Пятроўскі: На хуткай амністыі вязняў будуць настойваць і Масква, і Вашынгтон

Абмеркаванне беларускага кейса мае супрацьлеглае бачанне ў Маскве і Вашынгтоне, але ў пытанні амністыі яны сыходзяцца. Такое меркаванне выказаў палітолаг Пятро Пятроўскі, паведамляе «Наша Ніва».

Фрагмент вокладкі кнігі М. Матукоўскага «Амністыя: Камедыя» (Мн.: «Мастацкая літаратура», 1972)

Фрагмент вокладкі кнігі М. Матукоўскага «Амністыя: Камедыя» (Мн.: «Мастацкая літаратура», 1972)

«Кантэкст сустрэчы Пуціна і Байдэна фарміраваўся ўзмацненнем пазіцый Кітая. Для Байдэна стаяла задача не дапусціць альянсу Пекіна і Масквы. Для Пуціна — вытаргаваць манеўр для сябе для захавання роўнааддаленасці Расіі ад Кітая. Для гэтага яшчэ да сустрэчы Вашынгтон пагадзіўся на падпісанне дамовы аб абмежаванні ядзерных узбраенняў і на рэалізацыю праекта «Паўночны паток — 2». Цяпер жа Вашынгтон пайшоў далей і зрабіў Маскве яшчэ некалькі базавых прапаноў», — піша Пятро Пятроўскі, эксперт лукашэнкаўскага аб'яднання «Белая Русь», у сваім Telegram-канале .

У ліку прапаноў ён назваў інтэнсіфікацыю супрацоўніцтва ў Арктыцы, салідарнасць па іранскай ядзернай угодзе і сумеснае забеспячэнне бяспекі ў Афганістане на фоне вываду кантынгенту войск краін НАТА.

«Вашынгтон пагадзіўся на прыярытэтнасць выканання Мінскіх пагадненняў па Данбасе, што дэманструе рэверанс у бок Масквы. Байдэн таксама агучыў магчымасці аднаўлення амерыканскіх інвестыцый у Расію, што ўскосна гаворыць пра перспектывы змякчэння санкцыйнага рэжыму пры выкананні пэўных умоў. І, напэўна, самы галоўны адпраўны пункт — вяртанне паслоў дзвюх краін. Думаю, што ў бліжэйшы час будзе адбывацца аднаўленне штата двух дыппрадстаўніцтваў. Сюды ж адносіцца і дамоўленасць аб абмене зняволенымі», — піша Пятро Пятроўскі.

«Цікавы для Мінска кейс — недапушчэнне мілітарызацыі краін НАТА ўздоўж мяжы Саюзнай дзяржавы — калі і абмяркоўваўся, то пладоў, мабыць, не прынёс», — кажа Пятроўскі.

Гаворачы пра значэнне перамоў Уладзіміра Пуціна і Джо Байдэна для Беларусі, палітолаг выказаў меркаванне, што для Беларусі якраз важным выступае спалучэнне інтарэсаў Масквы і Пекіна ў Мінску, недапушчэнне іх супрацьпастаўлення.

«Абмеркаванне беларускага кейса, калі зыходзіць з прамовы Байдэна і тлумачэнняў Пяскова, мае супрацьлеглае бачанне ў Маскве і Вашынгтоне. Але, думаю, абодва бакі будуць настойваць на больш хуткай амністыі асуджаных, якая да заканчэння ўсіх следчых спраў і правядзення канстытуцыйнай рэформы для Мінска бачыцца непажаданай», — мяркуе Пятроўскі.