Патрэбныя змены закона аб рэабілітацыі ахвяр палітрэпрэсій

Прайшло больш за 80 гадоў з часоў масавых палітрэпрэсій. Аднак дагэтуль нельга казаць, што вырашаныя ўсе пытанні з рэабілітацыяй ахвяр. У Беларусі працягваюць жыць сваякі тых, хто не быў рэабілітаваны. Многіх з іх хвалююць пытанні: ці была адмова законнай? ці аб’ектыўныя доказы віны? Аднак па законе ім адмоўлена ў праве знаёміцца з архіўнымі справамі сваіх родных.

arhiv2_800x582.jpg

На дадзены момант у Беларусі дзейнічае Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 1991 года №847-XII «Аб парадку рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 20-80-х гадоў у Рэспубліцы Беларусь». Згодна з ёй (п. 6), правам на азнаямленне з матэрыяламі крымінальных і адміністрацыйных спраў надзеленыя толькі рэабілітаваныя, а з іх згоды або ў выпадку смерці апошніх — іх сваякі. Такім чынам, родныя нерэабілітаваных асоб не могуць атрымаць доступ да іх архіўных спраў, якія знаходзяцца ў КДБ. Гэта пазбаўляе людзей натуральнага права не толькі ведаць лёс сваіх родных, але і ўплываць на працэс перагляду гэтых спраў і магчымай рэабілітацыі. Нават калі адбываюцца суды па пераглядзе справы нерэабілітаваных, сваякоў толькі абмежавана знаёмяць з матэрыяламі.

Гэтыя заканадаўчыя абмежаванні відавочна састарэлі. І перад заканадаўцамі трэба ставіць пытанне аб іх адмене. 

Двайныя агенты

Сярод нерэабілітаваных, напрыклад, шмат тых, каго савецкія органы абвінавацілі ў супрацоўніцтве з немцамі ў перыяд Другой сусветнай вайны. Аднак ёсць несумненныя доказы, што многія беларусы служылі ў паліцыі па заданні партызан.

Гісторыкі сцвярджаюць, што на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі каля 374 000 мясцовых партызан. І ўсім ім трэба было мець свае вочы і вушы, сваіх прадстаўнікоў у акупацыйных органах. Таму партызаны нярэдка накіроўвалі людзей на пасады старастаў ці паліцаяў. Але паколькі гэта патрабавала надзвычайнай сакрэтнасці, ведалі пра тое адзінкі. Калі сведкі гінулі ў баі, калі падчас баявых дзеянняў архівы партызанскіх брыгад губляліся або знішчаліся, даказаць штосьці было вельмі складана.

Часта стаўленікаў партызан расстрэльвалі свае ж, якія проста не ведалі пра заданне. З гэтай нагоды ў Нацыянальным архіве ёсць выказванне самога кіраўніка партызанскага штаба, сакратара ЦК КП(б) П. Панамарэнкі падчас бюро ЦК у верасні 1944 г.: «У нас на поўдні, на Палессі, страшна кепска абышліся з такімі людзьмі. Партызанскія атрады запоўнілі ўсе паліцэйскія пасады сваімі людзьмі. Па форме атрымліваецца — нямецкія стаўленікі, а па сутнасці — гэта людзі, якія працуюць на нас, прычым некаторыя з іх малілі — не пасылайце, таму што ты пасылаеш, а іншыя не ведаюць».

 

partizany_800x534.jpg

Калі нямецкая разведка вылічвала такіх двайных агентаў, іх расстрэльвалі ці адпраўлялі ў канцлагеры. Але нават факт знаходжання ў канцлагеры не заўсёды служыў доказам невінаватасці «паліцая» для савецкіх органаў правасуддзя. У беларускай гісторыі ВАВ такіх прыкладаў тысячы. Гэтая тэма сістэмна не вывучана і патрабуе правядзення асобнай навукова-даследчай працы. Змена заканадаўства таксама можа даць штуршок да яе вывучэння. 

Ганна Кручкова, budzma.by