Пераварот

Гадавіну рэферэндуму 1996 года адзначылі ў Беларусі мітынгам і несанкцыянаваным шэсцем. І прайшла яна пад знакам маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў. Нягледзячы на розныя нюансы, якія адбіваюцца на адзначэнні гэтай даты, у Беларусі штогод узгадваюць 24 лістапада. Бо апаненты ўлады лічаць, што раней ці пазней давядзецца вярнуцца назад на сыходную кропку. Каб працягнуць той шлях, які быў перарваны 14 гадоў таму. (На здымку: Міхаіл Пастухоў)



2668a7105966cae6e23901495176b8f9.jpg

Гадавіну рэферэндуму 1996 года адзначылі ў Беларусі мітынгам і несанкцыянаваным шэсцем. І прайшла яна пад знакам маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў. Нягледзячы на розныя нюансы, якія адбіваюцца на адзначэнні гэтай даты, у Беларусі штогод узгадваюць 24 лістапада. Бо апаненты ўлады лічаць, што раней ці пазней давядзецца вярнуцца назад на сыходную кропку. Каб працягнуць той шлях, які быў перарваны 14 гадоў таму.

(На здымку: Міхаіл Пастухоў)


Цяперашняя палітычная сітуацыя, як мяркуе былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, нагадвае познюю савецкую эпоху перыяду Брэжнева. «Ужо ўсім зразумела, што ў нас застой, прычым вельмі моцны застой, — сказаў ён. — Неабходны станоўчы імпульс для развіцця і дзяржавы, і грамадства. Інакш будзе поўны развал беларускай дзяржаўнасці і дэградацыя грамадства».
Дэмакратычныя заваёвы, як канстатуе экс-суддзя, пасля рэферэндуму аддадзены забыццю. Гэта датычыцца інстытута парламентарызму, незалежнасці судовай улады, правоў чалавека. «Асноўным суб'ектам праватворчасці стаў прэзідэнт, — зазначыў ён. — Замест прынцыпу вяршэнства закона стаў дзейнічаць прынцып вяршэнства актаў прэзідэнта. Замест падзелу ўладаў — адзіная прэзідэнцкая ўлада».
Перакройванне
Нагадаем, што на рэферэндум 1996 года былі вынесены змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю 1994 года. Яны тычыліся пашырэння паўнамоцтваў прэзідэнта. «Мы, суддзі, разумелі, што размова ідзе аб устанаўленні прэзідэнцкага кантролю над усімі органамі ўлады. І гэта ішло ўразрэз з Канстытуцыяй, якая прадугледжвала дакладны падзел уладаў, сістэму стрыманняў і процівагаў. Фактычна пад выглядам унясення паправак у Канстытуцыю прапанавалася прыняць новую Канстытуцыю», — нагадаў Міхаіл Пастухоў.
Канстытуцыйны суд большасцю галасоў вынес заключэнне, што папраўкі ў Канстытуцыю не могуць выносіцца на абавязковы рэферэндум. І могуць мець толькі рэкамендацыйны характар. Аднак Аляксандр Лукашэнка праігнараваў гэта рашэнне і ўсё зрабіў з дакладнасцю наадварот. Рэферэндум 24 лістапада 1996 года сталі называць яшчэ і «антыканстытуцыйным пераваротам».
Акрамя таго, рэферэндум праходзіў са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі. Упраўленне справамі прэзідэнта друкавала бюлетэні, і іх колькасць была
невядомая. Выяўляліся факты падробкі подпісаў выбаршчыкаў і пашкоджання пломб на ўрнах. Грамадская кантрольная камісія па назіранні за рэферэндумам зафіксавала больш за тысячу парушэнняў.
«Зараз асноўная ўлада знаходзіцца ў руках прэзідэнта. Усе астатнія органы — пры ім», — кажа Міхаіл Пастухоў. Аляксандр Лукашэнка робіць прызначэнні ад суддзяў вышэйшых судоў, прэм'ер-міністра, генпракурора да старшыні і членаў праўлення Нацбанка. «Гэта дэкаратыўныя органы, яны не маюць моцы», — адзначыў экс-суддзя Канстытуцыйнага суда.
Выбар

Рэферэндум 1996 года паставіў удзельнікаў падзей перад маральным выбарам. І кожны зрабіў свой выбар.
73 дэпутаты Вярхоўнага Савета 13-га склікання накіравалі зварот у Канстытуцыйны суд. І ініцыявалі адхіленне А. Лукашэнкі ад пасады ў сувязі з фактамі парушэння ім Канстытуцыі. Яшчэ да рэферэндуму Канстытуцыйны суд прызнаў неканстытуцыйнымі 16 указаў прэзідэнта. А 103 дэпутаты сабраліся і прынялі рашэнне аб самароспуску ВС. І атрымалі месцы ў трансфармаваным органе — Палаце прадстаўнікоў. «Аднак Вярхоўны Савет быў распушчаны незаконна. Трэба было не менш 2/3 галасоў. Патрэбнай колькасці галасоў не хапала для роспуску», — адзначыў Міхаіл Пастухоў.
Пасля «ламання» дэпутатаў, якія выступілі за імпічмент Лукашэнку, 12 з іх адмовіліся ад подпісаў. Першым «забраў» свой подпіс Мікалай Лазавік, цяперашні сакратар Цэнтрвыбаркама. Кандыдат Віктар Цярэшчанка, які зараз балатуецца ў прэзідэнты, спачатку паставіў подпіс, потым адмовіўся, потым зноў звярнуўся ў Канстытуцыйны суд, потым зноў «забраў». Кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара, які выбіраўся Вярхоўным Саветам, Лукашэнка адхіліў ад пасады. І прызначыў замест яго Лідзію Ярмошыну.
Пасля адмоваў дэпутатаў, большасць суддзяў прагаласавалі за спыненне справы аб імпічменце. Бо для яе разгляду павінна было быць не меней 70 подпісаў.
Міхаіл Пастухоў выказаўся супраць гэтага рашэння: «Я лічу, што мы павінны былі разгледзець гэту справу да канца. Адкліканне дэпутатамі сваіх подпісаў ужо пасля пачатку вытворчасці ў сілу вымушаных абставін нельга лічыць прычынай для спынення справы. Канстытуцыйны суд, на маю думку, не праявіў прынцыповасць і не быў паслядоўным у гэтай гістарычнай справе».
Суддзям Канстытуцыйнага суда, якія галасавалі «няправільна» наконт вызначэння рэферэндуму, пасля яго правядзення «ненавязліва» прапанавалі напісаць заявы аб адстаўцы на імя А. Лукашэнкі. Міхаіл Пастухоў адмовіўся пісаць такую заяву. Напрыканцы студзеня 1997 года Лукашэнка ўказам вызваліў яго ад пасады. Суддзя аспрэчыў звальненне ў Камітэце ААН па правах чалавека. Гэта было адно з першых рашэнняў Камітэта ААН па фактах парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Але ўлады Беларусі не аднавілі яго ў правах. Да цяперашняга часу не выканана ніводнага з такіх рашэнняў.
Новы адлік
«Я лічу, што рэферэндум 24 лістапада 1996 года стаў рубіконам у найноўшай гісторыі Беларусі, — адзначыў Міхаіл Пастухоў. —Мы перайшлі ад дэмакратыі да дыктатуры. Прэзідэнт атрымаў права выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу закона. Яны не кантралююцца нікім. Канстытуцыйны суд, сфармаваны прэзідэнтам у студзені 1997 года, не разгледзеў на прадмет канстытуцыйнасці ніводнага ўказа і дэкрэта. Хаця многія з іх істотна абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзян».
На думку Міхаіла Пастухова, не толькі рашэнні па рэферэндуме 1996 года, але і 1995-га (аб змене сімволікі і дзвюх мовах), і 2004-га (зняцце абмежавання тэрмінаў на займанне пасады прэзідэнта) павінны быць ануляваны. «Бо яны супярэчаць Канстытуцыі, каштоўнасцям беларускага народа і беларускай дзяржавы», — перакананы ён.
«Мы павінны пачаць адлік новай гісторыі Беларусі з Канстытуцыі 1994 года, — лічыць Міхаіл Пастухоў. — Менавіта дзень рэферэндуму стаў ноччу для беларускай гісторыі. І пахаваў дэмакратыю і законнасць».