Праблема, якая нікуды не знікае. Дэпрэсія: досвед мужчын

Псіхічны разлад — самая распаўсюджаная хвароба ў свеце (калі не браць пад увагу рак і сардэчна-сасудзістыя захворванні). Пры гэтым ён застаецца табуяванай тэмай, і таму вельмі нямногія разумеюць, што насамрэч адбываецца з чалавекам. А між тым, разуменне і падтрымка ў літаральным сэнсе могуць выратаваць жыццё.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

«Мне здавалася, што жыццё — камп'ютарная гульня»

Калі Ігнату было 27 гадоў, ён змяніў працу, і на новым месцы часта даводзілася ездзіць у камандзіроўкі і стрэсаваць. У адной з такіх паездак мужчына, паводле яго слощ, трапіў у «дзіўную сітуацыю» і яго збілі. Па прыездзе дадому Ігнату дыягнаставалі пералом сківіцы і чэрапна-мазгавую траўму.

— Быццам нічога асаблівага, усё загаілася хутка, але дзесьці праз месяц я зразумеў, што з маім станам нешта не так, — расказвае суразмоўца «Зеркала». — Пачаў заўважаць за сабой, што знікла матывацыя працаваць, ды і наогул што-небудзь рабіць. Я ўвесь час быў як быццам у тумане, і гэты стан пагаршаўся. Недзе праз месяц у мяне нібыта галюцынацыі з'явіліся. Знаходзячыся дома са сваёй дзяўчынай, я не быў упэўнены, ці была яна побач, пакуль не дакранаўся да яе. Гледзячы ў люстэрка, сябе не пазнаваў, не разумеў, хто гэты чалавек у адлюстраванні, думаў, што дакладна не я. Было страшна і здавалася, што я з'язджаю з глузду. У такім стане я і працягнуў жыць далей, спадзеючыся, што гэта хутка пройдзе.


Глядзіце таксама

У такім стане мужчына пражыў каля года, а потым, падчас летняга адпачынку на моры, сімптомы ў Ігната зніклі зусім. Але, як згадвае мужчына, гэта было ненадоўга. Ужо праз восем месяцаў добрага самаадчування ранейшы стан вярнуўся з новай сілай.

— Усе старыя сімптомы вярнуліся, і адчуванне што я ў нейкім тумане, нашмат узмацнілася. Мне здавалася, што мне ўсё сніцца ці жыццё — кампутарная гульня, у якой я гляджу на персанажа збоку. Стала зноў вельмі страшна, і тая самая дзяўчына, якая да таго моманту стала маёй жонкай, угаварыла схадзіць да псіхатэрапеўта. Першы раз я не звяртаўся да спецыяліста з-за установак накшталт «я сам спраўлюся», «гэта наогул ніяк не звязана з псіхіятрыяй, у мяне была траўма галавы» і ў цэлым боязі пайсці да такога лекара, — прызнаецца Ігнат. — Але другі раз думак, што спраўлюся сам, ужо не было, толькі страх нікуды не сышоў. Памятаю, вельмі перажываў: раптам псіхатэрапеўт скажа, што я і праўда з'ехаў з глузду, што ў мяне шызафрэнія. Але ўсё-ткі надважыўся, таму што тады ж мы даведаліся, што чакаем дзіця.


Дэпрэсія сапраўды можа выяўляцца эпізодамі, якія могуць доўжыцца ад паўгода да некалькіх гадоў, калі пакідаць хваробу без лячэння. Як правіла, схільныя да яе больш маладыя людзі: нярэдка яна развіваецца ў падлеткавым узросце і да 40 гадоў. Сімптомы дэпрэсіі бываюць вельмі рознымі і могуць выяўляцца і раздражняльнасцю, і апатыяй, і дэрэалізацыяй, і яшчэ многімі іншымі праявамі, у залежнасці ад тыпу захворвання.

Пасля пералічаных сімптомаў лекар паставіў Ігнату дыягназ «дэпрэсія» і супакоіў, што той не звар'яцеў і што дэпрэсія можа быць ніяк не звязаная з фізічнай траўмай. Як ужо пазней зразумеў сам мужчына, пасля таго выпадку ў яго жыцці проста стала значна больш стрэсу. Усе гэтыя фактары, на думку лекара, і маглі стаць спускавым кручком для развіцця дэпрэсіі.

— Да гэтага я думаў, што гэта стан, у якім у цябе проста дрэнны настрой і апатыя, але аказалася, дэпрэсія нашмат складаней і страшней. Падумаць не мог, што яна можа суправаджацца такімі сімптомамі, як у мяне, — прызнаецца мужчына. — Падчас таго візіту мне выпісалі антыдэпрэсанты, і лекар адразу папярэдзіў, што лячэнне будзе доўгім, а ў першы месяц прыёму таблетак стан можа пагоршыцца. Я ведаў, што пераставаць прымаць лекі не варта і трэба пачакаць, каб яны падзейнічалі. Так і здарылася. Першыя паляпшэнні я адчуў праз два месяцы, і далей мне станавілася лепш і лепш. Лекара я наведваў раз на месяц, яна кантралявала маё лячэнне.

Вярнуцца да ранейшага, нармальнага стану ў Ігната атрымалася пасля шасцімесячнага курсу антыдэпрэсантаў. Да канца лячэння ў мужчыны нарадзіўся сын, і ён зусім перастаў заўважаць, што з ім нешта не так.

— Прайшло чатыры гады з таго часу, як усё гэта адбылося са мной і я вылечыўся. Пакуль да такога стану не вяртаўся і, спадзяюся, больш не вярнуся, — кажа суразмоўца «Зеркала». — Падчас дэпрэсіі мяне падтрымлівалі жонка, брат і дзядзька. Маме і сябрам спатрэбіўся час, каб зразумець мяне. Спачатку яны гаварылі, што я ўсё сабе напрыдумляў і гэта глупства, але з часам яны змянілі меркаванне, калі ўбачылі, як дэпрэсія на мне адбіваецца.


Глядзіце таксама

А вось на працы калегі не падтрымлівалі Ігната зусім. Нават з часам у яго не атрымалася з імі паразумецца.

— Ім было неяк смешна слухаць пра дэпрэсію, бывала, маглі жартаваць з мяне. Напрыклад, падчас карпаратываў прыяцелі з працы часта настойвалі, каб я выпіваў разам з імі, хоць праз таблеткі я не мог. Тады яны гаварылі, што ніякай дэпрэсіі ў мяне няма, я проста адмазваюся, а як пачну з імі піць, дык і дэпрэсія пройдзе, — кажа Ігнат. — Далёка не ўсе людзі разумеюць, як у гэты час нялёгка.

«Тое, што ў мяне праблемы, было зразумела ўсім, але што менавіта са мной — дыягнаставаць складана»

Яшчэ ў дзяцінстве Кірыл заўважаў за сабой падазроныя скачкі настрою, але яго родныя не звярталі на гэта ўвагі. Любы капрыз падлетка звязвалі з «камп'ютарам» і «сябрамі», але не з псіхічным разладам, да якога якога, як аказалася, ён схільны.

З часам праблемы Кірыла абвастрыліся. Пікам стаў момант, калі яму споўнілася 17 гадоў і ў яго скончыўся першы раман з дзяўчынай.

— «Эмацыйныя арэлі» ў стасунках канчаткова вывелі мяне з ладу, таму мая мама вырашыла адвесці мяне па дапамогу ў дзіцячы псіханеўралагічны дыспансер. Я дрэнна разумеў, што са мной адбываецца, і тады проста плыў па цячэнні. Пры гэтым у мяне быў страх, што паставяць дыягназ, які не дазволіць мне атрымаць правы кіроўцы, але на першай жа сустрэчы лекары паведамілі, што гэта не мой выпадак, — кажа Кірыл. — У дыспансеры мне прапісалі першую тэрапію — антыдэпрэсанты і кантакт з псіхатэрапеўтам. Пасля пяці візітаў здалося, што «мне ўжо нармальна», больш хадзіць не трэба. Я дапіў курс прэпаратаў і на нейкі час забыў пра праблему. Але яна нікуды не знікла, а толькі замаскіравалася.

У перыяд палягчэння Кірыл знайшоў добрую працу ў IT-кампаніі (паралельна з вучобай па той жа спецыяльнасці) і жыў звычайным жыццём. Але стан зноў пачаў пагаршацца. З часам малады чалавек стаў усё больш апускацца ва ўласныя, «вельмі цёмныя», паводле яго слоў, думкі.


Глядзіце таксама

— Гэта прывяло да таго, што брат літаральна прымусіў мяне звярнуцца ў «Навінкі» (гаворка ідзе пра Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя. Заўв. рэд.) і прайсці там кансультацыю. Тое, што ў мяне праблемы, было зразумела ўсім, але што менавіта са мной — ужо не вельмі. Так, відавочна, дэпрэсія, але адкуль яна вынікае? Лекар гэтым разам вырашыў, што ў мяне біпалярны афектыўны разлад ці хаця б цыклатымія, і зноў прапісаў прэпараты. Іх мы мянялі на працягу наступных пяці гадоў кожныя паўгода, — згадвае Кірыл. — Большая іх частка проста не працавала, а многія рабілі горш. Да цяжкіх праяваў майго няважнага псіхалагічнага стану дадалася хранічная стомленасць.


Цыклатымія — гэта разлад, пры якім чалавек перажывае кароткія эпізоды захаплення (гіпаманію), якія чаргуюцца з такімі ж кароткімі эпізодамі дэпрэсіі. У людзей з біпалярным разладам сімптомы падобныя, але эпізоды больш цяжкія і доўгія.

Як згадвае Кірыл, яго дэпрэсіўныя эпізоды часта праходзілі разам з поўнай пагардай да небяспекі і маральных прынцыпаў. У такія моманты ён пачынаў шукаць суцяшэнне ў алкаголі і забароненых рэчывах, а яго адносіны з навакольнымі рэзка пагаршаліся. Цяжкасці з падтрымліваннем зносін таксама лічацца адным з сімптомаў дэпрэсіі.

— Праца стала мяняцца кожныя паўгода-год — праз тое, што я з кімсьці нешта мог не падзяліць і нагаварыць вагон глупстваў. Карпаратывы, дзе быў алкаголь, заўсёды заканчваліся дрэнна — напрыклад, бойкай, пра што я цяпер шкадую. Да 28 гадоў у мяне засталася толькі жменька людзей, з якімі я яшчэ мог кантактаваць, а яны — са мной. Акрамя іншага, развілася нешта накшталт параноі, якая правакавала панічныя атакі. Яна абвастрылася зімой 2021 года, калі пачаліся рэпрэсіі.

На пачатку 2022 года Кірыл вырашыў з'ехаць з Беларусі і пачаў загадзя шукаць спосабы перажыць стрэс для псіхікі, якога ў гэтым выпадку не пазбегнуць. Ён апошні раз звярнуўся да псіхіятра ў прыватнай клініцы Мінска і вырашыў шчыра адкрыцца яму цалкам. Пасля прыёму лекар выпісаў мужчыну новы антыдэпрэсант, і гэтыя таблеткі нарэшце сталі яму дапамагаць.

— Пасля пачатку прыёму гэтага прэпарата жыццё проста змянілася. Я ўсё той жа чалавек, але свая лепшая версія. Больш ніякіх «эмацыйных арэляў», няма дрэнных думак у галаве, я ўвесь час хачу працаваць і ўстаю кожны дзень зараджаным толькі на поспех. Працоўныя адносіны сталі цёплымі, і цяпер мае экс-калегі, па большай частцы, гэта мае новыя сябры. Не ведаю, куды б завяло мяне жыццё, калі б мне не выпісалі той антыдэпрэсант, — прызнаецца Кірыл.


Глядзіце таксама

Пры гэтым суразмоўца «Зеркала» не ўпэўнены, што яго праблема цалкам знікла. Але, паводле яго слоў, прэпарат «вельмі добра кантралюе эмоцыі» вось ужо два гады.

— Я працягваю лячэнне і, верагодна, буду прымаць таблеткі да канца жыцця, але гэта добры размен за тое, што я буду заставацца «нармальным» чалавекам, — лічыць беларус. — Ніколі не адчуваў якога-небудзь сораму праз свой стан, я заўсёды лічыў, што гэта толькі хвароба.

Ад іншых людзей Кірыл не чуў асуджэння за свае паводзіны ў цяжкія моманты. Але ўдакладняе: прынамсі, у адкрытую. Затое жарты з яго стану праскоквалі нават у блізкіх.

— Гэта бывалі і мае сябры, і калегі, і часам сваякі. Я далёка не ўсім расказваў у дэталях пра маю сітуацыю, так што чуў іх, скажам так, меркаванне збоку. Не асабліва крыўдую на такое, таму што ведаю: калі б яны ведалі, то гаварылі б па-іншаму, — кажа суразмоўца.

Калі вы адчуваеце, што аказаліся ў падобнай цяжкай сітуацыі і маеце патрэбу ў экстранай псіхалагічнай дапамозе, то ў Беларусі працуюць тэлефоны даверу.

  • Рэспубліканская тэлефонная «гарачая лінія» па аказанні псіхалагічнай дапамогі непаўнагадовым, якія трапілі ў крызісную сітуацыю, — 8 801 100-16-11 (працуе кругласутачна і бясплатна, калі патэлефанаваць з гарадскіх тэлефонаў).
  • Кругласутачная служба экстранай псіхалагічнай дапамогі «Тэлефон даверу» — 8 029 899-04-01 (сюды таксама можна звяртацца праз мэсэнджары Telegram, Viber і WhatsApp).
  • На сайце Мінскага абласнога клінічнага цэнтра «Псіхіятрыя-наркалогія» ёсць форма, каб задаць сваё пытанне ў пісьмовым выглядзе.