ПАСЕ: прагрэсу з Беларуссю няма

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі за апошнія месяцы не палепшылася. Наадварот, за гэты час узніклі новыя падставы для занепакоенасці. Аб гэтым заявіла спецдакладчык ПАСЕ па сітуацыі ў Беларусі Сінікі Хурскайнэн.
Камітэт па палітычных пытаннях ПАСЕ на паседжанні ў Страсбургу 12 красавіка абмеркаваў становішча ў Беларусі. Перад парламентарамі выступілі беларускія праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Алена Танкачова, а таксама Андрэй Юраў, кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі, дырэктар па развіцці Маскоўскай Хельсінкскай групы.

6d4f95bf53bba28f148641c8561dbf98.jpg

Як паведаміла Міжнародная назіральная місія, Алесь Бяляцкі ахарактарызаваў сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі як найгоршую за апошнія 15 гадоў. На яго думку, да той пары, пакуль не будуць вызваленыя палітычныя зняволеныя, ніякіх афіцыйных кантактаў з беларускімі ўладамі быць не павінна.

Алена Танкачова заклікала Савет Еўропы і іншыя міжурадавыя структуры пры вядзенні дыялога з афіцыйным Мінскам не паніжаць планку раней вылучаных патрабаванняў ў адносінах сітуацыі з правамі чалавека. Паводле яе словаў, раўнапраўным партнёрам такога дыялога павінна быць і грамадзянская супольнасць Беларусі. Аднак пры гэтым трэба ўлічваць і тое, што беларускія ўлады могуць імітаваць вядзенне такога дыялога.

Як адзначыў Андрэй Юраў, Савету Еўропы трэба асаблівую ўвагу звярнуць на пытанні абароны праваабаронцаў і выканання фундаментальных правоў чалавека ў Беларусі. Перш за ўсё гэта свабода асацыяцый, сходаў і выказвання думак, а таксама права на справядлівы судовы разбор і свабода ад катаванняў і жорсткага абыходжання са зняволенымі.

Андрэй Юраў таксама падкрэсліў, што зараз крайне неабходна сур’ёзная і ўзважаная прававая ацэнка падзей 19 снежня 2010 года ў Беларусі. На яго думку, яна магла б быць выкарыстана падчас судовых працэсаў над удзельнікамі акцыі пратэсту. А таксама стаць падставай для перагляду ўжо вынесеных прысудаў па гэтай справе.

Сітуацыя ў Беларусі выклікае ў міжнародных назіральнікаў усё большы непакой. Як адзначыла Сініка Хурскайнэн, прагрэсу ў адносінах паміж ПАСЕ і Беларуссю няма. Таму кантакты з беларускімі ўладамі на вышэйшым узроўні будуць заставацца замарожанымі. У той жа час, як падкрэсліла спецдакладчык, ПАСЕ працягне супрацоўнічаць з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, грамадзянскай супольнасцю, незалежнымі СМІ і праваабаронцамі.