Суд у Маскве аб магчымай экстрадыцыі ў Беларусь Аляксея Кудзіна перанеслі

У Беларусі Аляксея Кудзіна абвінавачваюць па артыкуле «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў» (арт. 363 КК), яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі, нагадвае «Еўрарадыё».

1606839848_90947075307aa9ebe4acf72ed836ccff5f89c207bfa6e861581018.jpg

Суд у Маскве аб магчымай экстрадыцыі ў Беларусь чэмпіёна свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксея Кудзіна перанеслі на 25 чэрвеня, паведамляе тэлеграм-канал @zozhteam. Ён мусіў праходзіць у пятніцу ў Маскоўскім абласным судзе. Аднак чакаецца дакумент з МЗС Расіі аб сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне — там яшчэ збіраюць інфармацыю з розных дэпартаментаў.

У судзе ёсць звароты ад розных беларускіх арганізацый, петыцыя ад Маскоўскай Хельсінскай групы аб недапушчэнні выдачы Кудзіна ў Беларусь.

У Беларусі Аляксея Кудзіна абвінавачваюць па артыкуле «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў» (арт. 363 КК), яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. У жніўні 2020-га спартсмен удзельнічаў у пратэстах у Маладзечне, калі адбыліся сутычкі з сілавікамі. Пасля яго жорстка затрымлівалі, спартсмен быў пад адміністрацыйным арыштам, яго аштрафавалі. Далей — крымінальная справа. У лістападзе Кудзін не прыйшоў у суд і яго аб'явілі ў вышук.

Беларуса затрымалі ў Расіі ў студзені 2021-га. Генпракуратура Беларусі накіравала ў РФ зварот аб экстрадыцыі ў лютым. У абарону Аляксея Кудзіна выступілі сотні беларускіх і расійскіх спартсменаў.