Пётр Кузняцоў: Цяперашні рэжым вельмі стараецца з усіх сіл атаясаміць з перамогай менавіта сябе
«З народнай памяці прыбіраецца само ўяўленне пра тое, што ў гісторыі былі героі, якія не належалі да гэтага рэжыму», разважае ў фэйсбуку Пётр Кузняцоў.
Напярэдадні Дня Перамогі многія палітычныя тэмы адышлі на другі план, што цалкам натуральна: тут яшчэ і 4 выхадныя запар з улікам Радаўніцы, нарэшце ўсталявалася надвор'е і народ масава сыходзіць у агародна-могілкава-шашлычны астрал.
Што, зрэшты, зусім не адмяняе жадання пагаварыць пра нешта ў сацсетках і многія абмяркоўваюць абуральны факт таго, што беларускім ветэранам сёлета не будзе выплат. Не, вядома, да Туркменістана, дзе старых абавязалі здаць грошы на падарункі, якія будуць ім выдадзеныя ад імя рэзідэнта, мы яшчэ не дацягнулі. Але ўсё гэта падобна ходкаму мему: «А што, можна было?»
Ці сапраўды дзяржава так збяднела, ці прычына некалькі ў іншым?
Усё досыць банальна: фактар ветэранаў, як жывых носьбітаў рэальнай памяці пра вайну, проста спісалі з рахункаў. Выкінулі за непатрэбнасцю з самой мешаніны паняццяў, якую ў нас чамусьці называюць «дзяржаўнай ідэалогіяй».
Цяперашні рэжым вельмі стараецца з усіх сіл атаясаміць з перамогай менавіта сябе. Святкуецца гэты дзень пад чырвона-зялёным сцягам, які чамусьці называюць «сцягам перамогі», хоць у той час ніякім зялёным там і не пахла а само палотнішча з'явілася толькі ў 1951 г. за аўтарствам мастака, які маляваў партрэты Гітлера. Прыдумалі нейкія яблыневыя банты, Лукашэнка заяўляў, што ў яго на фронце загінуў бацька, а Шуневіч прыбіраўся ў форму НКУС.
У іх выкананні менавіта яны абвешчаныя пераможцамі, затое ўся Еўропа — спадчыннікамі фашызму, які, маўляў, падтрымліваючы цяпер перамены ў Беларусі, спрабуе ўзяць рэванш. Гэта вось Польшча, якая была пад нацысцкай акупацыяй на 2 гады больш за Беларусь, Францыя, Вялікабрытанія, ды амаль уся Еўропа, якая змагалася з Гітлерам – «нашчадкі фашызму». А паслу Славакіі, якая была саюзнікам Рэйху, Лукашэнка сказаў, што мы, маўляў, у адных акопах ваявалі. Не мае значэння, хто, дзе і з кім, «мы» — пераможцы, «яны» — фашысты.
Прычым тут ветэраны, скажаце вы? У 00-я гады ў Мінску праспекты Скарыны і Машэрава перайменавалі ў безаблічныя «Незалежнасці» і «Пераможцаў» і мала хто зразумеў, што да чаго. Дайшлі толькі самыя празорлівыя: так з народнай памяці прыбіраецца само ўяўленне пра тое, што былі ў яго гісторыі героі, якія не належалі да гэтага рэжыму. Калі пазбаўлялі ўсіх ільгот і, адпаведна, прызнанні, беларускіх ліквідатараў ЧАЭС, якія адны на пост-савецкай прасторы засталіся ў такім жаласным становішчы, многія таксама думалі, што справа толькі ў грошах. Практычна забытыя «афганцы» і мала хто задумваецца пра тое, чаму так адбываецца, усім зручней думаць, што «не мы іх на вайну пасылалі».
Затое ў Нацыянальным аэрапорце я аднойчы глядзеў з вялікага экрана прапагандысцкі ролік, у якім у адным відэашэрагу з палацамі і замкамі была бібліятэка і нейкія лядовыя палацы, а літарны шэраг паведамляў, што росквіту Беларусь дасягнула ў перыяд незалежнасці, якая доўжыцца аж з 1994 года. З 1994, разумееце? Не з 1991, а з 1994.
На Ютубе зараз круціцца рэкламны ролік, у якім у застаўцы праводзіцца адзін шэраг паміж перамогай над фашызмам у 1945 і «перамогай» над «рэваншам фашызму» ў 2020. Гэта значыць сябе яны ўжо цалкам абвяшчаюць пераможцамі і, вядома, у сітуацыі, калі рэальных ветэранаў застаўся мізэр і ўжо мала хто памятае, хто ў рэчаіснасці і з кім ваяваў – навошта яны, уласна, патрэбныя? Гэтак жа як і «чарнобыльцы», як і «афганцы», як і Скарына, і Машэраў – усе тыя, хто рабіў гісторыю беларускага народа да 1994 года.