Пікета на Дзень Канстытуцыі не будзе

Мінскі гарвыканкам не даў дазволу актывістам Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры на правядзенне 15 сакавіка ў цэнтры сталіцы пікетавання з нагоды Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.  



konstituc.jpg

Фота euroradio.fm

У пісьмовай адмове, падпісанай намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Ігарам Карпенка, адзначаецца, што заява на пікетаванне “не адпавядае патрабаванням артыкула 9 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. “Дадаткова інфармуем, што вызначаныя ў Вашай заяве меры па забеспячэнню грамадскага парадку і бяспекі пры правядзенні пікету не з’яўляюцца дастатковымі для арганізацыі і правядзення дадзенага масавага мерапрыемства”, — гаворыцца ў адмове.

Нагадаем, што ў акцыі планаваўся ўдзел не болей за 20 актывістаў ініцыятывы з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія вядуць нармальны лад жыцця і карыстаюцца павагай у грамадстве, прычым большасць з іх — жанчыны сталага ўзросту. 

Пад час пікетавання меркавалася выкарыстанне плакатаў наступнага зместу: “У Канстытуцыі правы і свабоды на паперы, а нам яны патрэбныя ў жыцці!”; “Забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы (артыкул 21 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь)” і “Патрабуем ад чынавенства выканання Канстытуцыі краіны!”.

У каментары “НЧ” лідар ініцыятывы, юрыстка Тамара Сяргей звярнула ўвагу на тое, што права на свабоднае выказванне свайго меркавання і правядзенне пікету дадзена артыкуламі 33 і 35 Канстытуцыі краіны і артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

“Аднак, на маю думку, дзеянні чыноўнікаў Мінгарвыканкама як раз і сведчаць пра тое, што правы грамадзян, зафіксаваныя ў асноўным законе краіны, існуюць толькі на паперы, але не ў жыцці. І хаця дзяржаўная ўлада ў краіне фармальна падзелена на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, на справе адбыўся перакос ў бок выканаўчай улады. І ўлады сталіцы нам яшчэ раз гэта прадэманстравалі. Чыноўнікаў Мінгарвыканкама нават не збянтэжыў той факт, што заяўнікі хацелі правесці пікет ў Дзень Канстытуцыі дзеля прыцягнення ўвагі грамадства і дзяржавы да асноўнага закону краіны, у якім замацаваныя правы і свабоды грамадзян”, — сказала юрыстка.