Гродна. Дом на рагу Маркса і Маладзёжнай знеслі канчаткова
Аварыйны будынак у цэнтры горада, які ў 2013 годзе перадалі “Гроднаэнерга”, канчаткова зруйнавалі 15 студзеня. Рэшткі сцяны знеслі, бо іх немагчыма было захаваць з-за дрэннага стану.
Кіраўніцтва “Гроднаэнерга” абяцае, што новы будынак, які будзе выглядаць зусім як стары, паўстане на гэтым месцы да Фестывалю нацыянальных культур. Сёлета ён будзе праходзіць 3–4 чэрвеня.
— Будынак быў сур'ёзны, мы правялі вялікую і адказную працу. Цяпер для нас задача — узнавіць яго да свята. Будаўніцтва будзе ісці і ўдзень, і ўначы. Чаму не пакінулі сцяну? Перадусім таму, што будынак не меў нармальнага падмурка. А каб нешта стварыць, трэба рабіць падвалы і праводзіць камунікацыі. Мы вырашылі дзейнічаць, бо частка будынка, якая яшчэ стаяла, у любы момант магла зваліцца на дарогу. Усе працы ўзгоднены з Міністэрствам культуры, — расказаў дырэктар філіяла РУП "Гроднаэнерга" Уладзімір Стаякоў.
Вядома, што падвалы будынка так і не ўдалося знайсці. У 1996 годзе іх засыпалі, таму сёння іх немагчыма знайсці.