Праваабаронцы: чачэнскія дзеці застаюцца на берасцейскім вакзале
З наступленнем халадоў на вакзале застаюцца дзесяткі бежанцаў з дзецьмі. Вяртацца ім проста няма куды.
Міграцыйны крызыс на польска-беларускай мяжы ня вырашаны — сцвярджаюць польскія праваабаронцы, якія некалькі дзён таму вярнуліся з беларускага Берасьця. Пасля надыходу халадоў колькасць выхадцаў з Чачні, якія спрабуюць атрымаць прытулак у Польшчы, зменшылася. Аднак на вакзале ў Берасьці на працягу некалькіх месяцаў застаюцца дзясяткі сем’яў з дзецьмі. Некаторыя ня маюць цёплай вопраткі й нават ежы. Як цяпер выглядае сітуацыя на мяжы? Што павіны зрабіць польскія й беларускія ўлады, і чым могуць дапамагчы звычайныя людзі? На гэтыя пытанні адказалі эксперты, якія прынялі ўдзел у дыскусіі «Чаму людзі ўцякаюць з Чачні?», арганізаванай у Варшаве парталам Eastbook.eu, асацыяцыяй «За свабодную Расею» й фондам «Projekt: Polska».
Выкраданні, пазасудовыя расправы й катаванні, якія ўчыняюць сілавікі, сталі штодзённасцю ў Чачні. Прычынаў, з-за якіх чалавека могуць выкрасці ці забіць – безліч. Ад крытыкі кіраўніка рэспублікі Кадырава ў сацсетках да адмовы ехаць «дабравольцам» на вайну ў Данбасе. Адказнасць за непадпарадкаванне кладзецца на цэлую сям’ю. Тэрор, пры дапамозе якога Кадыраў утрымлівае непадзельную ўладу ў Чачні, узмацніўся. Таму бежанцаў становіцца ўсё больш — тлумачыць сябра расейскай праваабарончай арганізацыі Камітэт супраць катаванняў Ілля Хоршаў.
Ільля Хоршаў: На наш погляд, росту колькасці ўцекачоў паспрыяла ўзмацненне неабмежаванай улады галавы Чачні, а таксама змена ўнутрыпалітычнай сітуацыі ва ўсёй Расеі. Уцекачы з Чачні не просяць прытулку ў самой Беларусі з-за саюзніцкіх адносінаў, якія існуюць паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федэрацыяй. Як паказвае нашая практыка, спробы гэтых людзей знайсці прытулак у самой Расейскай Федэрацыі заканчваюцца беспаспяхова. Тых, хто хаваецца ад рэальнай пагрозы, раней ці пазней знаходзяць, таму, што чачэнскія дыяспары шчыльна пражываюць амаль ва ўсіх рэгіёнах Расейскай Федэрацыі.Чачэнцы ўцякаюць на Захад праз Беларусь. Як кажуць праваабаронцы, толькі гэты шлях дазваляе бежанцам пазбегнуць кантакту з расейскімі памежнікамі, якія могуць паведаміць пра іх месцазнаходжанне ўладам Чачні. Людзі, з якімі размаўлялі праваабаронцы, сцьвярджаюць, што ніколі не пакінулі б радзімы, калі б не рэальная пагроза іх жыццю і свабодзе. Яны былі вымушаныя пакінуць нядаўна збудаваныя дамы, у многіх дзеці нядаўна пайшлі ў школу.
Пасля наступлення восеньскай сцюжы на берасьцейскім вакзале засталіся жыць дзесяткі чачэнскіх сем’яў, якія прыехалі яшчэ летам. Гэта людзі, якім дарогі назад проста няма — расказвае Марыя Ксёнжак з Польскага цэнтру рэабілітацыі ахвяраў катаванняў.
Марыя Ксёнжак:Сям’і з пяці чалавек (а менавіта столькі ў сярэднім налічвае чачэнская сям’я якая «жыве» на вакзале) павінна выдаваць 40 эўра толькі на штодзённыя спробы патрапіць цягніком у Польшчу. Грошы ў гэтых сем’яў хутка заканчваюцца. Яны ня могуць здымаць жытло, таму застаюцца на вакзале. Дзеці ня ходзяць у школу, некаторыя ня маюць цёплых рэчаў і нават ежы. Польскія грамадзяне збіраюць грошы, дзякуючы якім мы можам дапамагаць бежанцам. Нашая валанцёрка ўвесь час знаходзіцца на вакзале ў Берасьці, размаўляе зьдзецьмі, малюе, спявае, корміць – робіць усё, каб дзеці маглі дачакацца пераезду ў Польшчу ў менш траўматычнай абстаноўцы.
Штодзённа на працягу некалькіх месяцаў сотні ўцекачоў сядаюць у цягнік і адпраўляюцца ў польскі горад Тэрэспаль. Там польскія памежнікі збіраюць бежанцаў разам і апытваюць іх. У выніку гэтай працэдуры на Захад прапускаюць толькі дзве-тры сям’і. Іншых вяртаюць у Берасьце, заяўляючы, што яны ня маюць падставаў прасіць прытулку ў Польшчы.
Чачэнцы баяцца расказаць памежнікам, што прымусіла іх уцячы з радзімы. Чаму? Апытанне адбываецца ў агульнай залі, у прысутнасці натоўпу, у якім могуць знаходзіцца агенты Кадырава — тлумачыць супрацоўніца польскага Хэльсінскага фонду правоў чалавека Марта Шчэпанік.
Марта Шчэпанік: Першае, што мы павінны зрабіць — гэта даць замежнікам магчымасць расказаць пра свае праблемы. Адна кароткая размова з памежнікам часта вырашае пытанне жыцця й смерці чалавека. Закон кажа, што для таго, каб чалавека прапусцілі праз мяжу, дастаткова яго вуснай просьбы аб прытулку. Працэдура сэлекцыі, якую праводзяць памежнікі, ды яшчэ ў такіх умовах, з'яўляецца незаконнай. Рашэнне аб тым, даць чалавеку прытулак ці дэпартаваць яго, прымае не памежная служба, а ўпраўленне па справах замежнікаў. На маю думку, кіраўніцтва памежных пераходаў атрымала загад не прымаць уцекачоў, таму памежнікі проста не прымаюць ад іх заяваў аб прытулку. Працэдура павінна праходзіць у адпаведнасьці з законам і з павагай да правоў чалавека.
Што трэба зрабіць каб вырашыць міграцыйны крызыс на польска-беларускай мяжы? Польскі ўрад павінен прыняць палітычнае рашэньне забраць уцекачоў — кажа Марта Шчэпанік.
Праблемы існуюць і на беларускім баку. Беларуская дзяржава ня мае досведу вырашэння міграцыйных крызысаў — кажа праваабаронца Марыя Ксёнжак. З наступленнем халадоў дзеці пачалі масава хварэць. Адказнасць за іх здароўе лягла на невялікую групу лекараў берасьцейскага вакзалу. Таксама бракуе памяшкання, дзе дзеці маглі б жыць ці ўкрыцца ад холаду. Звычайныя беларусы й нават берасьцейскія гарадскія чыноўнікі дапамагаюць прыватна, але сістэмнай дапамогі пакуль няма — кажа Марыя Ксёнжак.
Праваабаронца заклікала гарадскія ўлады прадставіць уцекачам памяшканне, а жыхароў Берасьця паглядзець на ўцекачоў «са звычайнай чалавечай перспектывы». «Культура чачэнцаў не дазваляе ім жабраваць. Тыя, хто быў на вакзале ў Берасьці, напэўна заўважылі, што дзеці ня просяць міласціну нават калі яны галодныя. Таму варта мець спачуванне. Калі вы бачыце дзяцей у летнім абутку й вопратцы, галодных — зрабіце нешта, каб дапамагчы», — раіць Марыя Ксёнжак.
Аляксандар Папко, Польскае радыё