Прысуд — праз два тыдні

6 мая ў Вярхоўным судзе Беларусі будзе абвешчаны прысуд па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі.



1843e35d41ccf6e63273495ba42df3c1.jpg

6 мая ў Вярхоўным судзе Беларусі будзе абвешчаны прысуд па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі.
Мікалай Аўтуховіч, Уладзі­мір Асіпенка, а таксама Аляксандр Ларын абвінавачваюцца ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта ў дачыненні да намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко і былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі. Аўтуховіча і Асіпенку да таго ж абвінавачваюць у арганізацыі падпалу дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Кацубы ў 2004 годзе. Падпалкоўнік міліцыі Казлоў, былы кіраўнік упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю па Гродзенскай вобласці, абвінавачваецца ў тым, што ведаў пра планы падрыхтоўкі тэрарыстычнага акта, але не прыняў мераў па яго прадухіленні.
Слуханні справы завяршыліся, абвінавачваемыя выступілі з апошнім словам. Уладзімір Асіпенка цалкам не прызнаў сваёй віны і назваў крымінальную справу ў дачыненні да яго сфабрыкаванай. Як перадае БелаПАН, прадпрымальнік расказаў пра ціск, які следства аказвала на яго асабіста і сям’ю. Гэта прывяло да таго, што яго старэйшая дачка пакінула Беларусь. Мікалай Аўтуховіч таксама не прызнаў сваёй віны і апошняе слова ў судзе прысвяціў агучванню фактаў карупцыі ў Гродзенскай вобласці. Судовы працэс ваўкавыскі прадпрымальнік лічыць звяном у ланцугу пераследавання, якое пачалося яшчэ ў 2003 годзе з ініцыятывы высокіх чыноўнікаў. Міхаіл Казлоў акцэнтаваў увагу на парушэннях, што мелі месца падчас расследавання справы.
Пракурор Эльдар Сафараў запатрабаваў прыгаварыць Аўтуховіча да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, Асіпенку і Ларына — да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Для Міхаіла Казлова ён прасіў тры гады калоніі агульнага рэжыму без права займаць кіруючыя пасады.
Праваабаронцы лічаць гэту крымінальную справу палітычна матываванай. У час судовых слуханняў назіральнікі адзначалі разыходжанні ў папярэдне сабраных фактах датычнасці да злачынстваў абвінавачваемых і прадстаўленай доказнай базы. Многія са сведак на судзе адмовіліся ад сваіх паказанняў, а таксама прызналіся ў ціску з боку следчых.