Дзівосныя скарбы Уладзіміра Цвіркі
Такімі людзьмі, як Уладзімір Цвірка, нельга не захапляцца. Бо ён — з ліку тых цягавітых таленавітых беларусаў, хто можа і нараджаць ідэі, і ўвасабляць іх у жыццё.
Уладзімір Цвірко ля свайго млына з сабакам Амерыкай
Ён і мастак, і этнограф, і падарожнік, і краязнаўца, і мецэнат, і будаўнік, і наогул майстар на ўсе рукі.
Пра гэтага незвычайнага чалавека я даведаўся праз інтэрнэт, патэлефанаваў яму, і Уладзімір Андрэевіч гасцінна запрасіў мяне на сваё лецішча, якое знаходзіцца ў вёсцы Хадакова, што непадалёку ад Мінска. 2-павярховы будынак і сядзіба Уладзіміра Цвірко заўважны яшчэ здалёк: ва ўсіх яго суседзяў вакол лецішчаў глухія высокія платы, а ў яго — толькі прыгожыя драўляныя разныя вароты, як бы запрашаючыя: «Калі ласка, заходзьце!».
Са свайго лецішча паважаны Уладзімір Цвірка стварыў вельмі цікавы, змястоўны этнаграфічны музей, сапраўдную дзівосную скарбніцу, якая налічвае звыш 2 тысяч экспанатаў; ад самага маленькага — камсамольскага значка, да самага вялікага і самага цікавага экспаната, магчыма, адзінага ў Беларусі — дзеючага ветранога млына вышынёй усяго 3 метры.
Уладзімір Цвірка пачаў знаёміць мяне са сваім незвычайным музеем менавіта з самага маленькага ў Беларусі млына. А перавёз ён яго з-пад Драгічына, дзе млын працаваў з 1936 года, але з цягам часу ад яго засталіся толькі ўнутраныя механізмы, а драўляная абшыўка ўся згніла. Уладзімір перавёз млын Хадакова, аднавіў усе драўляныя дэталі, зрабіў крылы. І зараз у яго этнаграфічны музей-лецішча прыязджае шмат наведвальнікаў як з Мінска, так і з іншых населеных пунктаў, каб палюбавацца гэтым цудам — мінімлынам, а заадно і іншымі экспанатамі музея. І ўсіх Цвірко, не шкадуючы свайго часу, разам са сваім ласкавым сабакам па мянушцы Амерыка, гасцінна сустракае, не беручы за наведванне ні капейкі.
Гісторыя ў этнаграфічным музеі Уладзіміра Цвірко праглядвае на кожным кроку. Калекцыя начышчаных самавараў, гліняных збаноў плаўна пераходзіць у збор рэдкіх кніг, часопісаў. Ёсць тут і ўзоры глінянай чарапіцы, якая яшчэ ў старажытныя часы з Беларусі ішла на экспарт у заходнія краіны. Яшчэ ёсць калекцыя награвальных на агні прасаў, калаўротаў, музычных інструментаў, вышываных вырабаў, некаторым з якіх ужо каля сто гадоў.
А пачынаў Уладзімір Цвірка свой музей з трох рэчаў, якія засталіся яму ад маці: калаўрота, праса і хлебнай лапаты. З цягам часу многія рэчы дарылі яму яго сябры, знаёмыя. Мой падарунак — 40 тамоў «Большой Советской Энциклопедии» выдання 1954-1955 гадоў таксама папоўнілі музей Уладзіміра Цвірко.
На тэрыторыі сядзібы Уладзімір выкапаў сажалку, у якой водзяцца карасі, змайстраваў хатку з Бабай Ягой. Амаль усё ў будынку лецішча-музея, пачынаючы ад драўляных лесвіц на другі паверх і заканчваючы камінам, зроблена спрытнымі рукамі самога Уладзіміра.
Дарожны паказальнік Ул. Цвірко
Увагу прыцягвае нават дарожны слуп, на якім стрэлкамі пазначана адлегласць у кіламетрах ад яго музея да многіх населеных пунктаў Беларусі. А Беларусь Уладзімір аб’ездзіў і абышоў уздоўж і ўпоперак у пошуках недаследаваных будынкаў, якія некалі былі славутасцямі, ад якіх сёння засталіся толькі руіны.
Уладзімір Цвірка — падарожнік, аўтар незвычайнага праекта «150 залатых маршрутаў маёй Беларусі». Ён распавёў, што ў час сваіх паездак бачыў шмат закінутых гістарычных будынкаў, якія не эксплуатуюцца і не падтрымліваюцца ў належным стане. Некалі на іх віселі шыльды, што яны зберагаюцца дзяржавай, і будынкі лічыліся гістарычнай каштоўнасцю, пасля іх знялі шыльды, і паступова гэтыя цікавыя аб’екты прыходзяць у занядбаны стан, зносяцца, становяцца нічыйнымі. Таму ў Цвірко нарадзілася ідэя аб’ехаць усю Беларусь, сфатаграфаваць гэтыя аб’екты, напісаць пра іх, каб як можна больш людзей даведалася пра гістарычнае мінулае нашай краіны. А яшчэ Уладзімір спадзяецца, што кіраўніцтва краіны зверне ўвагу на гэтыя помнікі мінулага.
Перад пачаткам ажыццяўлення свайго праекта Уладзімір Цвірка вывучыў шмат гістарычнай літаратуры, працаваў у архівах, склаў маршруты для сваіх падарожжаў, якіх у яго атрымалася 150, у тым ліку па Брэсцкай вобласці — 28 маршрутаў, па Віцебскай — 24, па Гомельскай — 8, па Гродзенскай — 36, па Магілёўскай — 14, і па Мінскай вобласці — 28 маршрутаў.
Летам 2015 года ў мінскім выдавецтве «Туринфо» выйшаў у свет першы даведнік Уладзіміра Цвірко з серыі «150 залатых маршрутаў маёй Беларусі», які не мае аналагаў. На 40 старонках шчодра аздобленага фотаздымкамі выдання перад чытачом паўстаюць багатыя гістарычнымі падзеямі 36 куточкаў Міншчыны. Тут можна знайсці звесткі і пра Яхімаўшчыну, дзе Янка Купала рыхтаваў свой першы зборнік вершаў «Жалейка», і пра цікавыя старажытныя будынкі Ракава, Івянца, Вішнева, Лоска, Дзераўнай, Рубяжэвічаў ды іншых мясцін.
Дарэчы, плануецца выдаць яшчэ больш за 30 такіх жа даведнікаў, у якіх будзе распавядацца пра іншыя 114 маршрутаў па Беларусі. Гэта будзе вялікім падарункам краязнаўцам, вучням і ўсім, хто неабыякавы да гісторыі Беларусі. Неабходна падкрэсліць, што праект Цвіркі «150 залатых маршрутаў маёй Беларусі» з’яўляецца пераможцам XI Нацыянальнага конкурсу «Золотая Литера» за 2015 год у намінацыі «Лепшыя матэрыялы культурнай і гістарычнай тэматыкі».
У беларусаў ёсць трапная прыказка: якое семя, такое і племя. Мяркуючы па ёй, асяроддзе, у якім вырас Уладзімір Цвірка, было вельмі спрыяльным. Нарадзіўся ён у 1957 годзе ў гарадскім пасёлку Мір. Бацька, Андрэй Рыгоравіч, прайшоў усю вайну, дайшоў з баямі да Берліна, атрымаў 5 аскепкавых раненняў. За мужнасць і гераізм быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і шматлікімі медалямі, а ў пасляваенны час працаваў будаўніком. Яго продкі паходзілі з Валыні.
Маці, Вера Дзям’янаўна (дзявочае прозвішча — Высоцкая), паходзіла са старажытнага шляхецкага роду гербу «Дрыя», працавала выкладчыцай у школе. Была яна вельмі адукаванай, ведала 4 мовы (польскую, яўрэйскую, татарскую і нямецкую), добра малявала. У час нямецкай акупацыі яна хавала ў сваёй хаце пад пагрозай смерці двух яўрэйскіх дзяцей: хлопчыка і дзяўчынку. Іхнія стрыжаныя галовы яна змазвала дзёгцем і ўсім казала, што гэта яе хворыя дзеткі. Дзеля іх Вера Дзям’янаўна трымала і карову. Пасля вайны дзяўчынку забралі родзічы, і яна больш нічога не ведала пра яе лёс. А хлопчык, Станіслаў, з цягам часу стаў дырэктарам Валгаградскага трактарнага завода, і не аднойчы наведваў сваю выратавальніцу і яе сям’ю.
Усе лепшыя якасці ад бацькоў дасталіся і Уладзіміру, які, маючы добрыя мастацкія здольнасці, 5 гадоў правучыўся ў мастацкай школе А.С. Вахрамеева, скончыўшы якую ў 1983 годзе, атрымаў дыплом па спецыяльнасці мастак-дызайнер і чарцёжнік-канструктар. Уладзімір працаваў у адным з праектных інстытутаў Мінска і выкладаў у мастацкай гімназіі. Ён таксама кіраваў студыяй «Три цвета». А ў 1999 годзе стварыў творчую студыю па вырабу мастацкіх вітражоў «Тыфані». Неаднаразова Уладзімір Андрэевіч прымаў удзел у выставах графікі і мастацкага фота. Многія яго мастацкія творы знаходзяцца ў Германіі, Аўстрыі. Канадзе і ў прыватных калекцыях.
Вядомы Цвірка і як мецэнат: ён дабрачынна ўстанавіў мастацкія вітражы ў Свята-Троіцкім храме Міра і ў вёсцы Беражно, што ў Карэліцкім раёне. Уладзімір таксама філатэліст. У яго калекцыі налічваецца звыш 18 тысяч марак. Зараз Уладзімір Андрэевіч кіруе творчай студыяй па стварэнні вітражоў, рэстаўрыруе этнаграфічныя экспанаты, прадметы даўніны. Ён сцвярджае, што адчувае сябе шчаслівым чалавекам. Яго надзейная спадарожніца жыцця, жонка Ганна Мікалаеўна, працуе генеральным дырэктарам невялічкай будаўнічай кампаніі, а яшчэ вырошчвае на лецішчы агародніну.
У сям’і Цвіркі дзве дачкі — Кацярына і Таццяна, і сын Яўген. Ёсць таксама дзве ўнучкі і ўнук. Вось такі звычайны, а недзе незвычайны наш сучаснік Уладзімір Андрэевіч Цвірко жыве побач з намі і прыносіць людзям карысць і радасць.