«Праўда пра Курапаты» у Коласаўскім ліцэі
Навучэнцы і выкладчыкі Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба
Коласа пазнаёміліся з дакументальна-мастацкай выставай «Праўда пра Курапаты.
Факты, дакументы, сведчанні».
Цягам пяці дзён выстава экспанавалася ў сценах навучальнай установы, дзе атрымліваюць сучасныя гуманітарныя веды нашчадкі тых свядомых беларусаў, для каго найвялікшымі каштоўнасцямі з’яўляюцца гістарычная памяць, беларуская мова і людская салідарнасць.
Вось чаму для арганізатараў выставы, якая з кастрычніка па снежань
наведала Гродна, Вілейку і Маладзечна, сустрэча ў Коласаўскім ліцэі была
найбольш уражальнай.
Нездарма актывісты грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону
Курапатаў”, якія стваралі выставу і ўдзельнічалі ў яе адкрыцці, назвалі
ліцэістаў “самымі ўдзячнымі наведнікамі” экспазіцыі.
Сама атмасфера адкрыцця сведчыла пра ўдзячнасць ліцэістаў, бо ў іхных вачах, маўчанні і словах адлюстроўваліся пільнасць, разуменне і еднасць з арганізатарамі выставы ў трактоўцы трагедыі ў Курапатах і яе наступстваў для Бацькаўшчыны. Трэба мець на ўвазе, што гісторыі чырвонага тэрору надаецца шмат увагі як у праграме навучальнага працэсу, так і пазакласным выхаванні ліцэістаў. Так, у мінулым годзе навучэнцы Коласаўскага ліцэю здзейснілі адмысловую экскурсію ў Нацыянальны некропаль для знаёмства з вынікамі даследавання грамадскасці па гістарычнай тапаграфіі Курапатаў.
Сярод тых, хто вітаў ліцэістаў, былі старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, народжаная ў ГУЛАГу ў 1937-м, мастак Генадзь Драздоў і бард Зміцер Захарэвіч.
У наступным годзе выстава працягне свае вандроўкі па Беларусі і па-за яе межамі.
Фота аўтара