Пётр Кузняцоў пра рэакцыю ўлад на санкцыі: прапагандысты са скуры прэч лезуць, каб нацягнуць саву на глобус

Заснавальнік «Моцных навін» выказаўся аб тым, як на санкцыі Захада адрэагавалі прапаганда і МЗС.

Фота «Свабоды»

Фота «Свабоды»

— МЗС выпусціла заяву з нагоды прынятых учора дэмакратычнымі краінамі санкцый, у якім ужыло тэрмін «эканамічная вайна», — піша Пётр Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале. — Ідэалагічнае, інфармацыйнае і прапагандысцкае банкруцтва рэжыму такое глыбокае і відавочнае, што нават трохі разгубленасць бярэ. «Вайна» — гэта тое, чаго беларусы, нацыя са шматвяковым досведам пакут і страт, баяцца і не хочуць больш за ўсё. «Абы не было вайны» — вядомы мем, які апісваў матывацыю беларусаў трываць існуючыя парадкі на працягу папярэдніх дзесяцігоддзяў. Рэжым паспяхова эксплуатаваў гэтыя фобіі ў сваіх мэтах, закалыхваючы людзей карцінамі стабільнасці і спакойных вуліц.

У канчатковым жа выніку ўсё прыйшло да таго, што прапаганда нават не тое, каб заклікае людзей на «вайну», а проста ставіць народ перад фактам, што войны ў нас ідуць, прытым — адразу некалькі. Усё больш відавочна, што гэты дыскурс не выпадковы і выкарыстоўваецца мэтанакіравана.

Мы ўсе бачылі і памятаем, што і ў папярэднія гады ў Беларусі заўсёды так ці інакш адзначалася сумная дата 22 чэрвеня — дзень пачатку апошняй на нашай тэрыторыі рэальнай вайны. Аднак раней гэта было ў ключы сапраўды жалобным, з пасылам аб недапушчэнні падобных падзей. Цяпер мы бачым зусім іншую карціну. 21 чэрвеня Захад увёў санкцыі супраць рэжыму — пакуль кропкавыя, зусім не сектаральныя. З учарашняга дня прапагандысты са скуры прэч лезуць, каб нацягнуць саву на глобус, далдонячы аб тым, што санкцыі, уведзеныя 21-га, на самой справе ўведзены «сімвалічна да даты 22-га». Гэта значыць, у сітуацыі, калі паміж датамі ў рэальнасці агульнага толькі месяц, ім вельмі трэба заявіць, што «пачалася вайна».

З той жа оперы і сённяшняя заява МЗС. Яшчэ пра рэальныя сектаральныя санкцыі толькі размовы, а ўведзеныя учора — кропкавыя і індывідуальныя, у прынцыпе, у цалкам звыклых і зразумелых рэжыму рамках. Але ведамству Макея не церпіцца «паваяваць», і вось мы ўжо чытаем, што адкрыты фронт «эканамічнай вайны».

Калі тое, што адбываецца, — не рэалізацыя псіхалагічных комплексаў мінскай вярхушкі, якая скрозь складаецца з людзей таго ўзросту, якія ў дзяцінстве вельмі перажывалі, што не паспелі паваяваць на вялікіх франтах (вельмі добра пра дзяцей таго часу спяваў Высоцкі: «Не дасталося ім нават па кулі, у "рамяслусе" жыві ды тужы»), а рэальная піяр-стратэгія, то яна правальная і шкодная не менш, чым подзвігі накшталт пасадкі «Боінгаў». Таму што раскручванне тэмы вайны — гэта апошняе, што беларусы могуць прыняць у якасці рэальнай прапановы па жыццёвых перспектывах. Нармальны (у сэнсе — самы звычайны, асераднёны) беларус скурай не прымае падобнага роду штукі, аддаючы перавагу «схавацца ў бульбе» практычна літаральна — у сваёй уласнай, на сваім агародзе. І не з-за баязлівасці нават, а проста таму, што ў генах у гэтых людзей — праблема выжывання. Народ, які добра і спакойна не жыў ніколі, перад усімі магчымымі войнамі і баталіямі аддае перавагу штодзённаму клопату пра тое, што ён будзе заўтра есці — і гэта цалкам лагічна і нармальна.

Магчыма, абраная прапагандысцкая стратэгія заклікана, паводле задумы яе аўтараў, мабілізаваць прыхільнікаў і выканаўцаў, унушыць ім, што яны абараняюць нешта важнае, і тым самым матываваць на беззапаветную адданасць і рашучасць. Магчыма.

Толькі праблема ў тым, што матывацыя такога роду можа працаваць на рэальнай вайне, а не ў баі з ценем. Беларускі рэжым, з ВУП менш, чым у адной толькі Літвы, не з'яўляецца для калектыўнага Захаду праціўнікам у «вайне». З'яўляецца толькі раздражняльнікам, на які, у сілу нязначнасці, многія гады і звяртаць увагу было лянота.

Сёння ні ЕС, ні ЗША з Беларуссю «ваяваць» не трэба. Трэба перакрыць пару чыгуначных шляхоў і трубаправодаў — і ўсё. Якая ж гэта «вайна»? І процідзейнічаць гэтаму мабілізацыяй АМАПа і баявых пенсіянераў — ну, напэўна, можна спрабаваць, але ў цэлым выглядае крыху дзіўна.

І самае галоўнае: менавіта такая «мабілізацыя» і робіць магчымымі памылкі накшталт той, што была дапушчаная з «Ryаnair». Бо на «вайне», нават калі яна існуе толькі ў прапагандысцкіх прамовах, трэба нешта рабіць — вось і робіцца, з адпаведным вынікам. Як гаворыцца, хацелі як лепш…