Абвешчаны чэмпіёны грамадзянскай супольнасці-2017

Асамблея НДА 20 снежня адзначыла самых знакавых, крэатыўных і дзейных асобаў Трэцяга сектару ў 2017 годзе. Сёлета намінацыяй узнагароджана ініцыятыва «Ноч расстраляных паэтаў 29 кастрычніка». Прыз атрымлівалі Наста Дашкевіч і Уладзімір Някляеў.

25635204_10214942208970175_2053285098_o_logo.jpg


Напачатку імпрэзы кіраўнік Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч прапанаваў ушанаваць грамадскіх актывістаў, якія сёлета нас пакінулі. Гэта — Антон Шукелойць, Яўген Петрашэвіч, Юры Бохан, Анатоль Мяльгуй, Міхась Паўлаў, Міхаіл Трэйсцер, Ігар Жук, Вікторыя Ткачук, Юры Андрусішын, Аляксей Кавалец.
Потым адбылася відэапрэзентацыя найбольш яскравых сёлетніх спраў, акцый і імпрэз з удзелам трэцяга сектару.

img_8345_logo.jpg


Прэмію Асамблеі НДА ў намінацыі «Новая ініцыятыва» атрымалі ініцыятыва з Віцебску «Хайсы», якая знайшла новае месца пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ды дамагаецца ўсталявання на гэтым месцы помніка, і грамадскі рух «Дзея» — за шматлікія крэатыўныя акцыі, у тым ліку па ўшанаванні слуцкіх паўстанцаў.

img_8362_logo.jpg


Пераможцу ў намінацыі «Грамадскі лідар году» абвясціў Алесь Бяляцкі. Ім стаў каардынатар Офісу па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

img_8370_logo.jpg


Прыз за намінацыю «Партнёрства году», які ўручаецца за салідарныя дзеянні і рэалізацыю найлепшай ініцыятывы, што аб’яднала партнёраў з розных сфераў і сектараў на карысць грамадзянскай супольнасці, дастаўся праекту Кінаконг і шэрагу іншых арганізацый ініцыятывы «Беларускія ўікэнды», якія арганізавалі паказ у кінатэатрах Мінска шэдэўраў сусветнага кінематографу ў беларускамоўнай агучцы.

img_8371_logo.jpg


У намінацыі «Крэатыў году» прыз атрымлівае найбольш значная і нестандартная агульнанацыянальная кампанія. Сёлета намінацыяй узнагароджана ініцыятыва «Ноч расстраляных паэтаў 29 кастрычніка». Прыз атрымлівалі Наста Дашкевіч і Уладзімір Някляеў.

img_8389_logo.jpg


Уладзімір Някляеў падзякаваў «Маладому Фронту» за цудоўную арганізацыю начной імпрэзы ў Курапатаўскім лесе. «Я падумаў, за што іх расстралялі — маладых, таленавітых, прыгожых. Яны не былі ніякімі сябрамі контррэвалюцыйных суполак. У чым была сапраўдная прычына? Я падумаў: яны былі голасам беларускага народу. Без іх, як пісаў класік, «народ сляпы і глухі». Менавіта за гэта іх знішчылі. Глядзіце, новыя ўлады не так брутальна абыходзяцца з тымі, хто быў голасам народа (Быкаў, Барадулін, Бураўкін), але стаўленне не змянілася. Вось у чым праблема», — дадаў Уладзімір Някляеў і прачытаў верш «Мёртвы народ».
У намінацыі «Журналіст году» за найбольш грунтоўнае і рознабаковае асвятленне грамадскай дзейнасці перамог гомельскі блогер Максім Філіповіч. У сваім выступе ён падзякаваў усім людзям і СМІ, якія яго падтрымлівалі падчас рэпрэсій за асвятленне вясновых пратэстаў.

img_8400_logo.jpg


Антыпрэмію «Гарбуз году» інстытуцыям і дзяржаўным органам, якія заміналі працы беларускіх НДА, атрымаў… КДБ за ўзбуджэнне крымінальнай справы па «факце» падрыхтоўкі да масавых беспарадкаў.

img_8403_1_logo.jpg

img_8415_logo.jpg


Выкаціць гарбуза спецслужбоўцам пагадзіліся Ніна Шыдлоўская і Алесь Кіркевіч.
Прыз у намінацыі «Рэгіянальная падзея», якім узнагароджваюцца ініцыятары найбольш значнай для лакальных супольнасцяў грамадскай акцыі, кампаніі, падзеі як па-за сталіцай Беларусі, гэтак і ў Мінску, дасталі актывісты і мясцовыя жыхары-удзельнікі Маршаў недармаедаў супраць дэкрэту №3, якія праходзілі ў рэгіёнах. Дыпломы атрымалі актывісты Воршы, Гомеля і Слоніма.

img_8424_logo.jpg


«Дзякуй людзям, што яны не пабаяліся і выйшлі, ды паказалі, што яны Народ, а не народзец! — адзначыў гамяльчук. — Дзякуючы рашучым пратэстам, улада пачала прыслухоўвацца да жыхароў рэгіёнаў».
Намінацыя «Медыяактыўнасць году» за прыкметнае медыа няўрадавай арганізацыі ці ініцыятывы ўганараваны сацыяльныя сеткі пошукава-выратавальнага атраду «Анёл».

img_8432_logo.jpg


«Гэта ўзнагарода ўсіх, хто не застаецца абыякавым і дапамагае шукаць тых, хто згубіўся, трапіў у нядолю», — адзначыў прадстаўнік атраду Сяргей Колбан.
«Кампаніяй году» абвешчана «Кампанія ў абарону Курапатаў». Узнагароду прынялі Зміцер Дашкевіч з аднадумцамі.

img_8439_1_logo.jpg


 «Гэта вялікі гонар для нас. Дзякуй кампаніі салідарнасці. Без яе, магчыма, мы бы тут не былі. Калі я прыйшоў у Курапаты, думаю: ну, што тут будзем рабіць? Ладна, выйдзем, потым сядзем. На трэці дзень, калі мы сталі ў ледзяной калюжыне, я ўжо маліўся, каб нас пасадзілі нарэшце. Не было ніякай надзеі. Потым адбыўся пералом. Дзякуючы ўсеабдымнай грамадскай падтрымцы. Там фармавалася грамадзянская супольнасць Беларусі. Сотні людзей неслі грошы, прадукты, забяспечвалі рыштункам, генератарамі, намётамі… Такой натхнёнай Богам атмасферы я больш нідзе не памятаю.
Мы ніколі не ведаем, што прынясе той ці іншы наш крок. Рабілі, што мы мусім зрабіць, што зрабіць правільна, першы крок. Мы сёння ўсе маем мажлівасць зрабіць першы крок, напрыклад, пачаць размаўляць па-беларуску. За гэтым крокам рана ці позна будзе перамога!» — прамовіў Зміцер Дашкевіч.
Застаецца дадаць, што сёлетні лонг-ліст Прэміі складаўся з 118 прапановаў у 9 намінацыях. Асамблея НДА заснавала сваю Прэмію, каб штогод адзначаць найбольш паспяховыя крэатыўныя ідэі ў грамадскім сектары і прыцягваць да іх увагу беларусаў. Першая цырымонія ўзнагароджання грамадскіх лідараў і няўрадавых арганізацыяў прайшла ў 2009 годзе.
Фота аўтара