Праект «Events for Future»: вынікі даследавання «Устойлівая арганізацыя мерапрыемстваў у Беларусі»
Тэма ўстойлівасці становіцца ўсё больш важнай у сферы менеджменту мерапрыемстваў.
![7_156.png 7_156.png](/img/v1/images/7_156.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
IBB Minsk сумесна з Цэнтрам экалагічных рашэнняў у межах праекта «Events for Future» правёў апытанне на тэму ўстойлівай арганізацыі мерапрыемстваў у Беларусі. У ім прынялі ўдзел 114 рэспандэнтаў. Сярод іх — арганізатары, удзельнікі і пастаўшчыкі паслуг для мерапрыемстваў з розных сфер дзейнасці.
Мэтай даследавання было
прыцягненне ўвагі стэйкхолдараў да паняцця ўстойлівасці і важнасці ўстойлівага кіравання
мерапрыемствамі, выяўленне адрозненняў паміж рознымі групамі зацікаўленых асоб,
вызначэнне праблем і бар’ераў для ўстойлівай арганізацыі мерапрыемстваў у
Беларусі, а таксама раскрыццё адпаведнага патэнцыялу ў гэтай сферы.
У межах даследвання былі
разгледжаны наступныя пытанні:
· Што розныя зацікаўленыя бакі разумеюць пад паняццем «мерапрыемства, арганізаванае на прынцыпах устойлівасці»?
· Якое значэнне маюць экалагічныя, сацыяльныя і эканамічныя аспекты для ўстойлівасці мерапрыемстваў?
· Якія характарыстыкі ўстойлівага мерапрыемства асабліва важныя для розных зацікаўленых бакоў?
· Дасягненню якіх ЦУР могуць у асаблівай ступені спрыяць устойлівыя мерапрыемствы?
· Якія праблемы / бар’еры існуюць для ўстойлівай арганізацыі мерапрыемстваў у Беларусі?
· Як розныя зацікаўленыя бакі разглядаюць важнасць уліку аспектаў устойлівага развіцця пры арганізацыі мерапрыемстваў у будучыні?
· Які ўплыў пандэмія COVID-19 аказвае на ўстойлівую арганізацыю мерапрыемстваў?
Па выніках апытання
бачна, што сярод рэспандэнтаў назіраецца высокі ўзровень інтарэсу да тэмы
ўстойлівага развіцця. Але варта адзначыць, што гэта не характарызуе сітуацыю ў
Беларусі ў цэлым.
Шмат удзельнікаў
апытання ўжо ўлічваюць аспекты ўстойлівасці пры арганізацыі мерапрыемстваў.
Часцей за ўсё гэта выкарыстанне
грамадскага транспарту замест асабістага; адмаўленне ад аднаразовага посуду і вады ў пластыкавых
бутэльках; улік асаблівасцей і пераваг удзельнікаў у харчаванні; паасобны збор
смецця; адмаўленне ад друкаваных матэрыялаў; простыя меры інклюзіі і г. д. Менш
распаўсюджаныя такія моманты, як выбар памяшкання для правядзення
мерапрыемства, зыходзячы з мэтавай аўдыторыі і колькасці чалавек, альбо
выкарыстанне інклюзіўнай мовы.
З поўным тэкстам
даследавання вы можаце азнаёміцца тут.
Для тых, хто хоча больш
даведацца пра ўстойлівае кіраванне мерапрыемствамі і зрабіць свой унёсак ва
ўстойлівае развіццё, працуе бясплатная адукацыйная платформа ibb-edu.org.
Праект «Events for Future» рэалізуецца IBB Minsk сумесна з Цэнтрам экалагічных рашэнняў пры падтрымцы
Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра.