Праваабаронцы ацанілі сітуацыю ў беларускіх турмах
Становішча зняволеных у Беларусі горшае, чым у Малдове, Украіне, Цэнтральнай Азіі і Расеі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў справаздачу па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў 2015 годзе.
Праваабаронцы даследавалі ўмовы ўтрымання, факты катаванняў і жорсткага абыходжання, стан захавання правоў зняволеных і іншыя пытанні. У справаздачы «Вясны» прыводзіцца шэраг прыкладаў: гібель затрыманага Акуліча ў Сьветлагорскім РУУС, пераслед зняволенага Кучуры за агалошванне фактаў пабораў у Магілёўскай турме, зьбіццё спецслужбамі менскіх графітыстаў, гібель Ігара Пцічкіна ў «Валадарцы», збіццё зняволеных у турмах і затрыманых — у аддзелах міліцыі розных гарадоў краіны, а таксама багата іншых прыкладаў.
Адзін з аўтараў справаздачы — юрыст Павал Сапелка. У інтэрв’ю Свабодзе ён кажа, што хоць якога грамадскага кантролю ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі па-ранейшаму няма. Тыя структуры, якія існуюць пры Міністэрстве юстыцыі, да прыкладу, так званая грамадска-назіральная камісія, — у яе не ўваходзіць ніводзін прадстаўнік праваабарончых арганізацыяў. Таксама на думку юрыста, недапушчальна абмяжоўваць правы людзей, якія не ўчынялі злачынстваў. Гаворка вядзецца пра лячэбна-працоўныя прафілакторыі, дзе знаходзяцца залежныя ад алкаголю людзі.
Дадамо, што вынікі справаздачы штогод накіроўваюцца ў дзяржаўныя ўстановы Беларусі. Чыноўнікі пакідаюць гэтыя звароты без адказу.
Паводле Радыё Рацыя