Прыхаваная барацьба: хто пераканае Лукашэнку абмежаваць гандаль спіртным?
Як паўплывае трагедыя ў Іркуцку на беларускі антыалкагольны ўказ.
МУС ўнесла ва ўрад праект указа па абмежаванні продажу алкаголю два месяцы таму, але да гэтага часу аб дакуменце нічога не чуваць. Чаму?
Кавалькова: Прыняцце антыалкагольнага указа тармозіцца
У апошні дзень кастрычніка стала вядома, што МУС ўнесла ў Саўмін праект указа па абмежаванні продажу алкаголю.
— Тэарэтычна яшчэ ў лістападзе праект павінен быў паступіць з урада на адабрэнне ў Палату прадстаўнікоў. Але на пачатку снежня ў мяне была сустрэча з дэпутатамі, аказалася, што праект да іх яшчэ не паступіў. Няма такой інфармацыі і на сённяшні дзень, — распавядае каардынатар грамадскай кампаніі «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю» Вольга Кавалькова.
Яна адзначае, што па праекце ўказа існуе шмат спрэчак, у тым ліку ідзе «складанае змаганне міністэрстваў». Мінгандлю, напрыклад, быў супраць абмежавання часу продажу алкаголю (ва ўказе прапануецца забараніць гандаль спіртным пасля 22.00).
На нядаўняй нарадзе Аляксандр Лукашэнка выказаўся з нагоды масавага атручвання ў Іркуцку канцэнтратам для ваннаў «Глог» і заклікаў чыноўнікаў не дапусціць падобнага ў Беларусі.
— Трэба спыніць гэтыя пястоты з гэтымі падаткамі на спіртное. Ну святы ... Такія нашы людзі-славяне. І выпіць любяць, і закусіць. Не трэба іх штурхаць да таго, каб піць глог ці яшчэ штосьці, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ці азначае гэта, што антыалкагольны указ апынецца па выніку больш мяккім, чым задумвалася?
— Пытанне адкрытае, — кажа Вольга Кавалькова. — З аднаго боку, праект указа не прадугледжваў павышэння акцызаў ці алкагольных падаткаў. З іншага — існуе моцнае алкагольнае лобі, якое паспрабуе выкарыстаць сітуацыю ў сваю карысць.
— Спадзяюся, абмежавальныя меры ўсё ж будуць уведзены, і мы будзем на гэта працаваць, — адзначае каардынатар грамадскай кампаніі «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю». — Але відавочна, што зацвярджэнне ўказа тармозіцца. Ён відазмяняецца. Вельмі складана прагназаваць, у якім выглядзе ён у выніку будзе прыняты.
Маргелаў: Ідзе складаная прыхаваная барацьба
— Усім вядома, у якім выглядзе МУС ўнесла праект указа ў Саўмін: увесці забарону на продаж алкаголю пасля 22.00 і вынесці яго рэалізацыю ў адасобленыя аддзелы ў крамах плошчай 400 квадратных метраў і больш. Але застаецца пытанне, колькі гэты праект будзе хадзіць па ведамствах і калі ён уступіць у сілу, — кажа сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў. — Ідзе складаная прыхаваная барацьба. У ёй актыўна ўдзельнічаюць буйныя гандлёвыя сеткі, у якіх ёсць праз каго ўплываць на дакумент. Цяжка сказаць, калі ўсё гэта скончыцца.
Віктар Маргелаў лічыць, што пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі наконт указу можа мяняцца ў залежнасці ад таго, чые довады яму здадуцца вагавіцей. Але эксперт усё ж мяркуе, што масавае атручванне ў Іркуцку прамога ўздзеяння на палажэнні ўказа не акажа.
— У Беларусі ёсць танная альтэрнатыва гарэлцы. У Расіі не настолькі, як у нас, распаўсюджаная продаж пладова-ягадных вінаў або, прасцей кажучы, «чарнілаў». У Расіі аддаюць перавагу «глогу». А ім у харчовых крамах не гандлююць, такім чынам, палажэнняў антыалкагольнага указа гэта не закранае, — адзначае Віктар Маргелаў.
Па статыстыцы, спажыванне алкаголю за год у Беларусі складае 11,14 літра, а згодна з аналітычнай справаздачы СААЗ — 17,5 літра на душу насельніцтва старэйшых за 15 гадоў у год. Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, аналітычная справаздача СААЗ змяшчае дадзеныя за 2008-2010 гады, а паказчык 17,5 л ўключае ў сябе зарэгістраваны і незарэгістраваны алкаголь (сурагат і самагон).
Па дадзеных СААЗ, спажыванне чалавекам больш за 8 літраў нясе пагрозу ягонаму здароўю і вядзе да дэградацыі грамадства, зніжэння працоўнай прадуктыўнасці, уплывае на наступныя пакаленні.
Паводле zautra.by