Праваабаронцы падсумавалі вынікі

Незарэгістраваны Праваабарончы цэнтр “Вясна 9 сакавіка прэзентаваў агляд-хроніку парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2009 годзе. Агляд ужо выдадзены асобнай кніжкай.

Незарэгістраваны Праваабарончы цэнтр “Вясна 9 сакавіка прэзентаваў агляд-хроніку парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2009 годзе. Агляд ужо выдадзены асобнай кніжкай.
Агляд-хроніка падрыхтаваны на падставе кароткіх паведамленняў у галіне правоў чалавека ў Беларусі за кожны месяц 2009 года. На пачатку агляду даецца агульны аналіз грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне за азначаны перыяд, асвятляюцца найважнейшыя падзеі і рэакцыя на іх з боку міжнароднай супольнасці. Прыводзяцца канкрэтныя факты парушэнняў правоў чалавека, на прыкладзе якіх можна прасачыць пэўную гісторыю барацьбы прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасці за асноўныя правы і свабоды.
Як адзначаюць аўтары агляду, асноўнымі парушэннямі летась былі палітычна матываваныя крымінальныя і адміністрацыйныя пераследы, знішчэнне свабоды слова, забарона мірных сходаў, адмова ў праве на асацыяцыю.
Па словах кіраўніка “Вясны Алеся Бяляцкага, беларускія праваабаронцы канстатуюць пэўную змену рэпрэсіўных інструментаў.
 “У нас сапраўды стала менш людзей, якія пераследаваліся ў крымінальным парадку або якія “сядзелі на сутках. У той жа час у нас павялічылася колькасць людзей, якіх збівалі, у нас аднавілася практыка прызыву ў войска палітычна актыўных маладых людзей, у нас з’явіліся такія рэчы, як прэвентыўнае затрыманне і вываз людзей за межы горада перад нейкімі акцыямі, чаго раней не было. Ужо пры канцы 2009 года было відавочна, што пачынаецца прэзідэнцкая кампанія, і ўзровень рэпрэсій пры канцы года, у снежні, пачаў расці.
Пачатак 2010 года вызначыўся рэзкай канфрантацыяй і накручваннем сітуацыі з няўрадавымі арганізацыямі, у прыватнасці, з Саюзам палякаў на Беларусі, а таксама з правя­дзеннем акцый, калі яны жорстка разганяліся, напрыклад, у лютым. Таксама застаецца праблема нерэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў — літаральна днямі чарговую адмову ў рэгістрацыі атрымала Асамблея няўрадавых арганізацый, — адзначыў Алесь Бяляцкі.
Юрыст Валянцін Стэфановіч звярнуў увагу на тое, што дагэтуль у Беларусі не вырашана пытанне адмены ганебнага артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Паводле Алеся Бяляцкага, беларускія ўлады працягваюць парушаць Канстытуцыю краіны, не выконваюць свае міжнародныя абавязацельствы.