Прыродная і геапалітычная гарачыня

Спачатку падавалася, што абмяняюцца парай інфармацыйных удараў Масква з Мінскам, як тое здаралася і раней, ды на гэтым усё суцішыцца. Не суцішылася. За апошні тыдзень інфармацыйныя залпы з абодвух бакоў зрабіліся больш моцнымі і адчувальнымі, да інфармацыйнай вайны далучыліся не толькі новыя сродкі масавай інфармацыі, але і палітыкі, і нават прэзідэнты іншых краінаў.



780965ae22ea6aee11935f3fb73da841.jpg

Спачатку падавалася, што абмяняюцца парай інфармацыйных удараў Масква з Мінскам, як тое здаралася і раней, ды на гэтым усё суцішыцца. Не суцішылася. За апошні тыдзень інфармацыйныя залпы з абодвух бакоў зрабіліся больш моцнымі і адчувальнымі, да інфармацыйнай вайны далучыліся не толькі новыя сродкі масавай інфармацыі, але і палітыкі, і нават прэзідэнты іншых краінаў.

З расійскага боку з тэлеканалам НТВ скаапераваліся ОРТ і «Расія», з беларускага — у бітву ўступілі буйныя дзяржаўныя друкаваныя выданні (электронныя СМІ даўно не спыняюцца ў сваім выкрыванні «варожых захадаў» з боку расійскага дуумвірату).
Сапраўднай бомбай для расійскага істэблішменту стала інтэрв’ю на Першым канале БТ прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі, які згуляў ролю «адваката» беларускага кіраўніцтва. Не сакрэт, што для расійскага дуумвірата, ды і для ўсяго расійскага палітыкуму, грузінскі лідэр з’яўляецца «ворагам №1».
Самі Пуцін з Мядзведзевым пакуль прамаўчалі, затое астатнія сказалі ўсё, што думаюць, прычым не абмяжоўваючы сябе ў выказваннях — ад «здрадніка» (Мікалай Сванідзе, палітычны аглядальнік) да «палітычнага хамелеона» (Мікалай Левічаў, кіраўнік фракцыі партыі «Справядлівая Расія» ў Дзяржаўнай думе).
Выбухнулі на адрас Аляксандра Лукашэнкі і думскі спікер Барыс Грызлоў, і кіраўнік ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі, і нават лідэр КПРФ Генадзь Зюганаў. Карацей, робіцца відавочным, што фанатаў першай асобы РБ у вышэйшых эшалонах РФ амаль не засталося. А на расійскага абывацеля, які яшчэ «любіць Бацьку», накіраваны інфармацыйныя плыні ў выглядзе стужак «Хросны Бацька» і «Хросны Бацька–2» ды іншых «тэлешэдэўраў», наспех скляпаных па загадзе Крамля ды Старой плошчы.
«Гульня з Саакашвілі вырубае пад корань усё палітычнае пазіцыянаванне Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да Расіі, — адзначае эксперт «Аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Валеры Карбалевіч. Паводле меркавання палітолага, «імкнучыся ўдарыць па Пуціну і Мядзведзеву, Лукашэнка кінуў выклік расійскаму грамадству, разбурыў сваё ранейшае аблічча сябра і саюзніка Расіі».
Але не толькі інфармацыйная вайна займае час дзейнага кіраўніка Беларусі. 20 ліпеня ў краіне пачаўся «гарачы час» — уборка збожжавых. І нішто не робіцца без непасрэднага ўдзелу прэзідэнта, які персанальна кантралюе ход уборачнай кампаніі. Аляксандр Лукашэнка, паводле яго словаў, ужо ўбачыў 9,5 мільёна тон зерня на палях і загадаў сабраць не менш за 10 мільёнаў тон збожжа, не дапусціць страт падчас умалоту, маўляў, ёсць магчымасці добра зарабіць на экспарце зерня.
Хто б сумняваўся. Вось толькі ўжо не першы раз пішацца і гаворыцца пра тое, што падобныя паездкі вышэйшых службовых асоб падчас уборачнай кампаніі толькі адцягваюць увагу сялян і мясцовых кіраўнікоў ад спраў надзённых, таксама вымагаюць дадатковых фінансавых і часавых рэсурсаў для арганізацыі і абслугоўвання такіх высокіх інспекцый… Але кожны жыве сваім розумам, у тым ліку і беларускія небажыхары.
Нягледзячы на заявы беларускага кіраўніка пра тое, што яму зараз «не да выбараў», набліжэнне прэзідэнцкай кампаніі назіраецца па рыторыцы і абяцаннях высокапастаўленых асоб, уключна з прэм’ер-міністрам. Так, Сяргей Сідорскі, прадстаўляючы праект асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011–2015 гады, паведаміў, што ВУП Беларусі плануецца павялічыць на 62–68 працэнтаў, а сярэдні заробак — да тысячы долараў. Гэтыя лічбы будуць агучаны на IV Усебеларускім народным сходзе.
Тое, што гэта мерапрыемства будзе стартавай пляцоўкай для выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі, — аксіёма. І такія гучныя планы ўраду ёсць сведчаннем таго, што ўжо зараз ідзе хваля настрою электарату «на ўнутраны пазітыў» (знешняга негатыву, які можа згуляць на руку цяперашняга кіраўніка дзяржавы, і так хапае). І самаўпэўненасць аўтараў Праграмы сведчыць пра тое, што яны не сумняваюцца ў выніках будучых выбараў.
Вось толькі як яно станецца насамрэч, калі Беларусь будзе змушана жыць па законах рынку, набываючы энерганосьбіты па сусветных коштах, невядома.
Тым часам, вядомыя беларускія журналісты прынялі заяву ў падтрымку інтэрнэт-газеты «Салідарнасць». Падставай стаў ціск на «Салідарнасць» з боку прафсаюзных функцыянераў.
Прынцыповая пазіцыя выдання ў дачыненні да некаторых негатыўных момантаў у беларускім прафсаюзным руху прывяла да таго, што супраць рэдакцыі былі высунутыя недарэчныя і беспадстаўныя абвінавачванні. Стаўленне да свабоды слова вызначае ўзровень дэмакратычнасці поглядаў саміх палітыкаў. Асаблівае шкадаванне выклікае інцыдэнт, які адбыўся 1 чэрвеня. Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук аднаасобна забараніў журналісту «Салідарнасці» Алене Якжык прысутнічаць на пасяджэнні Савета БКДП.
Як лічаць аўтары заявы, такі крок прафсаюзнага лідэра ніяк не стасуецца ні з дэмакратычнымі стандартамі, ні з ранейшымі заявамі самога Аляксандра Ярашука. Сярод падпісантаў заявы — старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна, галоўныя рэдактары газет «Новы час» Аляксей Кароль, «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч, «Наша ніва» Андрэй Скурко, кіраўнікі іншых незалежных сродкаў масавай інфармацыі.
З гэтай нагоды прыгадваецца пазіцыя яшчэ аднаго прафсаюзнага дзеяча Аляксандра Бухвостава, які некалькі гадоў таму заяўляў, што ўсе недзяржаўныя выданні мусяць стаць партыйнымі і ледзьве не абслугоўваць дэмакратычныя сілы. У той час гэта заява Бухвостава таксама выклікала абурэнне ў журналісцкай супольнасці, а ў дэмакратычных палітыкаў хапіла розуму не падтрымаць такое стаўленне прафсаюзнага дзеяча да масмедыя і да разумення ім ролі СМІ ў грамадстве.
І, нарэшце, пра надвор’е. Спёка б’е ўсе магчымыя рэкорды: за апошнія некалькі тыдняў трыццаціградусная адзнака тэрмометра стала такой жа звыклай з’явай, як каларадскі жук на бульбяным полі. Мазгі плавяцца разам з асфальтам. Адсутнасць апошнімі днямі дажджоў прыводзіць да ўзгаранняў тарфянікаў, што ёсць з’явай вельмі небяспечнай і праблемнай, бо гасіць полымя на торфе — справа вельмі складаная.
Людзі, ратуючыся ад гарачыні, усё часцей кідаюцца ў ваду, як у прыстасаваных для купання месцах, так і ў незнаёмых. Пры гэтым многія ратуюцца ад спёкі ў вадаёмах, папярэдне прыняўшы на грудзі што-небудзь для ўзняцця настрою. І, паводле афіцыйных дадзеных, толькі за апошні тыдзень у Беларусі патанулі 145 (!) чалавек, большасць з якіх былі ў нецвярозым стане. Гэта сталася сумным рэкордам за апошнія трыццаць год.
Але ад такой спёкі можна атрымаць асалоду, таму што нарэшце ў Беларусі лета такое, якім яно, па вялікім рахунку, і мае быць — сонечнае і вельмі цёплае. Лавіце момант, спадарства!