Перазагрузка беларуска-расійскіх адносін

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька і кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук сустрэліся ў Маскве з расійскімі палітыкамі і экспертамі. Пра вынікі сваіх сустрэч і асноўныя аспекты ўзаемаадносін Расіі і Беларусі яны распавялі на прэс-канферэнцыі 7 ліпеня.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька і кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук сустрэліся ў Маскве з расійскімі палітыкамі і экспертамі. Пра вынікі сваіх сустрэч і асноўныя аспекты ўзаемаадносін Расіі і Беларусі яны распавялі на прэс-канферэнцыі 7 ліпеня.

“Мы канстатуем, што існуе перманентны крызіс беларуска-расійскіх адносін, мы сведчым, што тая прававая база, якая знаходзіцца ў падмурку гэтых стасункаў, не вытрымлівае крытыкі, і, на наш погляд, зараз патрэбна “перазагрузка беларуска-расійскіх адносін, — заявіў Анатоль Лябедзька. — Мы прапануем, каб да гэтай супрацы далучылася грамадзянскай супольнасць, якая да гэтага часу знаходзілася на абочыне ўсіх гэтых працэсаў. Манаполія на беларуска-расійскія адносіны знаходзілася ў Крамлі і ў беларускім Чырвоным доме. Найбліжэйшым часам мы плануем стварыць некалькі камунікацыйных пляцовак, на якіх будзе выпрацаваны новы погляд на беларуска-расійскія дачыненні.
Знайсці тых, хто гатовы падтрымаць такую ідэю ў Расіі, па словах палітыка, і было асноўнай мэтай паездкі ў Маскву. Раманчук, дырэктар Цэнтра Мізеса, што адказны менавіта за эканамічны складнік, ужо ачоліў створаную працоўную экспертную групу, якая будзе выпрацоўваць дакументы для ўзгаднення на палітычным узроўні. Анатоль Лябедзька падкрэсліў, што Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы павінны мець пэўны завершаны дакумент, які можна было б выкарыстоўваць для працы з Расіяй, з яе палітычнай і грамадзянскай супольнасцю.
Па словах Яраслава Раманчука, падчас сустрэч у Маскве беларускія ўдзельнікі асаблівы акцэнт зрабілі на тым, што пры пабудове новых стасункаў паміж Беларуссю і Расіяй Беларусь можа разглядацца толькі як незалежная, суверэнная дэмакратычная дзяржава, а не меркаваная частка Расійскай Федэрацыі.
У найбліжэйшыя месяцы АДС Беларусі маюць намер правесці тры канферэнцыі, падчас якіх плануецца выпрацаваць сваю пазіцыю па трох асноўных накірунках — узаемадачыненні з Расіяй, Еўрапейскім Саюзам, а таксама Злучанымі Штатамі Амерыкі.
Першая канферэнцыя плануецца ў жніўні ў Мінску, на ёй будуць абмяркоўвацца пытанні беларуска-расійскіх узаемаадносін. Чакаецца, што на яе прыедуць расійскія палітыкі, эксперты, эканамісты з вядомымі імёнамі. Будуць таксама накіраваны запрашэнні ў замежныя амбасады.
Яшчэ дзве канферэнцыі павінны адбыцца ў другой палове верасня (магчыма, у Вільнюсе). Адна з іх будзе прысвечана праграме Еўрапейскага Саюза “Усходняе партнёрства, а другая — канчатковаму варыянту “дарожнай карты па ўступленню Беларусі ў Савет Еўропы і ў ПАСЕ.