Пенсійны бунт слесара

Слесар-інструментальшчык ААТ "Гомелькабель" Анатоль Паплаўны, які дасягнуў 60-ці гадоў, запатрабаваў праз суд прызначэння яму пенсіі па ўзросту, якую па новых правілах ён павінен атрымаць толькі праз паўтары гады.

38018039_2167626763266180_324280111136243712_n.jpg

Свавольны слесар лічыць, што ніхто не мае адбіраць у яго права на працоўную пенсію па дасягненні 60 гадоў пры стажы працы не менш за 25 гадоў.
«Гэта права ўзнікла ў мяне першапачаткова ў СССР, а потым і ў Рэспубліцы Беларусь. Але ў 2017 годзе годзе ў Беларусі быў прыняты закон, па якім я пайду на пенсію толькі ў 61 з паловай год, што пагоршыла маё становішча ў параўнанні з заканадаўствам, якое існавала раней» — напісаў ён 19 жніўня ў скарзе суду Савецкага раёна Гомеля.
Працоўны не жадае губляць пенсію за 18 месяцаў і будзе дамагацца яе выплаты, нават калі для гэтага давядзецца дайсці да Вярхоўнага суда.
«Я разумею, што ствараю прэцэдэнт, якім у выпадку поспеху скарыстаюцца і іншыя пенсіянеры, якія не атрымалі пенсію у 55 і 60 гадоў. Канстытуцыя забараняе надаваць зваротную сілу закону, які пагаршае прававое становішча грамадзян. Тым не менш, чыноўнікі павялічылі пенсійны ўзрост, а народ маўчыць. Я вырашыў дзейнічаць, бо калі адбудзецца павышэнне пенсіённага ўзросту ў мужчын да 65 гадоў, я пенсію не атрымаюць і праз паўтары гады».
Анатоль Паплаўны з'яўляецца членам Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і не хавае, што прэтэнзіі да дзяржавы яму дапамагла падрыхтаваць юрыдычная служба прафсаюза. Прававы інспектар працы незалежнага прафсаюза Леанід Судаленка адзначыў, што пасля павелічэння ў 2017 годзе пенсійнага ўзросту яшчэ ніхто ў краіне не звяртаўся з такой нагоды ў суд.
«Анатоль Паплаўны супраць урада Беларусі» — стала першай цяжбай ў такім родзе» — адзначыў прафсаюзны юрыст.
Перспектывы гэтай справы пакуль няясныя — але сама спроба шэраговага працаўніка змагацца праз суд за свае эканамічныя правы вельмі паказальная.

У 2017 годзе ў Беларусі быў прыняты Закон, па якім права на пенсію па ўзросце на агульных падставах маюць мужчыны пры стажы працы не менш за 25 гадоў, жанчыны пры стажы працы не менш за 20 гадоў пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту:
ў 2016 годзе: мужчыны - 60 гадоў, жанчыны - 55 гадоў; у 2017 годзе: мужчыны - 60 гадоў 6 месяцаў, жанчыны - 55 гадоў 6 месяцаў; у 2018 годзе: мужчыны - 61 год, жанчыны - 56 гадоў; у 2019 годзе: мужчыны - 61 год 6 месяцаў, жанчыны - 56 гадоў 6 месяцаў; у 2020 годзе: мужчыны - 62 гады, жанчыны - 57 гадоў; ў 2021 годзе: мужчыны - 62 гады 6 месяцаў, жанчыны - 57 гадоў 6 месяцаў; ў 2022 годзе і наступныя гады: мужчыны - 63 гады, жанчыны - 58 гадоў. Беларускія ўлады не выключаюць, што павышэнне пенсіённага ўзросту можа працягнуцца і пасля 2022 года.


Паводле gomelspring.org