Ці стане Мінгарсуд на бок беларускамоўных бацькоў?

Разгляд прыватнай скаргі бацькоў адбудзецца ў панядзелак, 20 жніўня, і будзе праходзіць у адкрытым судовым пасяджэнні.  



Сустрэча бацькоў з намесніцай міністра адукацыі Беларусі Раісай Сідарэнкай. Фота: Радыё Свабода

Сустрэча бацькоў з намесніцай міністра адукацыі Беларусі Раісай Сідарэнкай. Фота: Радыё Свабода

У сакавіку гэтага года ў інтарэсах 24 беларускамоўных дзяцей іх бацькі звярнуліся ва Упраўленне адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна г.Мінска з просьбай стварыць рознаўзроставую беларускую групу ў адным з дзіцячых садкоў раёна. Бацькі прасілі ўлады стварыць рознаўзроставую групу для дзяцей, для якіх беларуская мова сапраўды родная, з тым, каб дзяцей выхоўвалі  ў атачэнні іншых носьбітаў роднай мовы, у атмасферы, дзе ўвесь працэс — ад пабытовых зносін да выхаваўчых праграм і гульняў — вядзецца па-беларуску.

Бацькі прасілі аб спрыянні ў рэалізацыі іх канстытуцыйнага права на выкарыстанне дзяржаўнай беларускай мовы ў адукацыі і выхаванні сваіх малалетніх дзяцей. Упраўленне адукацыі і потым Мінгарвыканкам адмовілі  бацькам у іх просьбе, прапанаваўшы раскідаць дзяцей па “так званых беларускіх” групах у садках раёну, чый фармальна прысутны, але на практыцы далёка не такі беларускамоўны статус і быў першаснай прычынай звароту ініцыятыўных бацькоў.

Таксама не задаволіла бацькоў і абяцанне ўладаў стварыць рознаўзроставую групу для беларускамоўных дзетак праз амаль 1.5 гады — на 2019/2020 навучальны год. Гэта пры тым, што ў раёне ўжо даўно дзейнічаюць 6 (!) рознаўзроставых груп з рускай мовай навучання/выхавання.

Частка бацькоў пайшла далей ў адстойванні свайго права і пры падтрымцы РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” звярнулася ў суд Першамайскага раёна г. Мінска з тым, каб аспрэчыць дзеянні чыноўнікаў ад адукацыі і дамагчыся выкання гарантаванага Канстытуцыяй права на рэальнае выкарыстанне дзяржаўнай беларускай мовы ў выхаваўчым працэсе. Аднак суд адмовіўся ад прыняцця скаргі бацькоў да разгляду, спаслаўшыся на тое, што справа не падведамасная суду. Рашэнне Першамайскага суда бацькі абскардзілі ў прыватнай скарзе ў Мінскі гарадскі суд з тым, каб іх справу ўсё ж такі разгледзелі па сутнасці.

Разгляд прыватнай скаргі бацькоў адбудзецца ў панядзелак, 20 жніўня, і будзе праходзіць у адкрытым судовым пасяджэнні.  

На пасяджэнні суддзя прыме рашэнне, ці дазволіць вырашыць спрэчку паміж бацькамі беларускамоўных дзетак і чыноўнікамі Першамайскага раёна ў судовым парадку.

Калі такое рашэнне будзе прынята, то далей павінен адбыцца адкрыты суд, дзе бацькі змогуць агучыць сваю пазіцыю, распавесці аб іх змаганні за права дзяцей на выхаванне і адукацыю ў асяродку роднай мовы, а таксама паспрабуюць пераканаць суд стаць на іх бок і вымусіць чыноўнікаў да актыўных дзеянняў па змяненні цяперашняй сітуацыі з дашкольным выхаваннем.

Паседжанне пачнецца ў 15.00 у будынку Мінскага гарадскога суда па адрасе г.Мінск, вул.Дуніна-Марцінкевіча, 1.

spring96.org