Патрыярх Кірыл у Полацку запатрабаваў увесці ў школах асновы праваслаўя

Здрада свайму народу — гэта вялікі грэх, таму ў школах трэба ўвесці выкладанне асноў праваслаўя. Пра гэта патрыярх Кірыл заявіў у пропаведзі пасля літургіі ў Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры ў Полацку. Тэкст пропаведзі апублікаваны на афіцыйным сайце РПЦ МП.

7198983_1000.jpg


Літургія прайшла ў гонар святкавання 1030-годдзя праваслаўя ў Беларусі. На ёй прысутнічаў увесь беларускі епіскапат, сябры Сінода РПЦ, прадстаўнікі дзяржструктур. На апублікаваных фота можна таксама ўбачыць старшыню Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Субоціна і дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава. Пасля службы адбыўся Хрэсны Ход ад Сафійскага сабора да манастыра, перадае REFORM.by.

У сваёй гаміліі патрыярх Кірыл адзначыў няпростую гісторыю епархіі і Полацкай зямлі.

«Тут праходзілі лініі фронту, і самым страшным і цяжкім выпрабаваннем стала Вялікая Айчынная вайна. Але ж шмат было і іншых нашэсцяў іншапляменнікаў! Як памежная частка ўсёй гістарычнай Русі, гэтая зямля прымала на сябе Многія ўдары. Але, як часам кажуць, для таго каб чалавек сапраўды загартаваўся, ён павінен навучыцца прымаць удары», — пачаў свой выступ Кірыл.

Ён звярнуў увагу на тое, што людзі, выхаваныя ў цяплічных умовах, не маюць належнага вопыту, а таму вельмі ўразлівыя.

«А што значыць "выбіты з каляіны"? Гэта значыць, што чалавек ужо не можа ўносіць рэальны ўклад у жыццё сваёй сям'і, грамадства, дзяржавы. І бо ворагі знешнія, у тым ліку страшны вораг, які ўступіў на віцебскую зямлю падчас Вялікай Айчыннай вайны, сапраўды хацелі пасеяць у душах страх, замяшанне, страту арыенціраў, для таго каб народ і зямля зрабіліся лёгкай здабычай. Але мы ведаем, што гэтага не здарылася, таму што дух нашага народа захоўваўся і ў самыя цяжкія моманты гісторыі», — лічыць кіраўнік РПЦ МП.

Ён абрынуўся з крытыкай на сучаснае грамадства, дзе, на яго думку, асабліва ў моладзі няма адказнасці перад Богам, таму руйнуюцца шлюбы і няма адказнасці перад народам і краінай, а гэта вядзе да здрады.

«Вось чаму я настойваю на тым, каб у школах выкладаліся асновы праваслаўя, гэта абсалютна неабходна. Таму што трэба фарміраваць свядомасць дзяцей у любові да Бога, да блізкіх, да народу свайго», — заявіў кіраўнік РПЦ.

Нагадаем, на 6 чэрвеня ў кіраўніка РПЦ запланаваная сустрэча з Лукашэнкам.