Пётр Рудкоўскі: Памагайма Украіне, хто як можа, і ніякага кляйма не будзе

Чаму палякі не струшчылі палітбюро кіроўнай партыі, якая ператварыла іх краіну ў краіну-агрэсара, чаму не затрымалі савецкія танкі і свае ўласныя танкі, якія ехалі ў напрамку Чэхаславакіі? І хто цяпер памятае пра тую "здраду" палякаў у 1968? Адказ у сваім Фэйсбуку дае акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Пётр Рудкоўскі.

Пётр Рудкоўскі

Пётр Рудкоўскі


Са жніўня 1968 года захаваліся звароты чэхаў/славакаў да польскіх вайскоўцаў, калі СССР вырашыў ажыццявіць "спецаперацыю" ў Чэхаславакіі і заангажаваў у яе сваіх паднявольных "саюзнікаў".
Галоўным саюзнікам была тагачасная Польшча, якая не толькі ўдаступніла сваю тэрыторыю савецкім войскам для нападзення на Чэхаславакію, але і выслала свае ўласныя войскі колькасцю каля 25 тыс. ваенных для здушэння Пражскай вясны.
Тагачасныя звароты чэхаў/славакаў да палякаў у нечым нагадваюць сённяшнія звароты ўкраінцаў да беларусаў. "Не страляйце ў нашых дзяцей", "Гэта не ваша вайна", "Не станавіцеся памагатымі агрэсара".

Фота з Фэйсбука Пятра Рудкоўскага

Фота з Фэйсбука Пятра Рудкоўскага

Што рабілі або маглі зрабіць звычайныя палякі, каб прадухіліць уцягненне Польшчы ў агрэсію супраць паўднёвага суседа? Красамоўным адказам з'яўляецца каментар у асяроддзі пісьменнікаў (адна з найбольш прагрэсіўных груп насельніцтва). Калі пісьменнік Вітальд Дамброўскі ў парыве самых добрых пачуццяў сказаў, што давайце збярэм подпісы пад зваротам супраць інтэрвенцыі, хтось з калегаў горка прыкмеціў: "Гэтыя подпісы стануць гатовым спісам арыштаваных".
Кардынал Вышынскі — так, той самы легендарны лідар польскага Касцёла ў часы камунізму — спачатку маўчаў, а праз тыдзень прамовіў вось так: "Гэтая падзея вельмі цяжкая і складаная, таму пра яе лепш маўчаць".
Паасобныя культурныя дзеячы Польшчы ўсё ж выказваліся супраць уварвання ў Чэхаславакію. Большасць — з эмігранцкага асяроддзя, але некаторыя — з тых, што прабывалі ўнутры краіны.
Можна задаваць пытанні: чаму палякі тады не рушылі шматмільённым маршам на Варшаву, чаму не струшчылі палітбюро кіроўнай партыі, якая ператварыла іх краіну ў краіну-агрэсара, чаму не затрымалі савецкія танкі і свае ўласныя танкі, якія ехалі ў напрамку Чэхаславакіі? (...)
Адказ тут просты. Ва ўмовах дыктатуры ўплыў грамадства на прыняцце палітычных рашэнняў блізкі нулю, а звяржэнне дыктатур не адбываецца адным шчаўчком пальца.
Дзеля чаго я прыводжу паралель? З гэтай паралелі можна зрабіць дваякі ўжытак. Можна ператварыць яе ў падкормку для сваіх, беларускіх, цяперашніх крыўдаў і раненняў (адмова адкрываць банкаўскія рахункі, непрыняцце на працу і пад.).
Што ж, пры жаданні можна выкарыстаць гэтыя паралелі. Кейс жніўня 1968 года можа выбіць грунт з-пад ног любой спробе пакарання беларусаў за дзеянні Лукашэнкі. Больш таго — можа паставіць беларусаў у выйгрышнае становішча. Бо ў 1968 у палякаў не было свайго "батальёна Каліноўскага", за паўтара года да ўварвання не было аналага пратэстаў-2020, не было "рэйкавай вайны", не было таксама гераічных акцый "Не — вайне".
Але я ўсё ж заклікаю — пакуль ідзе вайна — вельмі ашчадна карыстацца гэта паралеллю, не злоўжываць ёю. Аналагічна як эканамічныя санкцыі супраць Пуціна і Лукашэнкі, на жаль, закранаюць расіян і беларусаў, якія рашуча супраць гэтых рэжымаў, так і псіхалагічны прэсінг на агрэсараў можа закранаць невінаватых людзей. Але ў цяперашняй сітуацыі санкцыі і псіхалагічны прэсінг патрэбныя.
Пакуль Украіна, а поплеч з ёй і беларускі батальён, змагаецца з агрэсарам, варта рабіць "зніжку" на магчымыя крыўды і дыскрымінацыю. Калі дыскрымінацыя дробная, нелёсавызначальная — можна проста махнуць на яе рукой і ісці далей. Калі яна сур'ёзная, патэнцыйна паралізуе далейшае функцыянаванне — што ж, рэагаваць трэба. Але роўна столькі, колькі патрэбна для пераадолення праблемы.
Другі — лепшы — ужытак, які можам зрабіць з гэтай паралелі, — больш аптымістычны і будучыня-арыентаваны. Колькі чэхаў/славакаў сёння памятае пра тую "здраду" палякаў з 1968 года? Ці замінае той прыкры момант сёння выбудоўваць міжчалавечыя, міждзяржаўныя, бізнесовыя зносіны? Наколькі складана чэхам/славакам адрозніць тагачасных палякаў ад польскага аўтарытарнага рэжыму?.. А Польшчу ад СССР?Дык вось — хай гэта паралель перадусім здыме страх беларусаў перад будучыняй. Бо многія факты дыскрымінацыі страшныя не як адзінкавыя выпадкі, а як злавешчы намёк, што "кляймо назаўсёды". Нічога падобнага. Памагайма Украіне, хто як можа, і ніякага кляйма не будзе.
Істотна ва ўсім гэтым наступнае — ці грамадствы свабодныя, ці не. Свабодныя грамадствы здолеюць пераасэнсаваць мінулае і выбудоўваць нармальныя адносіны. Але важна — менавіта — каб яны былі свабоднымі. Каб дыктатары не маніпулявалі нашым мінулым, а каб мы самі, у нармальных чалавечых сітуацыях, асэнсоўвалі сваё мінулае, распазнавалі магчымыя памылкі і выбудоўвалі будучыя адносіны гарызантальна.
Вось чаму найважней зараз, каб Украіна стала свабоднай. Гэта прыспешыць вызваленне Беларусі. Ва ўмовах свабоды мы абавязкова паразумеемся — з-за гэтага не трэба перажываць.