Прымусовыя людзі не прыдатныя да рэформаў

Чаму выкладчыкі не хочуць рэформаў, а ўлады на іх эканомяць? Пра гэта разам з “Заўтра тваёй краіны” разважае сябра Грамадскага Балонскага камітэта, прафесар філасофіі Уладзімір Дунаеў.



folio_img2_620x400.jpg

— Сярод шасці вызначаных прыярытэтаў Форум палітычнай апазіцыі і грамадзянскай абраў два — рэформу сістэмы адукацыі і медыясферы. Над імі эксперты праекта «Рефорум» будуць працаваць на працягу бліжэйшага года. Чаму рэформа адукацыі стала самай актуальнай?
 

— Акрамя актуальнасці, ёсць яшчэ адзін важны фактар, на які і абапіраўся Форум, робячы выбар. А менавіта — наколькі рэалістычна сёння чакаць пэўных крокаў па рэфармаванні той ці іншай сферы?
 

Я лічу, што выбар зроблены правільны. І таму, што сістэма адукацыі — вельмі важная для грамадства. І таму, што сёння ёсць так званае «акно магчымасцяў», каб пачынаць яе рэфармаваць.
 

Ёсць матывацыя пачынаць рэформы. Гэта звязана з чарговай спробай Беларусі ўступіць у Балонскі працэс — рашэнне будзе прымацца на пачатку 2015 года. А прадстаўленне Нацыянальнага дакладу з тлумачэннямі, у якой ступені краіна гатовая прыняць еўрапейскія каштоўнасці і мэты палітыкі ў сферы вышэйшай адукацыі, прызначана на канец лістапада. Гэтыя працэсы павінны матываваць дзяржаву прывесці беларускую сістэму вышэйшай адукацыі ў адпаведнасць з еўрапейскімі нормамі, хаця б на ўзроўні заканадаўства.
 

Да канца года Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу павінна разгледзець новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі. Ёсць прапановы Мінадукацыі, але яны шмат у чым не адпавядаюць нават тым чаканням, якія на іх ўскладала частка чыноўнікаў і цалкам лаяльных прадстаўнікоў дзяржаўных ВНУ. Тут таксама ёсць магчымасць паспрабаваць максімальна мадэрнізаваць гэтыя прапановы з дапамогай еўрапейскіх экспертаў.
 

— Наколькі рэальна паспець падрыхтаваць дэталізаваную канцэпцыю рэформаў сістэмы адукацыі да моманту абмеркавання Кодэкса дэпутатамі і прадстаўленні Нацыянальнага дакладу міністрам адукацыі краін-удзельніц Балонскага працэсу?
 

— Паспець рэальна, бо праца вядзецца не на пустым месцы. Шмат што ўжо было зроблена Грамадскім Балонскім камітэтам, каардынацыйна-кансультатыўным саветам арганізацый, якія прадстаўляюць асноўных стэйкхолдэраў сістэмы адукацыі — перш за ўсё гэта прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. У канцы мінулага года была прапанавана наша рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, якая максімальна адказвае еўрапейскім трэндам развіцця адукацыі.
 

— Вы кажаце пра "акно магчымасцяў» — але наколькі дзяржава зацікаўлена сёння ў тым, каб правесці сапраўдныя, а не касметычнымі рэформы?
 

— Нават ўдалы прыняты закон — яшчэ не рэальная мадэрнізацыя. Пакуль наша сістэма адукацыі зусім беспакарана ігнаруе нават тыя палажэнні і нарматывы, якія ёсць. Пераацэньваць ролю рэформы заканадаўства не варта. Але і без рэформы заканадаўчай базы разлічваць на рэальную мадэрнізацыю нельга.
 

Зараз аб дзяржаве. Тут бы я ўвогуле адмовіўся ад выкарыстання гэтага слова ў адзіным ліку. Дзяржава неаднастайная. І ў гэтай неаднастайнасці ёсць і пазітыўныя, і негатыўныя бакі. Парламенцкая дыскусія аб рэформах адукацыйнага заканадаўства, якая прайшла ў пачатку снежня мінулага года, паказала, што ў прадстаўнікоў многіх галін улады ёсць запыт на правільны, з нашага пункту гледжання, трэнд. Напрыклад, была агучана неабходнасць дэцэнтралізацыі адукацыі. Ёсць разуменне, што створаны механізм адукацыйнай палітыкі контрпрадуктыўны. І вядзе да крыклівай дыспрапорцыі — напрыклад, да неэфектыўнасці сістэмы фінансавання адукацыі. Нават прадстаўнікі ўлады ўжо кажуць аб праблемах адкрыта. Пра гэта, у прыватнасці, казаў віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік. Ды і аўтар формулы самабытнасці беларускай сістэмы адукацыі Анатоль Рубінаў, які заявіў у 2008 годзе што «што немцу добра, беларусу — смерць», вымушаны канстатаваць, што мы ідзем кудысьці не туды.
 

Распрацоўка адукацыйнай палітыкі не можа ажыццяўляцца з дапамогай гіперцэнтралізацыі. Тады ўвогуле губляецца магчымасць кіравання гэтай сферай.
 

Так што патрэба ў рэформах наспела.
 

— Чаго менавіта Форум палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці чакае ад праекту «Рефорум»? Які ўзровень працы задаволіць заказчыка?
 

— Не буду казаць за ўсіх удзельнікаў Форуму. Маё меркаванне — тут важная інтэрнацыяналізацыя экспертызы, апора на еўрапейскі вопыт. Асноўная наша задача — не спарадзіць яшчэ адзін праект рэформаў, а дамагчыся рэальных зменаў. Важная не толькі экспертыза, але і адвакатаванне гэтых прапаноў. Улада хутчэй пачуе рэкамендацыі ад замежных спецыялістаў, чым ад прадстаўнікоў сваёй грамадзянскай супольнасці. Так ужо наладжаны слыхавы апарат нашай улады. Магчыма, прапановы, калі яны будуць зыходзіць ад еўрапейскіх экспертаў, здадуцца ёй больш пераканаўчымі і менш палітызаванымі.
 

— Зразумела, што сістэме адукацыі неабходныя заканадаўчыя змены. Можна, мабыць, прапісаць у законе тыя ж акадэмічныя свабоды. І нават выконваць гэтыя нормы на практыцы. Аднак ці вырашыць гэта праблемы беларускай адукацыі? Магчыма, яны глыбей, чым проста свабода або несвабода?
 

— Вядома, праблемы глыбей. Але і без імплементацыі падобнага роду нормаў нічога не зменіцца. Нават у позднесавецкую эпоху — не будзем яе ідэалізаваць, — заканадаўчая база сістэмы адукацыі была больш ліберальнай. Гэтую сістэму Беларусь атрымала ў спадчыну ад СССР. І як яна ёй скарысталася?
 

Яшчэ раз паўтаруся — без заканадаўчых змен рэформы неажыццяўляльныя. Нават калі з'яўляецца група рэфарматараў, гатовых ажыццявіць перамены, ім патрэбна заканадаўчая база. Пачынаць трэба з гэтага. Разам з заканадаўчымі зменамі трэба думаць і аб перабудове акадэмічнай культуры, арыентацыі на еўрапейскія імператывы. Але пакуль важна пазначыць добрыя намеры.
 

— Для рэформы патрэбныя сродкі. Пакуль настаўнікі і універсітэцкія выкладчыкі атрымліваюць капейкі, не будзе прэстыжу прафесіі, прытоку таленавітых спецыялістаў. Не будзе добрых настаўнікаў у школах — не будзе падрыхтаваных студэнтаў. Не будзе высокага ўзроўню выкладчыкаў у ВНУ — не будзе спецыялістаў. А ў ВНУ, нягледзячы на ўсе прапісаныя ў законе акадэмічныя свабоды, будуць паступаць тыя ж троечнікі. І таленавітых выкладчыкаў з іх не выйдзе. Кола замкнулася.
 

— Давайце не будзем забываць аб тым, што Беларусь тут не з'яўляецца першапраходцам. І не вырашае праблем, якіх ніхто ніколі не вырашаў. Гэта агульная праблема для ўсіх. І той жа Балонскі працэс у вышэйшай адукацыі — гэта, у першую чаргу, калектыўны пошук адказаў на такія пытанні. Напрыклад, на праблему якасці адукацыі ва ўмовах яго масавасці. Нашы чаканні ад вышэйшай адукацыі да гэтага часу звязаны з індустрыяльнай эпохай. І мы забываем, што жывем у эпоху постіндустрыяльную. Што гэта значыць? Тое, што ў сярэдзіне XX стагоддзя вышэйшую адукацыю атрымлівалі 10% моладзі. А сёння — 85%. Зразумела, што гэта зусім розныя магчымасці. І тое, што калі ў нас так павялічылася колькасць студэнтаў, то і колькасць выкладчыкаў павінна была ўзрасці. А дзе сістэма іх селекцыі? Выкладчыкаў трэба аднекуль браць. І гэта не толькі фінансавая праблема — колькасць таленавітых людзей таксама абмежавана. У 1960-я гады ў Беларусі было 10 тысяч студэнтаў, а цяпер — 430 тысяч. Рост велізарны. І чакаць, што паўмільёна можна навучыць гэтак жа, як 60 тысяч, не даводзіцца.
 

Трэба разумець — якіх мэтаў мы можам дасягнуць, а якіх — не. Тая ж Балонская сістэма пабудавана на трох прыступках. Першая — бакалаўрыят. А затым ідзе селекцыя. І калі браць сярэднюю колькасць магістрантаў у развітых краінах — то гэта каля 15 адсоткаў. У нашым выпадку — гэта і будуць тыя ж самыя 60 тысяч. Гэта тыя, хто зможа прадэманстраваць поспехі на адабраных праграмах. Далей ідуць доктарскія праграмы — гэта ўжо падрыхтоўка навукоўцаў, яшчэ больш высокі ўзровень кваліфікацыі. А ў нас на магістарскай прыступцы ў мінулым годзе займаліся 1,5% студэнтаў. 15% і 1,5% — ёсць розніца? Беларусь дэманструе дэградацыю прафесіяналізму.
 

Без сур'ёзных інвестыцый тут сапраўды мала што можна зрабіць. Аднак у тым, што тычыцца вышэйшай адукацыі, Беларусь дэманструе незразумелую скупасць. Кошт аднаго студэнцкага месцы ў Беларусі — больш за 2 тыс. долараў у год. У сярэднім у развітых краінах — каля 14 тыс. долараў. Прычым гэта з улікам парытэту пакупніцкай здольнасці.
 

І яшчэ лічбы — у развітых краінах на навучанне студэнта траціцца 45% долі ВУП на душу насельніцтва, а ў нас толькі 15%. А наш ВУП і ВУП развітых краін таксама нельга супаставіць.
 

Плюс мы неэфектыўна выкарыстоўваем нават тыя сродкі, якія ў нас ёсць. На ўсё гэта напластоўваецца непразрыстасць — скажам, тыя, хто плаціць за навучанне, не ведаюць — на што ідуць іх грошы.
 

Дадамо сюды яшчэ адзін архіважны складнік — сістэму акадэмічных каштоўнасцяў. Калі гэта такія вось «самабытныя» каштоўнасці, якія ператвараюць адукацыю ў сталінскую «шарашку», то казаць аб якасці не даводзіцца. Акадэмічныя свабоды — гэта інструмент, які павышае эфектыўнасць вышэйшай адукацыі і даследаванняў.
 

Так што пакуль мы навучыліся толькі эфектыўна ўхіляцца ад міжнародных методык ацэнкі якасці. Ні ў адной такой праграме Беларусь не ўдзельнічае. І пакуль суцяшае сябе нейкімі ўласнымі фантастычнымі лічбамі сваіх поспехаў.
 

— Аднак у рэформе сістэмы адукацыі ёсць яшчэ настаўнікі, выкладчыкі ВНУ, прафесура. На іх гэтая рэформа таксама накіравана. У гэтым асяроддзі ёсць попыт на рэформы? Ці хаця б разуменне іх неабходнасці?
 

— Рэформа накіравана не на іх, а на студэнтаў, іх бацькоў, на працадаўцаў.
 

— Ну, ім, па меншай меры, так ці інакш, трэба будзе прымаць у ёй актыўны ўдзел. І яны могуць стаць ахвярамі гэтай рэформы.
 

— Рана ці позна яны ўсё роўна стануць ахвярамі. Але што важна — калі мы гаворым пра рэформы, мы кажам, у першую чаргу, аб змене маштабаў грамадскага ўдзелу. Важна, каб стэйкхолдэры атрымалі рэальны доступ да кіравання, каб іх голас чулі выкладчыкі. Сёння выкладчык цалкам незалежны ад запытаў працадаўцы. Выкладчык залежыць толькі ад уласнага начальства. І начальству, а ня студэнтам, іх бацькам, працадаўцам ён і будзе дагаджаць. Але ж не начальства з'яўляецца спажыўцом паслугі пад назвай "адукацыя".
 

Чаму заказчыкі не могуць аспрэчыць якасць гэтай паслугі, тым больш што наша адукацыя ўсё больш камерцыялізуецца?

Ці хочуць рэформаў выкладчыкі? Гэта складанае пытанне, бо нашы выкладчыкі бяспраўныя і ў іх няма ніякіх інструментаў, каб выказваць сваё меркаванне. Саветы ў нашых установах адукацыі бяспраўныя. Незразумела нават, як дзейнічаюць механізмы іх фарміравання. У выкладчыка няма гарантый таго, што, калі ён будзе чагосьці хацець, кантракт з ім не скасуюць датэрмінова. Так што ўсё вырашае воля начальства. А выкладчыку нічога не застаецца, акрамя як дагаджаць. Да чаго могуць быць гатовыя такія прымусовыя людзі?
 

Гэта і ёсць разбурэнне акадэмічнай культуры. Сучасны беларускі трэнд, які абсалютна процілеглы сусветнаму. І казаць пра тое, што мы адпавядаем Балонскаму працэсу, пакуль не даводзіцца. Таму нам так неабходныя рэформы.

Пераклад НЧ