«Пераскочыў цераз плот і пабег». Палітвязень Дзмітрый Кулакоў распавёў, як уцёк з «хіміі»

«Зайшлі ў бліжэйшую літоўскую вёску, папрасілі мясцовага жыхара выклікаць памежнікаў. Ён яшчэ ўдакладніў, якіх — беларускіх ці літоўскіх», — распавядае палітвязень Дзмітрый Кулакоў. Ён уцёк з «хіміі», дзе мусіў адбываць 3,5 гады. Пра тое, як гэта было, Дзмітрый распавёў «Нашай Ніве».

2021_08_10121846_q95bo.jpg


Дзмітрый адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу №49 у Шклове. Яму прысудзілі 3,5 гады за паведамленні міліцыянту ў суполцы «Лепель для жыцця». Гэта расцанілі як пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі і абразу прадстаўніка ўлады.
У Дзмітрыя гэта не першая спроба ўцёкаў. Яшчэ пасля суда ў канцы снежня (ён тады не быў пад вартай) мужчына збягаў на літоўскую мяжу. Але яго ўзялі беларускія памежнікі і перадалі раённай міліцыі. Дзмітрыя пасадзілі ў ІЧУ, а на наступны дзень прывезлі на «хімію».
На новыя ўцёкі палітвязень наважыўся 19 ліпеня.
«Гэта быў якраз першы дзень, як я змяніў працу: перавёўся з грузчыка на слесара на камбікормавым заводзе ў Александрыі. За 15 хвілін да абедзеннага перапынку я сказаў, што трэба пайсці памыцца, бо рукі брудныя. А пасля паем і лягу пасплю ў будцы, бо на "хіміі" не высыпаюся.
Спаць, вядома, не клаўся — разабраў тэлефон, адлучыў шлейф ад батарэі, выкінуў сімку. Акуратна паглядзеў па баках, каб мяне ніхто не бачыў, пераскочыў цераз плот і пабег. На працы праз паўтары гадзіны заўважылі, што мяне няма.
Мяжу я перасякаў 31 чысла. А да гэтага ўвесь час хаваўся ў Беларусі, бо яны маглі абвесціць план перахопу. Наколькі разумею, спачатку яны кідаюць усе сілы на пошукі, а пасля супакойваюцца і пачынаюць іншыя метады выкарыстоўваць. Праз іншых людзей мне перадавалі, што жонка нібыта ў вышуку, што яе хочуць экстрадзіраваць у Беларусь (яна з дзецьмі за месяц да гэтага выехала ў Літву) — думалі, можа, я выдам сябе на нервах, зраблю памылку. І мне, і сям'і з'ехаць дапамагла арганізацыя "Dapamoga".
Міліцыя шукала мяне дома: прыходзіла па адрасе прапіскі ў Лепель і ў Шуміліна, дзе я жыў. Але нават сваякі не ведалі, дзе я. Хавацца было самым складаным».
Пазней Дзмітрыя звязалі з яшчэ адным уцекачом. 31 ліпеня іх высадзілі недалёка ад мяжы, і праз паўгадзіны мужчыны ўжо былі ў іншай краіне.
«Было хваляванне, бо стаяў дзень. Мы перайшлі мяжу, зайшлі ў бліжэйшую літоўскую вёску, папрасілі мясцовага жыхара, каб ён выклікаў памежнікаў. Ён яшчэ ўдакладніў, якіх — беларускіх ці літоўскіх. Падумаў, раптам гэта заблукалі грыбнікі. Мы сказалі, што літоўскіх. Прыехалі памежнікі і забралі нас на заставу, дзе мы правялі шэсць дзён.
Мы здзівіліся таму, што там адбываецца. Мігрантаў было вельмі шмат, больш за 100. У асноўным іракцы і афрыканцы. Нас хацелі да іх у лагер засяліць, сказалі, што больш нідзе месца няма. Высветлілася, што месцы ёсць, але там матрацаў не было. Для літоўцаў дзіка — як спаць без матрацаў? Я жартую: хлорку не вылівайце, гімн ранкам не ўключайце — і ладна. Мы дапамагалі памежнікам прадукты разгружаць, ложкі рамантаваць, мігрантаў размяшчаць.
Хлопец, які ўцякаў са мной, добра ведае англійскую і французскую мовы, крыху гутарыў з мігрантамі. Некаторыя іракцы расказвалі, што заплацілі за дарогу ад 1000 да 5000 долараў. Дзяўчына з Афрыкі 12 тысяч заплаціла.
Ім у турагенцтве далі зразумець, што, калі вы трапіце ў Літву з Беларусі, там дзве гадзіны зойме аформіцца, подпіс паставіць, а пасля вам купяць квіток да Германіі.
Увялі ў зман, і яны паверылі. Усе без дакументаў — хто пакінуў пашпарт у гатэлі, хто выкінуў. Шмат дзяцей, грудных у тым ліку. Мой таварыш дапамагаў мігрантам звязацца з сем’ямі: яны пісалі на паперы пасланні, ён фатаграфаў іх і дасылаў сваякам. Некалькі сутак пасля не давалі спакою, званілі».
Дзмітрый чуў, што на «хіміі» пасля яго ўцёкаў крыху адпусцілі гайкі. Ён распавядае, што большасць вязняў у Шклове адпраўляюць працаваць у калгасы. Некаторых бяруць прыватныя фірмы па перапрацоўцы другаснай сыравіны, хтосьці разгружае склады ў райпо. Сам Дзмітрый да пераводу на камбінат працаваў на пілараме.
«Заробкі — 500-600 рублёў, у лепшым выпадку. Гэта калі ў цябе няма штрафаў і пазоваў. Я за паўгода атрымаў на рукі каля 630 рублёў. Астатняе пайшло на аплату адміністрацыйных штрафаў: за 9 жніўня, калі я нібыта абразіў супрацоўніка міліцыі, за фота з пікета са сцягам у сацсетках. Плюс штраф за спробу незаконнага пераходу мяжы.
Апроч працы, раз на месяц выпадае дзяжурства. Адзін раз на кухні (прыбіраеш яе, калідор, актавую залу, вуліцу). Наступны раз — у размяшчэнні, дзе мы спім. Навіны дзяржТБ пастаянна глядзець трэба і прафілактычныя фільмы — у асноўным пра шкоду наркотыкаў, алкаголю, ролю сям’і».
Раней палітвязень распавядаў, што кожны месяц на аплату «камуналкі» на «хіміі» ідзе 50 рублёў. Гатуюць мужчыны самі, у краму водзяць раз на дзень пад наглядам.
«Некаторых у горад адпускаюць на 4 гадзіны. Самому без дазволу нельга выходзіць. Калі па дарозе з працы адхілішся ад маршруту, могуць палічыць за парушэнне», — заўважаў Дзмітрый.
У чэрвені, калі палітвязня не пусцілі на спатканне з жонкай, ён праглынуў кавалак металічнай лыжкі на знак пратэсту. За гэта Дзмітрыя змясцілі ў штрафны ізалятар.
У Літве мужчына падаўся на бежанства. Цяпер ён разам з сям’ёй.