«Прадаўся Лукашэнку за дранікі». Расійцы вандруюць па Беларусі — і сёлета іх было больш за 5 мільёнаў

Беларусь стала прывабнай турыстычнай кропкай на мапе ў расійцаў — праз блізкасць да Еўропы і адносную таннасць вандровак. Наша краіна настолькі прывабная для «старэйшых братоў», што сёлета ў нас пабывала больш за пяць мільёнаў расійскіх турыстаў.

Мурал «Мінск-Масква» ў цэнтры Мінска. Ілюстрацыйнае фота: realt.onliner.by

Мурал «Мінск-Масква» ў цэнтры Мінска. Ілюстрацыйнае фота: realt.onliner.by

У расійцаў з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну з'явіўся новы кірунак для падарожжаў — Беларусь. Попыт на паездкі ў нашу краіну вырас амаль на 70% — сюды цяпер актыўна падарожнічаюць расійскія зоркі і блогеры, якія расказваюць, што ім у нас спадабалася і чаго няма ў Расіі.

Тое, што Беларусь трапіла ў тройку найбольш папулярных кірункаў для расійскіх падарожнікаў, пацвярджаюць прадстаўнікі турыстычнай індустрыі, піша тэлеканал «Настоящее время». Паводле статыстыкі сэрвісу «OneTwoTrip», вялікім попытам у расійцаў карыстаюцца толькі Турцыя і Італія. У Беларускім рэспубліканскім саюзе турарганізацый паведамляюць, што за 2023 год толькі арганізаваных турыстаў з Расіі да нас прыехала больш за 400 тысяч. Агульная ж колькасць — у шмат разоў большая.

«У сувязі з тым, што ў нас адсутнічаюць вось гэтыя ўсе памежныя бар'еры, паводле звестак Белстата, нашу краіну прыкладна наведала летась больш за пяць мільёнаў расійскіх турыстаў, — сцвярджае намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык. — Не толькі абласныя цэнтры, але і такія нашы гарады, як Полацк, Пінск, любыя гарады рэгіянальнага значэння. Гэта Белавежская пушча, рэгіён Паазер'е».


Глядзіце таксама

Паводле звестак «Расійскай газеты», попыт на падарожжы ў Беларусь у расійцаў гэтым летам вырас амаль на 70%. А гатэлі і апартаменты грамадзяне Расіі браніруюць на тры чвэрці больш, чым у мінулым годзе.

У пераліку, складзеным паводле звестак сэрвісу «OneTwoTrip», Беларусь апярэджвае як новы папулярны ў расійцаў кірунак — Кітай, так і традыцыйных фаварытаў — Грузію і Арменію. Прадстаўнікі расійскай туріндустрыі не хаваюць таго, што Беларусь цяпер — шмат у чым магчымасць дакрануцца да Еўропы, паездкі ў якую сталі для многіх не па кішэні.

«Хто засумаваў па Заходняй Еўропе, едзьце ў Беларусь, бярыце экскурсію з Мінска — і вы апынецеся і ў замках, і ў экалагічных запаведніках, сустрэнецеся з тым, з чым былі мала знаёмыя, — гаворыць прадстаўнік Расійскага саюза туріндустрыі Юрый Барзыкін. — Прычым па кошце гэта вельмі ашчадна: тры тысячы на "Ластаўцы" з Беларускага вакзала да Мінска. Цэны на сам тур і на культурна-пазнавальныя праграмы параўнальныя з нашымі».

Папулярная Беларусь і ў рускамоўных YouTube-блогераў. Платформа, нягледзячы на блакіроўкі расійскіх уладаў, для многіх у краіне па-ранейшаму даступная. Дадатковая прывабнасць кірунку ствараецца і там.

«Дранікі, калдуны, сальцісоны і, вядома ж, сала. Я прыехаў у цудоўную Беларусь!» — расказвае на сваім Youtube-канале адзін з блогераў.

«Напэўна, хтосьці ў каментарах напіша: "Прадаўся Лукашэнку за дранікі". Але гэта не адмяняе таго факту, што мне спадабалася», — гаворыць іншы.

У лістападзе 2023 года Расія і Беларусь падпісалі пагадненне па супрацоўніцтве ў сферы турызму. Паводле яго прадугледжана развіццё транспартнай сістэмы паміж дзвюма дзяржавамі, а таксама распрацоўка сумесных турыстычных маршрутаў.


Глядзіце таксама

Паводле звестак Белстата, на піку ўязнога арганізаванага турызму ў Беларусь у 2019 годзе доля расійскіх турыстаў і экскурсантаў была каля 54%, а ў 2023 годзе яна вырасла да 96%. Выходзіць, толькі 4 з 100 гасцей Беларусь у мінулым годзе былі не з Расіі.

Падладжваючыся пад расійскага турыста, улады прыбралі з вуліц беларускіх гарадоў беларускую лацінку, замяніўшы яе на рускую мову: цяпер усе таблічкі і паказальнікі вуліц і прыпынкаў маюць беларускую версію і рускі пераклад.

Аднак арыентацыя толькі на расійскага турыста ў доўгатэрміновай перспектыве не прынясе беларускай туріндустрыі ні грошай, ні развіцця. Без заходніх гасцей будзе станавіцца ўсё менш жадаючых дакрануцца да савецкай спадчыны, што пануе ў нашай краіне, а заможны расійскі турыст знойдзе спосабы адпачыць у ЕС, на Блізкім Усходзе або ў Азіі.

Раней, пасля сыходу з Расіі шматлікіх міжнародных брэндаў Беларусь магла прапанаваць расійцам паездкі выхаднога дня і шопінг-туры, якія былі папулярнымі асабліва сярод уладальнікаў плацежных карт сістэмы «Мір» — так, напрыклад, летам 2022 года ў некаторых аператараў доля такіх тураў складала 10-15% ад усіх прапаноў па Беларусі. А ў некаторых расійскіх аператараў, напрыклад, «FUN & SUN» і «PAC Group Сіці», шоп-туры ў Мінск замаўлялі 45-50% кліентаў, якія выбіралі беларускі кірунак. 

Але цяпер расійскія турфірмы больш не прапаноўваюць кліентам паездкі ў Беларусь па адзенне замежных брэндаў, а таксама для афармлення картак айчынных банкаў — попыт на іх рэзка скараціўся. Расійцы шукаюць знаёмыя брэнды адзення, якія сышлі з іх краіны праз санкцыі і вайну, у асноўным у Дубаі, а таксама ў Стамбуле і наогул ва ўсёй Турцыі, а па банкаўскія карткі едуць самастойна і ў асноўным у Казахстан, бо там іх можна аформіць без пасярэднікаў.