Прэзентацыя каментару да закону аб адвакатуры

16 ліпеня ў Мінску адбылася прэзентацыя паартыкульнага «Комментария к Закону Республики Беларусь «Об адвокатуре и адвокатской деятельности» ад 30 снежня 2011 году.



advakaty.jpg

Гэтае 224-старонкавае вытворча-практычнае выданне, што адрасуецца адвакатам, юрыстам, правазнаўцам, чынавенству і праваабаронцам выйшла ў свет накладам у 1.020 паасобнікаў у сталічным дзяржаўным выдавецтве Беларусі «Дом друку»,  дзякуючы высілкам шэрагу беларускіх юрыстаў пры ўдзеле іх калегаў з Велікабрытаніі, Расіі, Польшчы і Украіны.

Выданне ўтрымлівае аналіз нормаў айчыннага заканадаўства аб адвакатуры на іх адпаведнасць міжнародным стандартам; прызначана садзейнічаць асэнсаванню і папулярызацыі ў грамадстве прынцыпу незалежнасці адвакатуры, як інструменту, што забяспечвае права кожнага на атрыманне эфектыўнай юрыдычнай дапамогі. Шматлікія высновы і рэкаментацыі, уключаныя ў каментар, могуць быць выкарыстаны дзеля ўдасканалення беларускага заканадаўства аб адвакатуры. 


Як адзначыла каардынатар праекту, юрыстка Дзіна Шаўцова, у Беларусі створана дзяржаўная рабочая група з удзелам прадстаўнікоў адвакатуры і чынавенства па падрыхтоўцы дапаўненняў і зменаў у дзеючы закон «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці»; вядуцца перамовы аб мажлівым удзеле ў рабочай групе прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Юрыстка выказала надзею, што рабочая група ўлічыць і напрацоўкі аўтараў каментару. Дзіна Шаўцова паведаміла, што выданне будзе бясплатна распаўсюджвацца сярод адвакатаў, юрыстаў, правазнаўцаў, чынавенства і праваабаронцаў.
Сярод найбольш вострых нявырашаных праблемаў адвакацкай дзейнасці ў Беларусі кіраўнік праекту, праваабаронца Алег Агееў назваў празмерны ўплыў дзяржавы ў асобе Міністэрства юстыцыі на працэсы, што адбываюцца ў адвакатуры. Паводле ягоных слоў, гаворка ідзе пра шматузроўневы чыноўнічы ўплыў, які дазваляе аказваць уздзеянне як на органы адвакацкага самакіравання, так і персанальна на асобных адвакатаў. Вось чаму большасць прапановаў аўтараў каментару ў першую чаргу тычыцца прававога рэгулявання заканадаўцамі ўзаемаадносінаў паміж адвакацкай супольнасцю і дзяржавай у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і вопытам суседніх краін, падкрэсліў Алег Агееў.
Ён звярнуў увагу на тое, што сам працэс рэгулявання адносінаў паміж дзяржавай і адвакатамі павінен быць аддадзены на водкуп органаў адвакацкага самакіравання. «Аднак у нашай краіне менавіта дзяржава ўзяла на сябе шэраг функцыяў органаў адвакацкага самакіравання, актыўна ўмешваецца ў прафесійную дзейнасць адвакатаў, з-за чаго яны страчваюць сваю незалежнасць, а іх кліенты не могуць рэалізваць права на незалежнага адваката», — сказаў Алег Агееў.
На думку юрыста Уладзіміра Букштынава, узровень незалежнасці адваката ад судовай і выканаўчай галінаў улады, ступень самадастатковасці адваката наўпрост уплывае на давер да яго з боку кліента, які мяркуе атрымаць якасную юрыдычную дапамогу ў абароне сваіх правоў. Разам з тым, юрыст звярнуў увагу на тое, што дзеючы закон аб адвакатуры «купіў» яе, бо ў абмен на добры заробак забраў у адвакатаў вольнасці.