Прысуд журналісту Дзянісу Івашыну пакінулі без зменаў, асудзілі экскурсаводку Аксану Манкевіч
Вярхоўны Суд 20 снежня разгледзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенага журналіста, аўтара «Новага Часу» Дзяніса Івашына. Прысуд пакінулі без зменаў, а скаргу без задавальнення, паведамляюць праваабаронцы. Чакаецца, што неўзабаве журналіста-расследвальніка перавядуць у калонію.
![photo_2022_12_20_10_48_48.jpg photo_2022_12_20_10_48_48.jpg](/img/v1/images/photo_2022_12_20_10_48_48.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
15 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе ў закрытым
рэжыме распачаўся разгляд справы журналіста. Праз месяц суд прызнаў Івашына
вінаватым паводле арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў)
і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13
гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
![photo_2022_12_20_11_08_03.jpg photo_2022_12_20_11_08_03.jpg](/img/v1/images/photo_2022_12_20_11_08_03.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Праваабаронцам таксама стала вядома, што ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска агучылі прысуд 24-гадовай
экскурсаводцы Аксане Манкевіч. Яе асудзілі
паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія
груба парушаюць грамадскі парадак) і прызначылі тры гады абмежавання волі без
накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Прысуд вынесла Вікторыя Шабуня. Пасля трох месяцаў у СІЗА
Аксану вызвалілі ў зале суда.
Аксана Манкевіч не зможа больш у Беларусі працаваць экскурсаводкай,
бо паводле пастановы ўрада ад 7 снежня, з новага года экскурсаводамі не змогуць
працаваць тыя, каго судзілі па «пратэсных» крымінальных артыкулах.