Камітэт абароны журналістаў патрабуе вызваліць Андрэя Пачобута і іншых беларускіх калег
Беларускія ўлады павінны неадкладна вызваліць журналіста Андрэя Пачобута і перастаць затрымліваць і штрафаваць прадстаўнікоў прэсы, заявіла міжнародная няўрадавая арганізацыя «Камітэт абароны журналістаў» (CPJ).
Беларускія ўлады павінны раз і назаўжды перастаць пераследаваць журналістаў, абшукваць іх кватэры і кідаць іх у турму за тое, што яны проста выконваюць сваю працу, гаворыцца ў заяве CPJ.
«Беларускія ўлады павінны неадкладна вызваліць журналіста Андрэя Пачобута, зняць з яго ўсе абвінавачанні, вызваліць усіх зняволеных у турму журналістаў і спыніць спробы запалохаць прадстаўнікоў прэсы і прымусіць замаўчаць незалежныя галасы ў краіне», — патрабуе Камітэт абароны журналістаў.
Нагадаем, раніцай 25 сакавіка ў кватэры Андрэя Пачобута прайшоў трохгадзінны ператрус. Канфіскаваныя два ноўтбукі, жорсткія дыскі, сем старых тэлефонаў, польскамоўная літаратура, бэйджы з канферэнцый, усе дакументы на польскай мове, у тым ліку дакументы дачкі, і ўзнагароды польскага конкурсу «GrandPress».
Пачобут змешчаны ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
На дадзены момант ў няволі застаюцца журналісты:
Кацярына Андрэева
Дар'я Чульцова
Кацярына Барысевіч
Юлія Слуцкая
Ала Шарко
Сяргей Альшэўскі
Пётр Слуцкі
Ксенія Луцкіна
Андрэй Аляксандраў
Дзяніс Івашын
Анджэй Пачобут
Сяргей Гардзіевіч (хатні арышт)
Паводле прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»