Польскі і ізраільскі амбасадары ўзгадалі пра Варшаўскае гета
Адмысловая канферэнцыя з ўдзелам журналістаў, навукоўцаў і вязьняў гета была арганізавана польскай і ізраільскай амбасадамі ў Рэспубліцы Беларусь. Яна прайшла 26 красавіка ў канферэнц-зале амбасады Рэспублікі Польшча.
![flag_pins_poland_israel.jpg flag_pins_poland_israel.jpg](/img/v1/news/full/flag_pins_poland_israel.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сумнай нагодай для канферэнцыі стала 70-годдзе Паўстання ў Варшаўскім гета. Прысутных віталі амбасадары Лешак Шарэпка і Іосіф Шагал, а таксама прадстаўнік беларускага Міністэрства замежных спраў Віктар Чарнякевіч.
З грунтоўным дакладам “Паўстанне ў Варшаўскім гета. Гісторыя і праблематыка” выступіў польскі гісторык, доктар Марцін Урыновіч. З дапамогай скайпа на сувязь з
Іерусаліма выйшаў кандыдат палітычных навук Вітольд Медзікоўскі.
”Падумаць толькі, колькі выбітных людзей не нарадзілася — музыкаў, вучоных; дактароў — з-за таго, што былі знішчаныя тыя 6 мільёнаў яўрэяў! — адзначыў амбасадар Ізраіля Іосіф Шагал. — Колькі страцілі тыя краіны, грамадзянамі якіх былі тыя яўрэі! Колькі страціла Польшча… Бо Халакост гэта не трагедыя Ізраіля… Калі знішчалі тых яўрэяў, Ізраіля яшчэ не было. Халакост — гэта трагедыя ўсіх тых еўрапейскіх краін, грамадзян якіх яўрэйскага паходжання знішчылі”.
Таксама са словамі падзякі і вечнай памяці выступілі былыя вязьні яўрэйскіх гета, якія жывуць ў Беларусі. І наогул словы “Трэба памятаць!” былі лейтматывам ўсёй канферэнцыі. Сапраўды, толькі пакуль жывая памяць пра тыя падзеі, можна хаця б крыху спадзявацца, што такое злачынства не паўторыцца, — падкрэслівалі амаль усе выступоўцы канферэнцыі. А пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал адзначыў яшчэ, што паўстанцы Варшаўскага гета абаранялі не столькі ўласнае жыццё, колькі гонар яўрэйскага народа.