Паслухмяная Беларусь
Як паведаміў Белстат, за першы квартал бягучага года ў Беларусі зарэгістравана 859 121 адміністрацыйных правапарушэнняў, па якіх органамі ўнутраных спраў вынесены пастанаўленні аб прызначэнні адміністратыўнага пакарання.
Гэта шмат. Калі нават улічваць, што правапарушальнікамі з’яўляюцца не толькі фізічныя асобы, прычым не толькі жыхары Беларусі, але і прыезджыя, а таксама яшчэ і юрыдычныя асобы. Усё роўна зашмат. Колькасць парушэнняў — на 31,2 працэнта больш, чым у першым квартале мінулага года, — мае відавочную дынаміку і, зразумела, павялічвае памеры пакаранняў. Згодна з КоАП, парушальнікі караюцца папярэджаннямі, штрафамі, выпраўленчымі работамі, адміністрацыйнымі арыштамі, пазбаўленнем спецыяльных правоў, пазбаўленнем права займацца вызначанай дзейнасцю, канфіскацыямі, дэпартацыямі.
Закон суровы, але гэта закон. Зразумела, большасць парушальнікаў плаціць штраф і з чыстым сумленнем вяртаецца да сваіх штодзённых спраў. Але здзіўляе колькасць «штрафнікоў». Бо калі пакаранне ўжываецца супраць фірмаў, то персанальную адказнасць часта нясуць іх першыя асобы. То бок грамадзяне.
Напачатку года насельніцтва Беларусі складала 9,5 мільёна чалавек. За мінулы год колькасць адміністрацыйных парушэнняў склала 3,1 мільёна выпадкаў. Атрымліваецца, што парушальнікам стаў кожны трэці жыхар краіны. Калі ж узяць у разлік толькі працаздольных (ад 16 год да 55 — жанчыны і да 60 гадоў — мужчыны), колькасць якіх складае блізу 5,85 мільёна чалавек, то атрымліваецца, што не менш паловы дарослых людзей плацяць дзяржаве ці наяўнымі грошамі, ці задавальняюць яе прэтэнзіі да сваіх грамадзян іншымі спосабамі.
Вядома, што спагнаць штраф можна з таго, хто можа заплаціць. Значыць, з тых, хто працуе. Згодна з дадзенымі Белстата, колькасць занятых у эканоміцы краіны складае 4,49 мільёна чалавек, з якіх, атрымліваецца, 60–70% плацяць грашовыя штрафы.
Міліцыя любіць працаваць з пастаянным кантынгентам, які схільны да рэгулярных правапарушэннях. Прыкладам, па распарадку выдачы заробкаў у райцэнтрах, у розных ПМК ды ЖКХ, міліцэйскія патрулі выязджаюць непасрэдна на ўлюбёныя месцы адпачынку атрымаўшых грошы працоўных. Туды, дзе п’юць і парушаюць.
Як кажуць, каму выгадна? Відавочна, што заканадаўства аб адміністратыўных правапарушэннях мае мэтай забеспячэнне прававога парадку ў паўсядзённым жыцці людзей і, як ідэал, перавыхаванне схільных да правапарушэннях асоб. Але жудасная колькасць правапарушальніках сведчыць аб тым, што гэта мэта недасягальная. Як той камунізм: чым грамадства было да яго бліжэй, на думку штатных ідэолагаў, тым ён быў далей ад рэчаіснасці.
Тэндэнцыя росту парушэнняў з відавочнасцю засведчана Белстатам. Тады што? Згодна з КоАП, памеры штрафу вызначаюцца ў базавых велічынях: ад 0,1 базавай велічыні да 30 у адносінах да фізічных асоб і 200 велічынь у адносінах да юрыдычных асоб.
Калі ўлічыць, што зараз базавая велічыня складае 150 тысяч рублёў (15 долараў), то, можна меркаваць, дзяржава на гэтай высокарэнтабельнай справе нядрэнна зарабляе. Атрымлівае наяўныя, адначасова падвышае базавую велічыню — і аўтаматычна штрафы. Праводзіць па сутнасці своеасаблівую санацыю заробкаў і сацыяльных выплат насельніцтва. Атрымаў — аддай частку назад.
Гэта вечная барацьба, калі дзяржава з’яўляецца манапольным вытворцам рознага алкаголю і адначасова манапольным «перавыхавацелем» алкаголікаў. Поспехі ў гэтай справе адзначыла нават Сусветная арганізацыя аховы здароў’я, якая па ўзроўню алкагалізацыі насельніцтва вывела Беларусь на першае месца ў свеце.
Непрыемна для ўсіх нас, няёмка перад цывільных светам. І п’яніцам, і непітушчым. Акрамя роднай дзяржавы. Ёй усё пасуе. Бо пасля вызначэння медыкаў ААН, улады, трэба чакаць, у пэўнай ступені абмяжуюць вытворчасць і гандаль гарэлкай і «чарніламі», і тым самым створыць… асабліва спрыяльныя ўмовы для эскалацыі барацьбы з п’янствам. Штрафы ўзрастуць і, натуральна, пальюцца ў дзяржаўную скарбніцу.
Зразумела, што барацьбу з пастаяннымі парушальнікамі адміністратыўных укладанняў дзяржава праводзіць фармальна. Алкаголіка не перавыхаваеш, грошай на ім не заробіш, ад публічнага хамства не вылечыш. Калі нікога не забіў, хай жыве. Ён і жыве — цішэй вады, ніжэй травы — кожнаму хоча дагадзіць, каб раздабыць на пляшку.
На мой погляд, галоўнай мэтай адміністрацыйнай палітыкі з’яўляецца ратацыя кадраў правапарушальнікаў. Бо той, хто аднойчы трапіў у рэестр, прайшоў адпаведную прафілактыку, добра памятае, што і за што з ім могуць зрабіць. Таму не высоўваецца. Ведае, што ў выпадку рэцыдыву страціць усё.
Нельга памыліцца ў выснове, што большая частка з 800 тысяч асобаў, якіх пакаралі за першы квартал, — гэта новы рэкруцкі набор. І так месяц за месяцам, год за годам дзяржаўная машына куе кадры канфармістаў. Іх не чапаюць да пэўнага часу. Своеасаблівы стратэгічны рэзерв стабільнасці, у якім кожны ведае, што любога могуць пакараць у любы момант.
Так фарміруецца знакамітая зэкаўская максіма: нас усіх пакараюць, але мяне заўтра.