Перыяд паўраспаду. Як «рэстаўруюць» унікальны Гальшанскі замак

Калісьці велічны замак Сапегаў канца XVI – пачатку XVII стагоддзяў, які месціцца ў славутай вёсцы Гальшаны, цяпер знаходзіцца ў крытычным стане.



belsat.eu


Хоць замак і з’яўляецца абектам Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, сучасны стан помніка крытычны.

Спадчына, якую мы губляем

Дэ-юрэ помнік знаходзіцца ў стане кансервацыі. На справе ўвесь комплекс толькі абнесены металёвым плотам, але кожны жадаючы можа патрапіць на тэрыторыю комплексу. Гэта пагражае тым, што могуць знайсціся ахвотныя «пажывіцца» старажытнай цэглай.

У 2009 годзе было абвешчана пра пачатак рэстаўрацыі замку. У першую чаргу планавалася аднавіць адну з вежаў  паўночную, дзе павінен паўстаць музей.

«Сітуацыя з Гальшанскім замкам у сваім родзе не адзіная ў Беларусі. Прыняты план рэстаўрацыі паўночнай вежы замку прадугледжвае зрабіць там невялікую экспазіцыю. Але выглядае гэта так: паставілі будаўнічыя рыштаванні і бетонамяшалку, што цалкам супярэчыць правілам рэстаўрацыі, таму што павінен быць вапнавы раствор»,   гаворыць гісторык Сяргей Герман.

Наш суразмоўца абураны і тым, што «рэстаўратары» не ўлічваюць каштоўнасць скляпенняў і падземнага ходу да кляштара, хоць сутарэнні таксама маглі б паспрыяць у будучыні прыцягненню турыстаў, На думку Сяргея Германа, найлепшы крок цяпер – закансерваваць тое, што яшчэ не разбуранае.

«Што ў Гальшанах зрабілі? Расчысцілі муры і абнеслі іх агароджай, каб не лазілі. Наіўныя і дурныя! Гара цэглы-пальчаткі (старажытныя цагліны з характэрнымі барознамі   belsat.eu) ляжыць за замкам, а каля яе куча іншага смецця. Штогадовыя фэсты садзейнічаюць яшчэ большаму разбурэнню,   падкрэслівае гісторык.   Яшчэ габрэйская камяніца, якая таксама хутка можа згубіцца. Кляштар разбураецца. Мясцовыя ўлады ніяк на гэта не рэагуюць адмыслова. Хутка прыйдзецца ставіць шыльду не «гісторыка-культурная каштоўнасць», а «тут знаходзілася гісторыка-культурная каштоўнасць».

На тэрыторыі замку ёсць некалькі вялікіх кучаў, куды пазвальвалі старажытную цэглу-пальчатку. На зямлі валяюцца кавалкі керамічнага посуду.

Узрывалі муры, каб прадаць цэглу

Гальшанскі замак   адзін з самых прыгожых будынкаў Вялікага Княства Літоўскага, які па знешняму выгляду нагадваў галандскія замкі Бэсенштэен і Клейдаель пад Антверпенам, быў своеасаблівай загараднай рэзідэнцыяй.

Спачатку замак належыў славутаму роду Сапегаў, але з другой паловы XVII стагоддзя замак пачынае пераходзіць з рук у рукі. Шмат разоў ён быў пашкоджаны падчас войнаў. У 1880 годзе замкам валодае Гарбанёў, які пачынае брутальна ўзрываць сцены і вежы, а магутныя муры разбіраць на цэглу і прадаваць. Менавіта гэтыя дзеянні сталі пачаткам руйнавання замка.

Замак неаднаразова перабудоўваўся. Менавіта гэта і стала прычынай кардынальных зменаў вонкавага выгляду палаца. Былі страчаны галерэі, дэкаратыўнае афармленне сценаў. Прыбудаваныя да паўночна-заходняга і паўднёва-ўсходняга карпусоў дзве пяцігранныя вежы.

У перыяд з 1981 па 1983 гады праводзіліся даследаванні помніка архітэктурна-археалагічнай экспедыцыяй Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў Міністэрства культуры і было пастаноўлена, што замак прадстаўляе 3 розначасовыя этапы будаўніцтва, якія адрозніваюцца цэглай, вапнавым растворам і тэхнікай муроўкі. Яшчэ пазней на тэрыторыі замку адбываліся археалагічныя даследаванні.

Цяпер замак знакаміты славутым Гальшанскім фэстам. І, на жаль, псеўдарэканструкцыяй.

Белсат

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:
  • Zmicier Magnus

  • 2016-01-14 14:44:01
Цалкам пусты артыкул!

І цалкам у стылі БелСАТу...

Чаму не пагутарыць зь Ігарам Раханскім ды з Антонам Астаповічам - вось бы цікавы матэрыял атрымаўся!

А так - абы што...
Больш цікавага на «Новым Часе»: