Праўду адправілі на Акрэсціна

Адразу ў розных рэгіёнах Беларусі 18 і 19 мая адбыліся затрыманні актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», а таксама вобшукі ў офісах гэтай кампаніі і ў кватэрах яе ўдзельнікаў. Лідэр кампаніі паэт Уладзімір Някляеў, а таксама галоўны рэдактар недзяржаўнай газеты «Товарищ» Сяргей Вазняк і актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Дзмітрыеў былі змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

Як гэта адбывалася



234833147b97bb6aed53a8f4f1c7a7d8.jpg

Адразу ў розных рэгіёнах Беларусі 18 і 19 мая адбыліся затрыманні актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», а таксама вобшукі ў офісах гэтай кампаніі і ў кватэрах яе ўдзельнікаў. Лідэр кампаніі паэт Уладзімір Някляеў, а таксама галоўны рэдактар недзяржаўнай газеты «Товарищ» Сяргей Вазняк і актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Дзмітрыеў былі змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
Як гэта адбывалася
Першыя звесткі пра ператрусы з’явіліся прыкладна а 13-й гадзіне ў мінулы аўторак — у галаўным офісе кампаніі «Гавары праўду» на праспекце Машэрава ў Мінску з’явіліся асобы ў цывільным, якія затрымалі практычна ўсіх, хто там знаходзіўся, забаранілі актывістам пакідаць памяшканне і праз некаторы час адвезлі людзей у Ленінскі РУУС сталіцы.
Некалькі гадзін ніхто не разумеў, на якіх падставах прадстаўнікі спецслужб затрымлівалі людзей, а таксама праводзілі ператрусы як у офісах, так і ў кватэрах грамадскіх актывістаў (да гэтага часу ўжо стала вядома, што аналагічныя мінскім падзеі адбываюцца і шмат у якіх іншых гарадах Беларусі — Гомелі, Брэсце, Гродна, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Ваўкавыску, Салігорску, Бялынічах і гэтак далей) і адымалі кампутары, аргтэхніку, сродкі сувязі, носьбіты інфармацыі, дакументацыю і нават грошы.
18 мая пад шматгадзінную працэдуру вобшукаў з «канфіскацыяй» і допытаў падпалі вядомы журналіст Аляксандр Фядута і галоўны рэдактар газеты «Товарищ», сябра Рады ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Сяргей Вазняк, кіраўнік Аксіяметрычнай лабараторыі «НовАК» прафесар Андрэй Вардамацкі, сябра БАЖ Аляксандр Уліцёнак, каардынатар кампаніі «Гавары праўду» па Фрунзенскім раёне Мінску Юрась Фабішэўскі, актывісты АГП Аляксандра Васілевіч, Віталь Гуляка і Зміцер Бандарчук, іншыя людзі, якія хоць неяк спрычыніліся да гэтай кампаніі.
Што інкрымінуюць
Варта адзначыць, што толькі ў Ленінскім РУУС людзям паведамілі, што яны праходзяць сведкамі па крымінальнай справе, распачатай паводле часткі 1 артыкула 250 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (распаўсюджванне ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі).
Вобшук і апісанне маёмасці ў галаўным офісе кампаніі «Гавары праўду» працягваўся да самага вечара. Практычна ўвесь дзень ні журналісты, ні грамадскія актывісты нічога не маглі даведацца пра месцазнаходжанне лідэра кампаніі Уладзіміра Някляева. Пазней высветлілася, што ў яго дома таксама адбыўся ператрус, самога ж паэта прывезлі ў Ленінскі РУУС толькі позна ўвечары, дзе і пакінулі на ўсю ноч. Допыт Някляева пачаўся толькі аб 11-й гадзіне наступнага дня.
 Сяргей Вазняк і Андрэй Дзмітрыеў, якіх, як пазней і Някляева, абвесцілі падазраванымі па згаданай вышэй крымінальнай справе, яшчэ ўвечары былі дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання ў сталічным завулку Акрэсціна.
У Гомелі апоўдні ў аўторак міліцыянты і людзі ў цывільным прыйшлі да былога дэпутата Вярхоўнага Савета СССР Юрыя Варонежцава. Пэўны час Варонежцаў не адчыняў, але з дапамогай спецназу спецслужбоўцы ўсё ж трапілі ў кватэру вядомага грамадскага дзеяча, які ў тэлефоннай гутарцы з калегамі выказаў меркаванне, што ўварванне ў кватэру звязана з яго ўдзелам у кампаніі «Гавары праўду».
Падчас пяцігадзіннага вобшуку ў Варонежцава міліцыянты забралі тры ноўтбукі, адзін з якіх належыць дзесяцігадовай дачцэ, кампутар яго сына, відэакамеру, мабільныя тэлефоны, дыскі, касеты, флэшкі, кнігі і грошы ў памеры ад 5 да 7 тысяч долараў. «Большая частка грошай належала жонцы. Нават не ведаем, на што жыць», — адзначыў Юры Варонежцаў у інтэрв’ю БелаПАН.
Ператрус ладзілі супрацоўнікі УУС Гомельскага аблвыканкаму «паводле пастановы аб правядзенні вобшуку ў межах крымінальнай справы». Пастанову падпісаў старшы следчы следчага аддзелу Ленінскага РУУС Мінску спадар Юхневіч і пракурор Ленінскага раёна сталіцы спадар Украінец. Дарэчы, абуральныя моманты падчас правядзення ператрусаў былі яшчэ ў іншых месцах, да іх мы яшчэ вернемся.
Прэс-канферэнцыя
На наступны дзень актывісты кампаніі «Гавары праўду», якія прайшлі праз ператрусы, канфіскацыі і допыты, правялі тэрміновую прэс-канферэнцыю ў сядзібе Партыі БНФ, дзе ледзь хапіла месцаў усім жадаючым паслухаць расповеды непасрэдных удзельнікаў падзей.
«Працуючы ад самага пачатку стварэння незалежнага друку ў Беларусі, я як журналіст упершыню за ўсе гэтыя гады стаў сведкам такой маштабнай, аднамомантавай і ўразлівай акцыі па скасаванні працы арганізацыі, якая, па сутнасці, дзейнічае ўсяго адзін квартал», — сказаў Аляксандр Уліцёнак.
«Учора адбывалася паказальная акцыя, якую можна назваць «пагром грамадзянскіх актывістаў», — заявіў Аляксандр Фядута. — Чаму было зроблена менавіта так, менавіта паказальна, адначасова? Нават следчыя, якія прыязджалі ў кватэры нашых актывістаў, не разумелі, што шукаць, апроч носьбітаў інфармацыі, не маглі адказаць ні на якія пытанні. На мой погляд, гэта звязана з тым, чым займаліся і займаюцца актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Яны не займаліся палітыкай у тым сэнсе, у якім мы прызвычаіліся ўспрымаць гэтае слова. Яны займаліся выказваннем сваёй грамадзянскай пазіцыі ў адносінах да шэрагу пытанняў, наконт якіх кожны грамадзянін Беларусі мае законнае права выказацца.
Па-першае, гэта якасць працы беларускай улады, па-другое, актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» пачалі выпраўляць несправядлівасць, якую ўлада дапусціла ў адносінах да мажліва аднаго з найвялікшых сыноў Беларусі — нашага вялікага пісьменніка і грамадзяніна Васіля Уладзіміравіча Быкава… На працягу толькі дзевяці дзён у Мінску было сабрана больш за 10 тысяч подпісаў пад зваротам да ўладаў перайменаваць адну з вуліц сталіцы ў вуліцу Васіля Быкава. За гэты ж час у Гродна значна меншымі сіламі пад падобным зваротам было сабрана больш за 900 подпісаў… Дасягнутыя тэмпы збору подпісаў былі найвялікшыя за ўсе петыцыйныя кампаніі, якія вяла грамадзянская супольнасць і прадстаўнікі беларускай апазіцыі пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі».
Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Мікалай Пахабаў прывёў некалькі абуральных прыкладаў таго, як парушалася заканадаўства падчас ператрусаў. «У Бабруйску актывісткі кампаніі Алены Мядзведзевай не было дома, дзверы адчыніла яе ўнучка. Уварваліся прадстаўнікі спецслужбаў і праводзілі вобшук, ламалі шафы наўпрост пры няпоўнагадовым дзіцяці. Выклікалі ўрача-псіхолага, каб тая прысутнічала пры ператрусе. Забіралі ўсё, нават хацелі забраць залатыя пярсцёнкі, але дзяўчынка кінулася да іх і казала: калі вы возьмеце гэтыя пярсцёнкі, якія падарыў тата, я заб’ю вас, — распавёў Мікалай Пахабаў. — Яшчэ адзін прыклад. Яўген Пугач, Смалявічы. Спецслужбы прымусілі прадстаўнікоў пазаведамаснай аховы адчыніць дзверы ў кватэру, увайшлі ў кватэру, дзе нікога не было, забралі ўсю аргтэхніку, зноў зачынілі дзверы і з’ехалі. Гэта папросту дзікунства!»
Эксперта кампаніі «Гавары праўду» Святлану Навумаву таксама дапытвалі 18 мая, а ў яе кватэры адбыўся вобшук. «Гэты палітычны пагром ёсць не што іншае, як даволі высокая адзнака дзейнасці кампаніі, таму што такой масіраванай акцыі запалохвання і гвалту сапраўды даўно не было. Гэта насамрэч стала адказам на нашу петыцыйную кампанію аб перайменаванні вуліц, бо яна пераўтварылася ў сапраўды народнае галасаванне, бо подпісы ставілі самыя розныя людзі, якія належаць да розных палітычных партый, прытрымліваюцца розных палітычных поглядаў. Магчыма, гэта тое самае адзінства, пра якое мы так шмат кажам у апошні час. Мы, праўда, часцей пераважаем казаць пра адзінага, але трэба казаць пра адзінства, і сённяшні прыклад паказвае, што калі мы не будзем адзіныя, то нас усіх пераб’юць паасобку», — адзначыла Святлана Навумава.
У ізалятары

Падчас прэс-канферэнцыі кіраўнік Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін атрымаў інфармацыю пра Сяргея Вазняка і ўмовы яго ўтрымання ў следчым ізалятары на Акрэсціна. Па словах Калякіна, калі сваякі Вазняка праз гучную сувязь звярнуліся да супрацоўніка ізалятара часовага ўтрымання з просьбай прыняць для вязня перадачу, паследаваў адказ: «Вазняк — бандыт, ён у кайданках і яму нічога не паложана…»
«Ужо без суда і следства яны вызначылі, як абыходзіцца з гэтымі людзьмі! — абураўся Калякін. — Праўда, потым яны прынялі рэчы, але ўвага да тых людзей, якія сёння знаходзяцца ў беларускіх умовах утрымання, і тое свавольства, якое робіцца ў дачыненні да іх, мусіць зрабіцца клопатам усіх — і праваабаронцаў, і журналістаў, і палітыкаў, і кіраўнікоў грамадзянскіх ініцыятыў».
Як адзначыў Аляксандр Фядута, зараз ідзе спроба шантажу беларускай уладай заходняй супольнасці. «Маўляў, альбо вы робіцеся легітыматарам, альбо тут будзе не рэпрэсіўна-таталітарная дзяржава, а сапраўды дыктатура. Я думаю, што гэта вельмі няўдалы шантаж, і Захад другі раз размаўляць у тых тонах, у якіх размаўляў у той час, калі ў турме сядзеў Аляксандр Казулін, не будзе, Захад больш не будзе такім мяккім… Адначасова Лукашэнка паспрабаваў шантажаваць і Расію, маўляў, вось мы возьмем усю апазіцыю і пакажам яе сувязі з Расіяй. Нічога паказаць немагчыма, таму што сувязей з Расіяй няма, але гэта таксама сведчыць пра тое, што і з усходняга боку рэжым адчувае небяспеку. І зараз тое, што робіць Аляксандр Лукашэнка, дэманструе нават не Захаду, нават не грамадзянскай супольнасці Беларусі, а дэманструе дзяржаўнаму апарату, апарату беларускіх праваахоўных органаў, таму ж рэпрэсіўнаму апарату, наколькі ён не ўпэўнены ў тым, што будзе заўтра. Акцыя, якая адбылася 18 мая, для Лукашэнкі мае значна горшыя наступствы, чым сустрэча з Курманбекам Бакіевым у Мінску», — падкрэсліў Аляксандр Фядута.