Варта адзначыць, што спадар Якунчыхін
забараніў весці аўдыёзапіс судовага пасяджэння (гэта не забаранялася рабіць нават падчас разгляду крымінальных спраў па падзеях 19 снежня 2010 года і справы аб выбуху ў мінскім метро!) і выдаліў з
залы пасяджэнняў журналістку, якая паспрабавала ўсё ж гэта зрабіць. Астатніх прысутных на працэсе паабяцаў прыцягнуць да адказнасці за непавагу да суда.
У выніку Алег Волчак быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні адміністратыўнага правапарушэння і прыгавораны да чатырох сутак арышту. Паколькі да суда трое сутак праваабаронца ўжо правёў на Акрэсціна, то
адседзець яму заставалася яшчэ толькі адны суткі, і ў другой палове дня ў аўторак Алег Волчак пакінуў вязніцу.
Праваабаронца параўнаў умовы, у якіх ён адбываў адміністратыўны арышт, з катаваннямі. «Самае страшнае — гэта халадэча, бо ў камеры было не больш за 15–16 градусаў цяпла. З
крана пастаянна цякла вада, таму заснуць было практычна немагчыма, — адзначыў Алег Волчак. — На сценах камеры шмат усялякага бруду, поўная антысанітарыя, разбітыя шыбы, скразняк.
Умовы, у якіх трымаюць людзей, гэта нейкае скоцтва. Спаць проста на падлозе — гэта дзікунства. Ва ўсіх, хто знаходзіцца на Акрэсціна, адна задача — выжыць і выйсці на
свабоду». У той жа час, распавёў праваабаронца, перанасялення камер на Акрэсціна не назіралася, прэтэнзій да харчавання і да стаўлення да яго з боку адміністрацыі вязніцы ён не мае.
Што да прычын яго затрымання і арышту, то ў Алега Волчака ёсць некалькі версій. «Па-першае, магчыма, апошнім часам я стаў даваць больш палітычныя каментары, а не проста як праваабаронца,
закранаючы пры гэтым вельмі важныя пытанні. Улічваючы тое, што да Уладзіміра Барадача дабрацца вельмі складана, то, магчыма, вырашылі зрабіць такі папераджальны «стрэл» па мне.
Памятаеце, у нас было некалькі асноўных тэм — гэта выбух у метро, абавязковыя адбіткі пальцаў у ваеннаабавязаных. Таксама, магчыма, выклікала такую рэакцыю прэзентацыя даклада па справе
Алеся Бяляцкага — над 44-старонкавым дакументам працавала цэлая група экспертаў. Апроч таго, у нас планавалася паездка ў адну з рэспублік, дзе мы павінны былі сустрэцца з былымі
супрацоўнікамі праваахоўных органаў Украіны, Расіі, Польшчы, Літвы і абмеркаваць ідэю стварэння міжнароднага паліцэйскага прафсаюза, мэтай якога была б абарона праваахоўнікаў, прапрацаваць статут
арганізацыі. Магчыма, такая інфармацыя таксама недзе прайшла. Таксама ім удалося ўсё ж такі ўзяць у мяне адбіткі пальцаў, бо асобы, якія прыцягваюцца да адміністратыўнай адказнасці, абавязаныя здаць
адбіткі пальцаў рук», — адзначыў Алег Волчак.
Праваабаронца таксама задаецца пытаннем, каму было выгодна яго затрымаць і пасадзіць на суткі, хто аддаваў загад: «Лукашэнкі няма ў краіне, і ведаючы, што зараз не заціхае вельмі
вялікі скандал вакол справы Бяляцкага… Я, верагодна, уваходжу ў пяцёрку самых вядомых беларускіх праваабаронцаў, дык навошта было ўздымаць новы скандал? Складана сказаць, якія тут насамрэч
прычыны, вельмі шмат усяго назапасілася. Можа, нават КДБ пакрыўдзілася, што я хацеў дабіцца ад іх выбачэнняў за сапсаваны кампутар, які ў мяне сканфіскавалі падчас апошняга ператрусу і вярнулі
поўнасцю не функцыянальным?»
На думку Алега Волчака, сёння ў Беларусі праваабаронцы — больш чым проста праваабаронцы, таму і ўвага да іх з боку ўлады павялічваецца з кожным разам. На думку незалежных экспертаў, менавіта
праваабаронцы разам са структурамі грамадзянскай супольнасці і незалежнымі СМІ ва ўмовах амаль поўнай маргіналізацыі палітычнай апазіцыі сёння ўяўляюць для рэжыму найбольшую небяспеку. Таму і такія
жорсткія захады ўжываюцца ў дачыненні да іх.