Петыцыя: Грамадзянскі голас дзеля абароны правоў беларусаў і палякаў, якія жывуць у Беларусі
Больш за сто навукоўцаў, мастакоў, грамадскіх дзеячаў і журналістаў з Польшчы падпісаліся пад зваротам да польскай дзяржавы з просьбай падтрымаць ахвяр рэпрэсій у Беларусі, у прыватнасці, актывістаў непрызнанага Аляксандрам Лукашэнкам Саюза палякаў, піша «Белсат».
Дакумент апублікавалі на сайце Petycjeonline.com, дзе можна падтрымаць ініцыятыву.
«Незалежна ад нашых розных, нават супрацьлеглых палітычных поглядаў, мы выказваем наша глыбокае перакананне, што Польшча як дзяржава павінна прадэманстраваць сваю рашучасць у абароне польскай меншасці ў Беларусі, як і свабоды і правоў усяго беларускага грамадства, якое гэтак рашуча іх дамагаецца. Мы павінны змабілізаваць у гэтым пытанні і нашых замежных партнёраў, і міжнародныя інстытуты», — адзначаецца ў лісце.
Падпісанты звароту звяртаюць увагу на ўзмацненне апошнім часам спроб разграміць структуры польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі. Пад варту трапілі лідары Саюза палякаў у Беларусі, якіх рэжым Аляксандра Лукашэнкі вінаваціць у распальванні варожасці на нацыянальным узроўні або прапагандзе нацызму. Пад пагрозай і польская адукацыя. Такія дзеянні Мінска з часу сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе ўпісваюцца ў наратыў пра Польшчу як краіну, якая ўмешваецца ва ўнутраныя справы суседа і ініцыюе там грамадскія закалоты.
Дакумент, што выказвае салідарнасць з грамадзянамі Беларусі, якіх пераследуюць, у тым ліку з палякамі, якія там жывуць, падпісалі больш за сто дзеячаў культуры, навукі, медыя і грамадскіх дзеячаў, якія рэпрэзентуюць розныя палітычныя погляды. Падпісаць яго можна ў электронным выглядзе на сайце Petycjeonline.com.
Складзены беларускімі праваабарончымі арганізацыямі спіс палітычных вязняў у Беларусі цяпер змяшчае 325 прозвішчаў. 1 красавіка ў яго дадалі і актывістаў польскай меншасці: Анжаліку Борыс, Ганну Панішаву, Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Анджэя Пачобута.