Праваабаронцы пачынаюць назіранне за мясцовымі выбарамі

Удзельнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодня выбары” пачынаюць назіранне за мясцовымі выбарамі, абвешчанымі на 23 сакавіка 2014 года. Пра гэта 20 снежня на прэс-канферэнцыі паведамілі старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак і намеснік кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч.



100_6106.jpg

Па словах Стэфановіча, самым галоўным для праваабаронцаў будзе менавіта пытанне выканання працэдураў падчас выбараў. Таму вялікая ўвага будзе надавацца доўгатэрміноваму назіранню. “Мы яго распачынаем ужо зараз, гэта значыць, мы будзем адсочваць усе этапы выбарчае кампаніі. 27 снежня ўжо будзе завершана фармаванне тэрытарыяльных камісіяў, і мы будзем назіраць за гэтым фармаваннем, якое будзе адбывацца на сумесных пасяджэннях абласных Саветаў і абласных выканкамаў”, — паведаміў прамоўца.

Незалежнае назіранне

На мясцовыя выбары кампанія плануе вылучыць 26 доўгатэрміновых назіральнікаў і каля 200 кароткатэрміновых, а таксама прыцягнуць да гэтае працы валанцёраў. Хоць, як прызнаўся Валянцін Стэфановіч, мясцовыя выбары ў сучасных беларускіх варунках не параўнаць па значнасці і па прывабнасці для насельніцтва з парламенцкімі і тым больш прэзідэнцкімі выбарамі.

Праваабаронца падкрэсліў, што згаданая кампанія мае абсалютна незалежны характар. То бок, назіральнікамі і валанцёрамі ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодня выбары” не могуць быць прадстаўнікі выбарчых штабоў кандыдатаў у дэпутаты, а таксама прадстаўнікі партыяў і арганізацыяў, якія выстаўляюць сваіх прэтэндэнтаў на дэпутацкую пасаду.

Неспрыяльны фон

Валянцін Стэфановіч адзначыў, што фон для правядзення цяперашніх выбараў не надта спрыяльны. “У нас засталіся ўсе тыя беды і праблемы, якія цягнуцца ўжо не першы год. Самі выбары ўжо даўно не з’яўляюцца механізмам змены ўлады ці рэальнага атрымання месца ў Саветах тымі суб’ектамі, якія будуць удзельнічаць у гэтых выбарах. У краіне адсутнічае публічная канкурэнтная палітыка як з’ява, як жанр, як інструмент. Імітаванасць грамадзянскіх і палітычных правоў таксама не спрыяе правядзенню свабодных і дэмакратычных выбараў”, — падкрэсліў намеснік старшыні “Вясны”.

І дадаў, што яшчэ вельмі адчувальныя наступствы падзеяў 19 снежня 2010 года: “Дзейнічаюць абмежаванні адносна 28 чалавекгэта і прафілактычныя ўлікі, і прэвентыўныя нагляды, шмат хто мае непагашаную судзімасць, што не дазваляе ўдзельнічаць у якасці кандыдатаў у гэтых выбарах. Таму гэты фон неспрыяльны”.

Змены ў Выбарчы кодэкс

Адметным для выбарчай кампаніі 2014 года ёсць тое, што пачынаюць дзейнічаць змены ў Выбарчы кодэкс. Кіраўнік БХК Алег Гулак звярнуў увагу, што законапраект з'явіўся для публічнага азнаямлення толькі пасля яго канчатковага прыняцця. Па словах юрыста, нават запрошаныя міністэрствам замежных справаў Беларусі прадстаўнікі БДіПЧ АБСЕ, якія прыехалі адмыслова дзеля азнаямлення з новаўвядзеннямі, не атрымалі поўнага дакумента зменаў. Не валодала інфармацыяў і шырокая грамадскасць. “Гэта недапушчальна і яшчэ раз падкрэслівае, што ўлады не зацікаўленыя ў тым, каб выбарчы працэс быў празрыстым, шырока абмяркоўваўся грамадскасцю”, — упэўнены Алег Гулак.

Валянцін Стэфановіч выказаў меркаванне, што новапрынятыя змены ў выбарчае заканадаўства не адлюстроўваюць асноўных праблемаў выбарчага працэсу, як то падліку галасоў, датэрміновага галасавання, фарміравання выбарчых камісіяў — усё засталося на ранейшым узроўні.

Ігнараванне прапановаў

Алег Гулак адзначыў, што беларускія ўлады фактычна праігнаравалі прапановы для змяненняў у выбарчае заканадаўства, зробленыя раней БДіПЧ АБСЕ. Так, зазначыў эксперт, з 25 прапановаў не ўлічаныя 24, і толькі адна выкананая часткова. А менавіта — еўрапейцы прапаноўвалі, каб дзяржаўныя СМІ прытрымліваліся абавязацельстваў па збалансаваным і неперадузятым асвятленні ўсіх партыяў і кандыдатаў у навінных і палітычных праграмах.

Аднак змены выглядаюць наступным чынам: у Выбарчы кодэкс унесеная норма, паводле якой інфармацыйныя матэр’ялы пра кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты, якія распраўсюджваюцца ў сродках масавай інфармацыі, павінны быць аб’ектыўнымі і даставернымі, у іх не павінна аддавацца перавага асобным кандыдатам. “Як могуць, да прыкладу, партыйныя выданні роўна даваць інфармацыю пра ўсіх кандыдатаў, калі іхняя задачападтрымка свайго кандыдата?” — задаецца пытаннем Алег Гулак. Таму ён не ведае, добра гэта ці кепска, калі ў выбарчым заканадаўстве з’явілася такая папраўка.

Праваабаронцы таксама адмоўна паставіліся да новаўвядзення з агітацыяй, бо цяпер на друкаваную прадукцыю кандыдатам не будуць выдзяляць сродкі з дзяржаўнага бюджэту. “Кандыдат павінен за месяц паспець сфарміраваць фонд, сабраць грошы, надрукаваць улёткі і яшчэ распаўсюдзіць іх. Ці можна паспець за такі кароткі тэрмін?” — задаўся рытарычным пытаннем Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронцы ўпэўненныя, што ў такіх умовах і гэтая кампанія мясцовых выбараў пройдзе пераважна незаўважнай для большасці насельніцтва. Але назіраць за гэтымі выбарамі прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодня выбары” будуць нягледзячы ні на што.