«Першыя дні адміністрацыя баялася». Былы зняволены — пра падзеі выбараў-2020 у калоніі

Падчас выбараў 2020 года Дзмітрый (прозвішча героя ёсць у рэдакцыі) адбываў пакаранне ў калоніі «Віцьба 3». Неўзабаве пасля падзей, якія ўскалыхнулі ўсю краіну, мужчына здолеў патэлефанаваць у рэдакцыю «Новага Часу» і перадаць, што ў зняволенні таксама ідзе супрацьстаянне.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У верасні гэтага года Дзмітрый вызваліўся і змог распавесці пра тое, што адбывалася ў тыя гарачыя дні ў папраўчай установе і як парушаюцца правы зняволеных.

Сышоў з міліцыі, бо расчараваўся

Дзмітрыю 36 гадоў, сем апошніх з якіх ён правёў за кратамі. Мужчыну затрымалі ў 2014-м, а ў 2015-м прызналі вінаватым адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 206, ч. 1 арт. 167 і ч. 1 арт. 166. Віну ён не прызнаў і перакананы, што абвінавачанне і судовы вырак былі палітычна матываваныя. Справа ў тым, што Дзмітрый — былы міліцыянт, праўда, папрацаваў у органах ён крыху менш за год. Кажа, расчараваўся.
— Бяздараная служба. Патрабавалі пратаколы (аб правапарушэннях. — НЧ), не памятаю, здаецца, пяць за змену. Як хочаш, але каб былі — так начальства казала. А я іх практычна не пісаў. Сышоў па ўласным жаданні, — распавядае Дзмітрый.
Да таго ж у яго пры вобшуку знайшлі фота з кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандрам Мілінкевічам. Кіраўніцтва не ведала, што Дзмітрый быў настроены супраць дзеючай улады, і гэта, лічыць суразмоўца, паўплывала на прысуд. Увогуле, па яго словах, усе баяліся абмяркоўваць палітычныя пытанні, але суадносіны тых, хто падтрымліваў уладу і тых, хто быў супраць, былі прыкладна 50/50.

За год зарабляў каля 15 рублёў


Дзмітрый павінен быў адпачатку адбываць пакаранне ў ПК-3 у Віцьбе, але адразу яго накіравалі ў бабруйскую ПК-2, дзе ён правёў тры гады. Толькі пасля гэтага яго перавялі ў «Віцьбу».
У зняволенні да былых супрацоўнікаў органаў асаблівае стаўленне, больш жорсткае. Дзмітрый сутыкнуўся з гэтым на ўласным досведзе.
— Так, гэта праўда, калі ты яшчэ і настроены супраць дзеючай улады ды іншых зняволеных настройваеш — распавядаеш, што адбываецца насамрэч. Што за злачынствы, якія здзейснілі былыя супрацоўнікі (органаў. — НЧ) у Беларусі, у іншых цывілізаваных краінах з разумным і думаючым урадам не пасадзілі б, а абмежаваліся б звальненнем ці паніжэннем па службе. Бо на іх навучанне былі выдзеленыя дзяржаўныя сродкі, а іх саджаюць пачкамі.  
У той жа час Дзмітрый зазначае, што некаторыя прадстаўнікі вышэйшых эшалонаў адчуваюць сябе ў калоніі «як дома» і называе, у прыватнасці, былога начальніка аховы Лукашэнкі Андрэя Уцюрына.

2_457_logo.jpg


За кратамі Дзмітрый пастаянна пісаў звароты і скаргі на парушэнне правоў зняволеных не толькі ад сябе, але і ад іншых асуджаных. Асобная гісторыя яго жыцця ў калоніі — заробак. У бабруйскай калоніі Дзмітрый працаваў на швейнай вытворчасці — шыў працоўныя пальчаткі. Умовы працы былі цяжкімі, але плацілі вязням сумы, якія цяжка назваць зарплатай. Так, за год у бабруйскай калоніі Дзмітрый зарабіў 15 рублёў 18 капеек.

1_499_logo.jpg


У «Віцьбе» Дзмітрый працаваў у дрэваапрацоўчым цэху, які зімой не ацяпляўся — вырабляў драўляныя скрыні і паддоны. За год працы на такой вытворчасці суразмоўца зарабіў 14 рублёў 18 капеек.

4_387_logo.jpg


З заробку Дзмітрыя яшчэ прымудраліся вылічваць грошы на аплату камуналкі і аліменты на непаўнагадовага сына. Але па выхадзе з калоніі на мужчыну засталася вялікая запазычанасць.

5_357_logo.jpg


3_411_logo.jpg


Праца зняволеных мала таго што не аплачваецца належным чынам, з яе яшчэ і карыстаецца турэмнае начальства. Дзмітрый распавядаў пра выпадкі, калі за выкананне нейкіх «замоваў» ад адміністрацыі зняволеным змякчалі ўмовы ўтрымання.

«Калі б людзі выйшлі тады, больш за палову былі б у жніўні на вуліцы»

«Палітычныя» стаялі заязджаць у «Віцьбу» зімой 2020 года. Фатаграфіі дваіх з тых, хто прыбыў адбываць пакаранне, Дзмітрый убачыў у газеце «Новы Час». Ён з яшчэ адным зняволеным аформіў падпіску на дваіх. Агулам у калоніі на 1000 чалавек выпісвалі 7-8 асобнікаў НЧ. Праўда, гэтай вясной газету перасталі перадаваць вязням — казалі, нясе экстрэмізм.
— Спачатку яе дастаўлялі ў калонію, але па негалосным распараджэнні маёра Федчанкі Дзяніса Мікалаевіча на рукі яе забаранілі раздаваць. Сказаў, у гэтай паршывай газеціне ні слова праўды. А я яму сказаў, што наадварот, у калгаснай бульварнай газеце пад назвай «Советская Белоруссия» прапаганда, і ёй толькі вогнішчы распальваць!
На пытанне, як ён вырашыўся патэлефанаваць у рэдакцыю «Новага Часу», суразмоўца жартуе: «А я бясстрашны». Званкі ў калоніі кантралююцца супрацоўнікамі, але «трохі падстрахавалі па месцы — вось і патэлефанаваў», тлумачыць герой.
— Усе радаваліся ў жніўні — верасні 2020-га. Многія глядзелі «Еўраньюс», пакуль калонія не адключыла канал. Потым НТВ адключылі. Пакінулі адзін расійскі «Вести 24», і астатнія — беларуская прапаганда. Многія зацікавіліся палітыкай, былі абмеркаванні. Адміністрацыі гэта не падабалася. Мяне з гэтай нагоды выклікаў нам па РАП (намеснік начальніка калоніі па рэжыме і аператыўнай працы. — НЧ) і казаў, што паеду ў ШІЗА, калі будзем збірацца больш чым па 10 чалавек і абмяркоўваць.
Таксама ў калоніі вязні спрабавалі баставаць.
— Самаарганізавалася невялікая група, выйшлі ў цэх дрэваапрацоўкі і нічога не рабілі. Пратрымаліся хлопцы гадзіны 2-3. Потым многіх перавялі ў розныя атрады. Але не адразу, каб не кідалася ў вочы.
Пазбегчы ШІЗА Дзмітрыю ўсё ж не ўдалося.
— Знайшлі прычыну ў асабістых рэчах, якія не адпавядалі вопісу, і далі адразу 5 сутак, а потым яшчэ працягнулі на 8 сутак за адмову ад прыборкі.
Адміністрацыя ПК-3 штодня давала справаздачу ва УДВП па Віцебскай вобласці, што ўсё добра, ёсць невялікія хваляванні, але іх спыняюць, найбольш актыўных адпраўляюць у ШІЗА па адзіночных камерах. Займаліся гэтым аператыўныя работнікі.
Першыя дні адміністрацыя баялася. Мне супрацоўнік аператыўнай часткі, Салавей Антон Міхайлавіч, сказаў так: «абстановачка была хісткая, і не зразумееш, куды можа павярнуцца». Я ўпэўнены, калі б людзі выйшлі тады (з калоніі. — НЧ), больш за палову былі б у жніўні на вуліцы. А там кантынгент розны, яны б кветкі і сцягі ў руках не неслі б, а нешта іншае…

«Перамены будуць, гэта пытанне часу»

Але неўзабаве ўсё ж хваляванні ў калоніі ўдалося сцішыць. Чатырох чалавек пакаралі ШІЗА, некаторых проста пераводзілі з атрада ў атрад.
Дзмітрый мяркуе, што на волі сітуацыю не ўдалося давесці да канца таму, што не хапіла смеласці. А яшчэ ён мае сведчанні, што пры разгонах пратэстаў беларускім сілавікам дапамагала пуцінская Росгвардыя.
— Я больш скажу — каля 12-15 чалавек з адміністрацыі ПК-3 таксама там былі, самі кантралёры распавядалі. Яны, дарэчы, войскі скінулі каля калоніі — трэніраваліся ў поўнай баявой экіпіроўцы.
Пакрысе ў калоніі абстаноўку «стабілізавалі» і пачалі «закручваць гайкі».
— Хлопцам і дасюль не прадастаўляюць доўгатэрміновых спатканняў, скайпа і інш., — гаворыць Дзмітрый.Сам ён пасля вызвалення атрымаў яшчэ год нагляду — нібыта злосна парушаў рэжым утрымання. Мужчына павінен быць дома з 22.00 да 06.00, не наведваць масавых мерапрыемстваў, не хадзіць у бары і рэстараны, а таксама штотыдзень адзначацца ў міліцыі.
Дзмітрый, які жыве ў Гомелі, гаворыць, што не можа ўладкавацца на працу — ніхто не хоча браць былога зняволенага, а за капейкі ісці на стратныя дзяржпрадпрыемствы ён не хоча. Пакуль перабіваецца падпрацоўкамі, а пасля заканчэння тэрміну нагляду плануе з’ехаць да сяброў у Польшчу.
— Але перамены будуць, гэта пытанне часу, — рэзюмуе ён.