Пра тэлефонныя званкі з фронту: Нічога страшней я ў сваім жыцці не чуў

Я ніколі не зразумею мабільныя тэлефоны на вайне. Думка пра тое, што можна патэлефанаваць чалавеку ў акоп ці пад абстрэл, прыводзіць мяне ў жах.



babczanka.jpg

Аркадзь Бабчанка
«Здароў! Ну як там у вас? Вайна? Кантузіла? Але ты яшчэ жывы? Ну, слава богу. Што? Бой цяпер? Пашку / Федзьку / Міцьку нагу адарвала? Не можаш больш гаварыць, танкі наступаюць? Ну, трымайцеся там. Напішу зараз пра гэта ў «Фэйсбук».
Я не ў стане ўсвядоміць гэта.
З паўгода таму мы з Пашам Бардзіным сядзелі ў маскоўскай студыі «Шустэр-Лайв» і слухалі, як Савік Шустэр па тэлефоне ў прамым эфіры размаўляў з чалавекам у Ілавайскім катле. Чалавек гэты гаварыў, што ў іх семнаццаць, здаецца, загінулых, што яны схаваліся ў нейкім гаражы і тут іх заціснулі ужо канчаткова і паставілі ультыматум да сёмай раніцы. Так што ў сем раніцы іх ужо не будзе.
Мы сядзелі, слухалі гэтую размову, і ў труннай цішыні было чуваць, як поўсць у нас на карку лезе дыбам. Нічога страшней я ў сваім жыцці не чуў.
Жаданне атрымліваць інфармацыю — гэта сігналізаванне аб сваёй гатоўнасці распачаць нейкія дзеянні адпаведна з атрыманай інфармацыяй. Ведаць і не рабіць — горш, чым не ведаць. Як па мне, пасля такіх эфіраў дзеянне можа быць толькі адно — зброю ў рукі і паехаў туды, даставаць сваіх з катла.
Інакш навошта тады валодаць гэтай інфармацыяй?
Ты ці тут, ці тут. Альбо робіш, альбо не робіш. І тэлефонны званок гэтую дыстанцыю паміж чалавекам у акопе і табой у тыле ніяк не скарачае. Я ніколі не тэлефаную ў якую-небудзь чарговую задніцу, калі не гатовы вось прама зараз, у гэтую ж секунду, сарвацца і паехаць. Я бляднею пры кожным званку адтуль. Я баюся пачуць у трубцы не той голас. Пра тое, хто загінуў, а хто выжыў, я аддаю перавагу даведвацца на месцы, асабіста. Мне здаецца, так правільней.
І я сам адтуль таксама ніколі не тэлефаную дадому. Не месца маёй сям'і там, хай нават і ўсяго толькі з дапамогай голасу. Сям'я гэта ведае і таксама мне не тэлефануе. Сустракацца мы таксама аддаем перавагу асабіста. Жыццё і смерць — занадта гэта сур'ёзна. Не тэлефонная гэта размова. Як па мне, лепш лістамі ў канверце. Менавіта ад рукі, самому. Гэта вайна яшчэ страшная для мяне і з-за такога вось аспекту.
Ніякім чынам не маралізатарствую, барані божа.
Гэта выключна асабістае. Суб'ектыўнае.
Аркадзь Бабчанка, расійскі ваенны журналіст