Пінск застанецца без крумкачовых?
Чарговая гракавая «масакра» здарыліся ў Пінску ў Велікодны тыдзень. Дзякуючы жыхарам вінаватых знайшлі і пакаралі!
Жорсткі выпадак так званай «зачысткі» горада ад птушак і гнёздаў на днях узрушыў пінчукоў у мікрараёне Паўночны. Трывожная навіна з'явілася на партале «Мой Пінск».
Пад'ёмнік, скінутыя гнёзды, мёртвыя птушаняты ... Нажаль, гэта не першы выпадак у Пінску. Гэты горад паспеў стаць адной з сумна вядомых «масакравых» сталіц Беларусі: абрэзка гнёздаў, атручэнне крумкачоў... Каму ў гэтым старым і прыгожым горадзе так моцна перашкаджаюць птушкі?
Нагадаем, што некалькі гадоў таму ў Пінску па вуліцы Першамайская каля ўніверсама «Пінск» у рэлігійнае свята Дабравешчанне знішчылі гнёзды крумкачоў толькі таму, што ранішні «птушыны базар» перашкаджаў некаторым спакойна спаць.
У 2012 годзе па вуліцы Чарняхоўскага былі знішчаны гнёзды ластавак на адным з дамоў. У 2014 і 2016 гадах у горадзе адбылася масавая гібель птушак. Іх мёртвыя целы можна было ўбачыць у любым пункце горада. Па гэтых выпадках праводзіліся праверкі на розных узроўнях, але, вынікі апублікаваныя не былі і ў прэсе не публікаваліся. Вінаватыя не знойдзеныя.
На мінулым тыдні, у дні Вялікадня, у скверы насупраць прахадной ААТ ПТА «Палессе» праходзіла чарговая «зачыстка», сведкамі якой сталі мінакі. На фота — тыповая карціна парушэння закона: гнёзды можна было выдаляць да 15 лютага.
Мясцовыя жыхары звярнуліся за тлумачэннямі ў Пінскую гарадскую і раённую інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У выніку высветлілася, што знішчэннем гнёздаў займаліся работнікі ААТ ПТА «Палессе». Рабочыя пачалі праводзіць абразанне дрэў яшчэ ў канцы восені і па нейкіх прычынах тады яго скончыць не атрымалася. Таму цяпер было вырашана яго працягнуць.
Згодна з прынятымі зменамі ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб жывёльным свеце», дапушчальнае абразанне дрэў і выдаленне гнёздаў птушак дапускаецца ў перыяд з 15 жніўня па 15 лютага (раней гэта можна было рабіць з 15 кастрычніка).
Супрацоўнікі Пінскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якія прыбылі на месца здарэння, падлічылі, што ўсяго знішчана каля 10 гнёздаў, дзе знаходзілася больш за 10 яек і прыкладна столькі ж загінулых птушанят.
Яны патлумачылі, што сённяшні выпадак практычна першы за 10-гадовую практыку, калі дзякуючы пільным пінчукам не толькі спынілі варварскае стаўленне да прыроднага асяроддзя, але і ўстанавілі вінаватых.
— Такая сітуацыя паўтараецца з году ў год, у розных гарадах, нажаль. Хоць АПБ у гэтым годзе рассылала лісты ва ўсе выканкамы Беларусі, каб звярнуць увагу на змяненне тэрмінаў абразання дрэў і выдалення гнёздаў птушак. Але і ў гэтым выпадку можна знайсці свае плюсы: хуткую рэакцыю людзей! Яны не прайшлі міма, калі ўбачылі незаконныя дзеянні. Так, гэтыя гнёзды зберагчы не ўдалося. Але цяпер парушальнікаў пакараюць, а выпадак стане паказальным. Гэта дапаможа прадухіліць паўтарэнне сітуацыі ў наступным сезоне ў іншых «гракавых» месцах, — адзначае дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі.
Навукоўцамі даказана, што прадстаўнікі сямейства крумкачовых (гракі, галкі, шэрыя крумкачы) валодаюць інтэлектам і уласцівасцю думаць. У маленькіх і вялікіх населеных пунктах яны яшчэ і выконваюць ролю «санітараў», як і ваўкі ў лесе. Яны прыбіраюць розныя харчовыя адкіды, паўшых жывёл і птушак.
Знішчэнне хаця б аднаго віду птушак можа прывесці да прыроднага дысбалансу, як было ў 60-х гадах мінулага стагоддзя ў Кітаі. Тады было знішчана ўсё сямейства вераб'ёў. У выніку гэтага пачаліся нашэсці насякомых, якія сталі знішчаць ўраджай краіны, што магло прывесці да голаду і эпідэмій. Птушак давялося купляць у іншых краінах і увозіць з іншых краін, каб аднавіць баланс.
Даведка:
Што рабіць, калі пасля 15 лютага ва бачыце, як рэжуць дрэвы з гнёздамі? Калі вы сталі сведкам, як супрацоўнікі камунальных службаў або іншыя людзі праводзяць абразанне дрэў з жылымі гнёздамі ці іншым чынам руйнуюць гнязда гракоў, неадкладна паведаміце пра гэта.Куды паведамляць пра парушэнні? Звярніцеся ў свой абласны камітэт Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь ці Мінскі гарадскі камітэт.
Што трэба паведаміць? Паведаміце час і месца таго, што адбываецца, паспрабуйце зрабіць некалькі фатаграфій або запісаць відэа. Вельмі карысна сфатаграфаваць нумар пад'ёмніка і іншых машын, якія ўдзельнічаюць у абразанні дрэў, зафіксаваць, што знаходзіцца ў гнёздах. Часта на спецвопратцы людзей напісана, дзе яны працуюць. Чым больш інфармацыі і доказаў — тым лепш.
Памеры штрафаў: (420 руб.) да 20 базавых велічынь для фізічных асоб, да 50 базавых велічынь (1050 руб.) для індывідуальных прадпрымальнікаў з пад'ёмнікамі, якіх наймаюць «ачысціць» двор. Самы вялікі штраф — (4200 руб.) да 200 базавых велічынь — атрымлівае юрыдычная асоба. Акрамя таго, калі з-за выдалення гнёздаў загінуць птушаняты, за кожную загінулую птушку прыйдзецца заплаціць асобна. Пакрыццё шкоды ацэньваецца ад 18 да 30 базавых велічынь за адну асобіну ў залежнасці ад спосабу незаконнага выняцця.
Паводле ptushki.org