Кабякоў не хоча сустракацца з грамадзянамі
Галава Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў не жадае сустракацца з прадстаўнікамі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.
Пра гэта НЧ паведаімла лідар ініцыятывы, юрыстка Тамара Сяргей. Паводле яе слоў, 14 сакавіка 15 прадстаўнікоў ініцыятывы з ўсіх рэгіёнаў краіны прыбылі ў Адміністрацыю прэзідэнта. “Трэба мець на ўвазе, што большасць прыбыўшых — людзі сталага веку. Мы загадзя ў вызначаным законам парадку падалі калектыўную заяву ад 30 грамадзян на асабісты прыём да Андрэя Кабякова. Мы прасілі сустрэцца або з намі ўсімі, альбо з нашымі трыма прадстаўнікамі дзеля таго, каб вырашыць праблему адпісак з органаў суду і пракуратуры на нашы скаргі. Аднак нам нават не далі адказу на нашую заяву. Вось чаму мы прыйшлі ў Адміністрацыю згодна дзеючаму графіку прыёму грамадзян Андрэям Кабяковым”,— адзначыла юрыстка.
Паводле яе слоў, калі грамадзяне а 9.30 сабраліся ў прыёмным пакоі адміністрацыі, дык даведаліся, што прыём перанесены, а яго дата будзе паведамлена дадаткова. “Але супрацоўнік прыёмнага пакою не мог растлумачыць прычыны, па якім мы не атрымалі адказу на сваю заяву. Вось чаму нам давялося чакаць да 13.00, каб атрымаць гэты адказ ад загадчыка прыёмнай адміністрацыі Ігара Ламаносава. Прычым тры з паловай гадзіны мы вымушаныя былі знаходзіцца не ў прыёмным пакоі, а ў цеснай пярэдняй плошчай у некалькі квадратных метраў. Менавіта з прызначэннем Ламаносава на пасаду загадчыка прыёмнай адміністрацыі нас пазбавілі права нават чакаць прыёму ў чалавечых умовах. Ігар Ламаносаў заявіў, што мы не атрымалі адказу на сваю заяву, бо Адміністрацыя прэзідэнта прыпыніла з намі ліставанне”, — сказала юрыстка.
На яе меркаванне, Адміністрацыя прэзідэнта прыпыніла ліставанне з сябрамі ініцыятывы з той прычыны, што чыноўнікі не могуць адказаць на пытанні грамадзянаў у межах айчыннага і міжнароднага заканадаўства.
Юрыстка нагадала, што з 27 верасня мінулага году сябры ініцыятывы не могуць дабіцца прыёму ў Андрэя Кабякова.
На думку Тамары Сяргей, прыпыненнем ліставання і адмовай ў прыёме чыноўнікі парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзянаў, ведаюць пра гэта, але паводзяць сябе даволі ўпэўнена. “Такая ўпэўненасць выклікана тым, што чынавенства адчувае сябе ў поўнай беспакаранасці, бо абапіраецца на дзяржаўны апарат насілля”, — падкрэсліла юрыстка.
Паводле яе слоў, адносіны чынавенства Адміністрацыі прэзідэнта да актывістаў ініцыятывы сведчыць пра тое, што “правы грамадзянаў Рэспублікі Беларусь існуюць толькі на паперы”.