Патрыярх Кірыл: Калі я кажу «рускі», то маю на ўвазе і беларусаў, украінцаў
Патрыярх Кірыл сёння, 4 чэрвеня, прыехаў з візітам у Мінск.
Падчас наведвання прадстаўніцтва Патрыярхату Маскоўскага і ўсяе Русі ў Беларускім Экзархаце кіраўнік РПЦ выступіў з прамовай:
— Крануты, што на беларускай зямлі, у цэнтры горада Мінска, створаны гэты храм і падворак, дзе можа спыняцца патрыярх. Не думаю, што я буду часта стамляць вас сваімі візітамі, але сам факт існавання гэтага падворка мае вялікае духоўнае і сімвалічнае значэнне. Таму што праз гэты храм, праз гэтае месца відавочна дэманструецца наша адзінства, адзінства Святой Русі. Тое самае адзінства, дзякуючы якому сфарміравалася псіхалогія рускага чалавека.
Калі я кажу «рускі», то маю на ўвазе і беларусаў, украінцаў — усіх тых, хто выйшаў з Кіеўскай купелі Хрышчэння. Больш за тое, праз гэта адзінства фарміравалася сістэма каштоўнасцяў, якая спрыяла таму, што народ наш, гістарычна адзіны народ, аказаўся здольным пераадольваць велізарныя гістарычныя выпрабаванні. І самым, напэўна, страшным выпрабаваннем за ўсю гісторыю для нашага народа стала Вялікая Айчынная вайна. І Беларусь стала тым месцам, дзе асабліва жорстка вялася гэтая барацьба. І ў тых месцах, дзе вораг бачным чынам усталяваў сваю ўладу, мы ведаем, што, рызыкуючы сваім жыццём, падвяргаючы небяспецы сябе і сваіх блізкіх, многія верныя сыны Беларусі сышлі ў лясы, арганізавалі партызанскі рух, які шмат у чым спрыяў паслабленню націску акупантаў і садзейнічаў дасягненню перамогі.
Усё гэта — наша гераічная гісторыя, сумесна пралітая кроў, адзіная сістэма каштоўнасцяў, сфарміраваных у першую чаргу маральнымі пастулатамі і маральнымі пропаведзямі, маральным подзвігам праваслаўя — сапраўды стварыла той характар нашага чалавека і тую сілу духу, якая здольная была зламаць страшнага ворага, і адначасова здзейсніць вялікі подзвіг аднаўлення вялікай краіны. І калі едзеш па Мінску, то бачыш выдатныя будынкі і разумееш, што ўсё гэта пабудавана пасля вайны, пасля татальнага разбурэння, пасля панавання іншаземнай сілы.
Таму, вядома, кожны раз, калі наведваю Мінск, радуюся таму, што прадастаўляецца магчымасць ускласці вянок да манумента ў гонар загінулых абаронцаў Айчыны, і ўспамінаю аб гэтай гістарычнай і гераічнай гісторыі Мінска, Беларусі і ўсёй нашай зямлі.
Няхай Гасподзь дапамагае нам у першую чаргу захоўваць аднадумства. Таму што вораг роду чалавечага дзейнічае цяпер вельмі моцна, спрабуючы разбурыць духоўнае адзінства Святой Русі. Але менавіта адносіны Рускай Праваслаўнай Царквы з беларускай царквой з'яўляюцца ў нейкім сэнсе закладам духоўнага адзінства нашых народаў.
Таму з асаблівай радасцю я сёння здзейсніў гэта асвячэнне храма ў гонар святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія Патрыяршай рэзідэнцыі ў горадзе Мінску.
У дар новаасвечанаму храму Патрыярх Кірыл перадаў вобраз Хрыста Збавіцеля.