Пятро Садоўскі: Трэба на ўсю Беларусь крычаць «гвалт!», а мы маўчым і глядзім гідры ў вочы

«Народная Воля» наведалася да дэпутата Вярхоўнага Савета ХІІ склікання і першага амбасадара незалежнай Беларусі ў Германіі Пятра Садоўскага і пацікавілася, наколькі спакойна яму апошнім часам жывецца.

Фота «Народнай Волі»

Фота «Народнай Волі»

— Пятро Вінцэнтавіч, цягам апошніх тыдняў па кватэрах ходзяць міліцыянеры (не толькі ўчастковыя) — праводзяць прафілактычныя гутаркі, аглядаюць памяшканне, каб не дай Божа не было чаго недазволенага. Да вас не прыходзілі?

— Прыходзілі пару тыдняў таму, праўда, не для прафілактыкі — прапаноўвалі паставіць «трывожную кнопку». «Ведаеце, у нас у краіне амаль надзвычайны стан, трэба вам паставіць». Трое ў міліцэйскай форме, адзін — у цывільным. Пытаюся: «Хто вы такі? Пакажыце ваша пасведчанне». Ён пасведчанне мне тыцнуў і адразу схаваў у кішэню, я не паспеў нічога прачытаць. Відаць, прадстаўнік спецслужбаў. Адмовіўся я. Слухайце,  трыццаць гадоў я жыву ў гэтым доме, і ніколі тая «кнопка» не была патрэбна. Мне адзін знаёмы падказаў, што праз «трывожную кнопку» робяцца праслухоўванні. Што ж тут паробіш — наш парламент у пачатку года прыняў пастанову, паводле якой дзяржава мае права нас праслухоўваць. Нават ніякай санкцыі не трэба.

— У Беларусь вось-вось Расія завязе ракеты з ядзернымі зарадамі, і ўсе маўчаць. Маўчыць, як вы кажаце, парламент, маўчыць урад, няма ніякай грамадскай дыскусіі (апрача сацсетак). Ці не зацягнулася ўсеагульнае маўчанне?

— Мы маўчым, мы, як зачараваныя, глядзім гідры ў вочы. А трэба схамянуцца, выйсці і на ўсю Беларусь крычаць «гвалт!». Але куды і каму тут выходзіць? Калі я выйду і памру, як Данка з вырваным сэрцам, нічога гэта не зменіць. Амерыканскі культуролаг Джордж Стайнер пісаў пра двух яўрэяў, якія вось-вось зойдуць у крэматорый, але стаяць і спрачаюцца, як трактаваць адну мясціну ў тэксце Торы. Яны ведаюць, што праз хвіліну згараць у агні і ўсё ж спрачаюцца… І Стайнер піша, што так праяўляецца веліч чалавечага духу. Гэтак і я, бяссільны, стары чалавек, сяджу і рэфлексую ў сацсетках пра наша жыццё-быццё. Нас ператвараюць у цэль №1, а мы разважаем пра асаблівасці беларускага светаўспрымання…

— Пра тое беларускае светаўспрыманне ўсё радзей можна пачуць па БТ. Учора ўключыў, а там расійскі казацкі хор выступае, нейкі «Батька атаман»…

— Таму што ў нас афіцыйна аб’яўлена, што Беларусь стварае адзіную інфармацыйную прастору з Расіяй. А што ў тую прастору ўваходзіць? СМІ, мастацкая літаратура, кіно, тэатр, школьная адукацыя і гэтак далей. Але тут ніякага парытэту няма і быць не можа. У Расіі нашмат больш рэсурсаў, мы, як кажуць, па-за конкурсам. Возьмем, напрыклад, кнігавыданне. Як мы можам тут быць на роўных, нашы дзяржаўныя кнігавыдавецтвы бедныя, а прыватных амаль не засталося.

— Хто ў гэтым вінаваты, мы збольшага ведаем. А што рабіць?

— Ну, пакуль у Беларусі, як ужо часткова зроблена ў Расіі і Кітаі, не перакрыюць інтэрнэт, то неабходна яго выкарыстоўваць. У нас яшчэ ёсць ютуб, ёсць сацсеткі, дзе можна выказацца. І нам трэба лезці ва ўсе шчыліны, у якія толькі  можна, каб даносіць сваю думку да людзей. Скажам, я амаль штодня пішу тэкст і выстаўляю ў сацсетках. І маю надзею, што нехта прачытае, што нейкае зерне ў душу я камусьці закіну.

— Галоўнае, каб зерне тое ўпала не на камень… Прачытаў нядаўна ваш эмацыйны расповед пра трохтомную энцыклапедыю «Янка Купала». Прызнацца, адразу і не паверыў, што такое можа быць у падобнага роду выданнях. Відавочна, самым грубым чынам парушаны Закон аб аўтарскім праве. Тая энцыклапедыя выйшла тры гады таму, і ніхто нічога не заўважыў?

— Ды ніхто яе ўважліва не чытаў! Калі б пачыталі, то жахнуліся б! Там усе стандарты энцыклапедычныя парушаны. Ну і галоўнае — працэнтаў 75 найважнейшых артыкулаў (светапогляд Янкі Купалы, яго мастацкае крэда, гістарычныя і эстэтычныя погляды) надрукаваны без указання аўтараў! Напрыклад, у свой час для даведніка «Янка Купала» (1986 год) я пісаў артыкул «Мова Янкі Купалы». Тут яго перадрукавалі, але прозвішча аўтара няма. Пад другімі артыкуламі адсутнічаюць імёны Уладзіміра Конана, Віталя Скалабана, Янкі Саламевіча, Сцяпана Лаўшука, Міколы Ермаловіча… Слухайце, калі Ермаловіч пісаў сваю гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, ён звяртаўся да твораў мастацкай літаратуры, і Купала не ў апошнюю чаргу ім узгадваўся.

— Імёнаў аўтараў, купалазнаўцаў няма, затое на самым ганаровым месцы — члены рэдакцыйнай калегіі Юрый Бондар (тагачасны міністр культуры), Ігар Карпенка (міністр адукацыі), Аляксандр Каваленя (сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, спецыяліст па Другой сусветнай вайне)… Як вы гэта ўсё расцэньваеце?

— Трохтомная гэтак званая «энцыклапедыя» «Янка Купала» — гэта проста нейкі хітраваты менеджарскі праект, на якім, відаць, нехта няблага зарабіў. Выданне выпушчана на заказ Міністэрства інфармацыі, значыць, былі выдаткаваны пэўныя грошы, якіх выдаўцам заўжды мала…

— Вы выказвалі свае прэтэнзіі выдавецтву?

— Выказваў. «Беларускую энцыклапедыю імя Броўкі» далучылі да выдавецтва «Беларусь», так што канцоў там цяпер цяжка знайсці. Але ж абодва выдавецтвы — дзяржаўныя, падначалены Міністэрству інфармацыі. З выдавецтва «Беларусь» мне паведамілі, што не пазначылі аўтарства, бо… не маглі мяне знайсці. Маўляў, два гады шукалі і не знайшлі. «Ходили слухи, что вы уехали за границу…».  Рабяты, я нікуды не з’язджаў, у гэты час я рэцэнзаваў для афіцыйнага сайта Міністэрства адукацыі падручнікі па грамадазнаўстве. Я быў на трох пасяджэннях вучонага савета Інстытута мовазнаўства, які, між іншым, прымаў удзел у выданні купалаўскага трохтомніка. Зрэшты, набярыце нумар 109 і знойдзеце. Гэта проста падман, што яны мяне шукалі. Ну, гэта смехатворна проста.

— І якім вам бачыцца працяг гэтай гісторыі?

— Я хачу, каб усё закончылася не проста выплатай ганарару мне ці камусьці яшчэ. Дырэктар выдавецтва «Беларусь» Сяргей Пешын прапаноўвае (задняй датай!) падпісаць з імі дамову. Але ж гэта службовы падлог! Я з ім сустрэўся на кніжнай выставе, і ён пагадзіўся нават прыслаць мне дахаты кур’ера, калі мне цяжка дабірацца ў выдавецтва. І паабяцаў ганарар — ажно 34 рублі… Я адказаў, што не буду прымаць удзел у нейкім супрацьзаконным акце, афармляць нейкі фальшывы дакумент. Як фізічная асоба, якая абараняе сваю інтэлектальную ўласнасць, я ўжо выйграў. Выдавецтва пісьмова прызнала парушэнне і выбачылася перада мной.

— Але позна ўжо выбачацца перад тым жа Конанам, Скалабанам ці Ермаловічам — іх даўно на свеце няма. Неяк жа трэба абараніць і іх добрыя імёны. І, самае галоўнае, каб падобныя прэцэдэнты больш не паўтараліся.

— Я напісаў ліст спадару Пешыну, дзе прапанаваў сабраць усіх аўтараў ананімных артыкулаў (ці іх нашчадкаў, якія паводле Закона аб аўтарскіх правах могуць прэтэндаваць на грашовае ўзнагароджанне) і ў прысутнасці прадстаўніка Міністэрства інфармацыі і пракурорскага работніка выбачыцца перад усімі, як гэта зроблена ў адносінах са мной. Ну і ўсё ж выплаціць адпаведны ганарар. Бо аўтары могуць падаць у суд, тады будзе і дадатковае налічэнне за маральную траўму — адбылося ж выкраданне іх інтэлектуальнай уласнасці. Думаю аналагічны ліст паслаць і ў Міністэрства інфармацыі, паколькі ўсё рабілася пад яго дахам.

— Самае цікавае, што энцыклапедыя «Янка Купала» атрымала Гран-пры на міжнароднай кніжнай выставе ў Баку.

— Як можна было даваць Гран-пры выданню, згарбузаванаму на скорую руку, якое абсалютна не адпавядае міжнародным стандартам? Дарэчы, «БелЭН» былі абакрадзены не толькі беларускія аўтары, але і замежныя, якія пісалі пра міжнародныя сувязі Купалы. Што тут гаварыць, у «энцыклапедыі» нават не згадана другое выданне анталогіі верша «А хто там ідзе?» на мовах свету. Справа ў тым, што, калі да 100-годдзя Купалы выйшла першае выданне (на 82-х, здаецца, мовах), чыноўнікі схамянуліся, што рускі пераклад стаяў за румынскім (па алфавіце). А «великий и могучий русский язык» павінен быў стаяць на першым месцы! І толькі з-за гэтага кнігу парэзалі на макулатуру! Праз год перавыдалі, паставіўшы спераду горкаўскі пераклад. І пра гэта ні слова ў новай «энцыклапедыі»!

— Трэба пацікавіцца, ці значыцца там выдадзеная ў 1993 годзе кніга Купалы (цудоўна аздобленая Аляксеем Марачкіным) пад назвай, страшна падумаць, «Жыве Беларусь».

— Затое там ёсць падпісаны Купалам «Адкрыты ліст Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР супраць здраднікаў» (апублікаваны ў «ЛіМе» ў 1938 годзе), дзе маюць месца такія словы: «Бруднай крывёй сваёй заплоціць злачынная зграя за подлую чорную здраду». Такія рэчы, канешне, мы павінны ведаць. Але падобныя дакументы трэба абавязкова каментаваць, а не проста так «шлёпаць». У свой час я сустракаўся з пляменніцай Купалы Ядвігай Раманоўскай, якая загадвала фондамі ў Купалаўскім музеі. Яна мне расказвала, як паэта ў 1937 годзе прымушалі напісаць хвалебны верш, прысвечаны ўгодкам Кастрычніцкай рэвалюцыі. Да Купалы прыйшлі трое ў скуранках і назвалі тры прозвішчы, у тым ліку і Якуба Коласа. Сказалі, што калі ён не напіша, гэтых людзей не стане. І Купала напісаў тры страфы. Аказалася мала. Змусілі дапісаць яшчэ адну. Вось як яно тады рабілася. І калі Купала ў той час нейкія лісты падпісваў, то, я на сто працэнтаў упэўнены, тэксты прыносіліся яму ў гатовым выглядзе. Ну як з пісталетам ля скроні не падпішаш?

— А як у трохтомніку адлюстравана сучаснае купалазнаўства?

— Я лічу, што найлепшыя працы пра творчасць Купалы былі напісаны ў канцы 1980-х, у 1990-х, недзе да 2000 года, калі ў нас пачалася ўся гэта вакханалія. І працы тыя ў «энцыклапедыі» не выпуклены, не падкрэслены, многія з іх пададзены ананімна. А яшчэ я звярнуў увагу, што першы том мае наклад 1.500 асобнікаў, а другі і трэці — ужо толькі па 1.000. Гэта значыць, што пэўная колькасць тамоў у бібліятэках так і засталіся некамплектнымі. Ну хто ж так робіць? У мяне ўвогуле склалася ўражанне, што «энцыклапедыя» тая ніяк не ўзвышае, не паказвае годнасці Купалы, генія ягонага. Усё неяк змазана, шмат што перакручана.

— Нядаўна Кастусь Цвірка паскардзіўся на недахоп перакладчыкаў з замежных моў, таму ў серыі «Беларускі кнігазбор» мала перакладных кніг. Са сваім выдатным веданнем нямецкай мовы вы тут маглі б дапамагчы.

— Мне ўжо 85 гадоў, і за вялікія праекты брацца мне не выпадае. Што б я хацеў перакласці? Невялічкую анталогію нямецкай паэзіі — вершаў трыццаць Гётэ, Гейнэ, Рыльке, Гёльдэрліна, Мёрыке. Творы, якія звязваюць Антычнасць, Рым і Грэцыю з хрысціянствам. І даць адпаведны каментарый, як гэта робіцца ў той жа Германіі ці Францыі. Мне неяк прыслалі зборнік французскага паэта Шарля Бадлера «Кветкі зла», дзе пад кожным вершам — падрабязнае тлумачэнне: якое віно аўтар піў, якую маладзіцу кахаў… У нас, на жаль, падобных выданняў нашых класікаў няма.

— Паставіўшы на месца дзяржаўнае выдавецтва, вы, можа, і пенсіі заслужанай дамагліся — як дэпутат Вярхоўнага Савета і былы першы амбасадар Беларусі ў Германіі? Чым закончылася ваша вядомая пенсійная эпапея?

— Цяпер у мяне пенсія амаль 900 рублёў. На ежу, на трусы і шкарпэткі хапае, калі дарагіх лекаў не купляць. Дамагацца большай не бачу сэнсу.

У свой час мне было патлумачана, што Нацыянальны Сход не з’яўляецца спадкаемцам Вярхоўнага Савета, таму мая праца амбасадарам і членам Прэзідыума ВС не можа быць улічана. Ну як жа не з’яўляецца, калі гэта той самы парламент, толькі назва змянілася?

Калі я раней хадзіў з гэтай праблемай у Кабінет Міністраў, там сядзеў нейкі палкоўнік, які сказаў: «Садоўскі, не хадзі, усё роўна нічога не выхадзіш, бо ты ёсць у пэўным спісе». Таму я і перастаў хадзіць.