Побач з будучай АЭС адкрыюць ласасёвы цэнтр

Першы ў Беларусі інфацэнтр па захаванні рыбы адкрые арганізацыя, якая ахоўвае птушак.

fish_660x439.jpg


Інфацэнтр — невялікая інтэрактыўная выстава, дзе можна даведацца аб няпростым лёсе ласасёвых рыб: сёмзе, кумжы і ручаёвай фарэлі, — адкрыецца напрыканцы студзеня ў Варнянах на Астравеччыне дзякуючы намаганням «Аховы птушак Бацькаўшчыны».

«Мала хто ведае, але некалькі дзясяткаў ласосяў кожны год прыплываюць з Балтыйскага мора ў невялікія рэкі Гарадзенскай вобласці на нераст. — кажа каардынатар праекту па стварэнні цэнтру Максім Нямчынаў з «АПБ». — Рыбіны плывуць з мора ўверх па Вяллі каля 600 кіламетраў, каб адкласці ікру там, дзе нарадзіліся самі. Ікра «зімуе» у чыстай вадзе мясцовых ручаёў і рэк, дзе вясной з’яўляюцца маляўкі, якія ізноў сыходзіць у Балтыйскае мора. Каб праз некалькі гадоў ізноў вярнуцца позняй восенню на нераст».

Нераст ласося прыпадае на кастрычнік—снежань. І ў гэты час рыбу чакае мноства небяспек: перашкаджаюць плаціны бабра, падцікоўвае выдра.

Паводле «АПБ», аднак, самая вялікая небяспека — чалавек.

«Фермы робяць рэчкі мёртвымі, браканьеры не раз прарэджваюць нешматлікую папуляцыю. Усе гэтыя гатункі ўключаныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, і іх здабыча можа абярнуцца вялікім штрафам», — папярэджвае Нямчынаў.

Хаця б у частковым вырашэнні праблемаў, паводле задумы «АПБ», і павінен дапамагчы новы цэнтр.

«Мы адкрываем ласасёвы цэнтр, каб распавесці людзям — у першую чаргу мясцовым жыхарам — пра гэтую ўнікальную рыбу і пра тое, як важна захаваць яе. Гаворка ідзе ўсяго пра некалькіх дзясятках рыбінаў, — цытуе Нямчынава «Інтэрфакс». — Яны могуць цалкам знікнуць у Беларусі, калі ім не дапамагчы!».

Інфацэнтр будзе створаны ў Варнянскай сярэдняй школе, дзе цягам гадзіннай экскурсіі чалавек з любым узроўнем ведаў зможа даведацца пра ласасёвых шмат новага.

Паводле Нямчынава, цэнтр будзе гатовы прыняць і замежных турыстаў: стэнды будуць не толькі на беларускай і расейскай, але і на ангельскай мове.


belsat.eu