«Пул Міністэрства абароны Рэспублікі» прызнаны экстрэмісцкім. Хронікі рэпрэсій 19 лютага

 Суд Лідскага раёна 17 лютага прызнаў экстрэмісцкім праект «Пул Міністэрства абароны Рэспублікі». Гэта гумарыстычны праект. Напрыклад, ён віншаваў беларусаў «з юбілейным шахедам». З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 19 лютага.

1_1097.png

Колькі ў Беларусі «экстрэмістаў»?

Праваабарончая ініцыятыва Human Constanta падрыхтавала справаздачу «Вынікі барацьбы з «экстрэмізмам» у Беларусі за 2024 год, піша Свабода.

Беспрэцэдэнтнае выкарыстанне «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства з 2020 году дазваляе зрабіць палітычны пераслед канвеерным, мяркуюць праваабаронцы арганізацыі Human Constanta. Паводле іх свежага дакладу, для гэтага беларускія ўлады выкарыстоўваюць цэлую «экасістэму» — спецыялізаваныя законы для барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам; злачынствы і правапарушэнні ў кодэксах; шматлікія экстрэмісцкія спісы; папраўкі, якія дазваляюць пазбаўляць грамадзянства за «экстрэмісцкія злачынствы» або караць смерцю за «акт тэрарызму» і «здраду дзяржаве».

Паводле Следчага камітэту Беларусі, з 2020 году зафіксавана 22,5 тысячы злачынстваў «экстрэмісцкай накіраванасці».

Толькі ў 2024-м было вынесена 1762 прысуды ў крымінальных справах (па падліках праваабаронцаў Dissidentby). 1019 — паводле «народнага» 342-га артыкулу КК, за «арганізацыю або ўдзел у масавых беспарадках»; 245 — за знявагу Лукашэнкі (арт. 368); 186 — за «распальванне варожасці» (арт.130); 79 — за заклік да санкцый (арт. 361); 45 — за «здраду дзяржаве» (арт.356).

Паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП), падлічыла «Вясна», былі асуджаныя як мінімум 5890 чалавек. Па артыкуле 19.11 (распаўсюд, захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў) асудзілі каля 5500 чалавек.

За 2024 год «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі ажно 2424 прадукты, у тым ліку 479 Telegram-рэсурсаў. Летась пералік папоўніўся 87 новымі «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

У спіс датычных да экстрэмісцкай дзейнасці грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў ці асобаў без грамадзянства ў 2024 годзе дададзена 1188 чалавек (усяго ў спісе 4826 асобаў).

Пералік арганізацый і фізічных асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, папоўніўся 127 беларусамі — з палітычных матываў.

У спісе абмежаванага доступу знаходзіцца амаль 14 тысяч інтэрнэт-рэсурсаў, з якіх больш за 5 тысяч прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ці «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Спіс друкаваных выданняў, распаўсюд якіх можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, складаецца з 35 найменняў.

У Наваполацкай ПК 1 рэзка павялічылася колькасць асуджаных «за палітыку»

Крыніцы паведамляюць, што колькасць асуджаных па палітычных «крыміналках» у некаторых атрадах сягае да 20 чалавек (у атрадзе бывае  ад 50 да 100 зняволеных). 

На цяперашні момант у наваполацкай калоніі ўтрымліваюць 83 чалавекі, якіх беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі вязнямі. Але інфармацыя пра рэальную колькасць асуджаных «за палітыку» і іх размеркаванне па месцах зняволення прытойваецца дзяржавай. 

ПК № 1 лічыцца самай «бруднай»:  яна месціцца на прамысловай ускраіне  Наваполацка. З усіх бакоў яна аточаная  трубамі і звалкамі буйных хімічных прадпрыемстваў — «Нафтана» і «Паліміра». Зняволеныя працуюць  на так званай «промзоне», дзе таксама ўмовы працы шкодныя і цяжкія.

Шпакоўскі даў зразумець, што знакавых палітвязняў могуць вызваліць пры ўмове выезду за мяжу

Прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі адрэагаваў на рэзанансны артыкул The New York Times. У ім гаварылася, што ЗША рыхтуюць здзелку з Лукашэнкам: вызваленне палітвязняў у абмен на санкцыі на калій і банкі, піша Наша Ніва

Вызваленне Аляксандрам Лукашэнкам грамадзяніна ЗША і двух беларускіх палітвязняў можа стаць першым крокам да маштабнай угоды паміж Вашынгтонам і Мінскам. Пра гэта, сенсанцыйна паведаміла The New York Times, распавёў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША ў Еўропе Крыс Сміт на сустрэчы дыпламатаў у Вільні.

ЗША такім чынам нібыта нацэленыя на забеспячэнне дыстанцыявання Беларусі ад Расіі. Ен звяртае ўвагу, што беларускі бок на афіцыйным узроўні захоўвае маўчанне, амерыканцы таксама не каментуюць апублікаваную інфармацыю. Шпакоўскі мяркуе, што зліў інфармацыі пра перамовы амерыканцаў з Лукашэнкам выданню маглі зрабіць еўрапейскія дыпламаты, «пераследуючы ўласныя мэты».

Шпакоўскі разважае, што хаця «Беларусь не гандлюе саюзнікамі», але «цяпер ідзе глабальны перамоўны працэс».

Афіцыйны Мінск, паводле яго слоў, з першага дня вайны ва Украіне заяўляў, што мае намер «у тым ці іншым фармаце ўдзельнічаць у камунікацыі ў пытаннях мірнага ўрэгулявання, каб купіраваць пагрозы бяспекі нашай краіны, якія зыходзяць ад развязанай супраць Беларусі эканамічнай агрэсіі з прычыны нібыта «саўдзелу» ў вайне», — заяўляе Шпакоўскі. 

Шпакоўскі дадае, што рэжыму нічога не пагражае, калі грамадства будзе згуртавана — зразумела, вакол Лукашэнкі.

 «І ў такой сітуацыі па вялікім рахунку якая розніца, дзе (у турме ці за мяжой) будзе знаходзіцца той ці іншы персанаж беларускай смуты 2020 года? Таму сітуацыя ў развіцці», — піша ён пра магчымы лёс знакавых палітвязняў.

Гомельская пракуратура знайшла на Wildberries «экстрэмісцкія» кнігі

Размова ідзе пра кнігу Сяргея Сюзева «Двадцать лет рабства: Беларусь сегодня» і Ота Скарцэні «Неизвестная война», якія раней былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Паведамляецца, што кніжную прадукцыю знялі з продажу.

За ўдзел у пратэстах мінчанку асудзілі ў актавай зале кандытарскай фабрыкі «Слодыч»

Як паведамляюць прапагандысты, там прайшло выязное пасяджэнне суда Савецкага раёна. Абвінавачанне па справе падтрымлівала старэйшая памочніца пракурора Савецкага раёна Анастасія Маліка.

У якасці слухачоў прысутнічалі працаўнікі фабрыкі. Абвінавачаная — 25-гадовая мінчанка, якая раней да крымінальнай адказнасці не прыцягвалася. Яна працаўладкавана ў прыватнай кампаніі менеджарам.

Суд пастанавіў прысудзіць жанчыне 2,5 года хатняй хіміі паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

У Рэчыцы пройдзе суд за «парушэнні на выбарах»

На 24 лютага ў судзе Рэчыцкага раёна запланаваны суд паводле арт. 10.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян). Адміністрацыйная справа, якую прызначаны разглядаць суддзя Юліяна Лунцэвіч, складзеная супраць мясцовага жыхара Леаніда Радчанкі, піша «Гомельская Вясна».

На Гомельшчыне гэта будзе трэці вядомы праваабаронцам суд за «парушэнні на выбарах» — 3 лютага ў Навабеліцкім раёне з такой самай нагоды пераследавалі Андрэя Цімашэнку, а 14 лютага ў Савецкім раёне Гомеля паводле такога артыкула судзілі Яўгена Бадракова. 

Раней ЦВК паведамляў, што падчас выбараў былі зафіксаваныя адміністрацыйныя правапарушэнні — фатаграфаванне запоўненых бюлетэняў, а таксама спробы вынесці іх з участку.

«Лекары за праўду і справядлівасць» абвяшчаюць пра пачатак даследавання праблем здароўя жанчын у беларускіх турмах

Пытанні цалкам ананімныя, не патрабуюць прадстаўлення аніякіх асабістых звестак, адказы будуць выкарыстоўвацца толькі ў абагуленым выглядзе.

«Мы просім былых зняволеных жанчын адказаць на пытанні трох невялікіх анкет. Адна з іх — пра здароўе падчас зняволення – агульная, дзве іншыя — пра псіхалагічны стан — асобныя для былых зняволеных, якія застаюцца ў Беларусі, і для тых, якія пакінулі краіну».

Спасылкі на анкеты:

Даследванне здароўя падчас зняволення 

У Пінску за «экстрэмізм» маглі судзіць шматгадовага кіраўніка мясцовай гаспадаркі

У судзе Пінскага раёна і Пінска 18 лютага адзначылася імя Валерыя Антонавіча Кулішэвіча. Мужчыну ставілі ў віну «распаўсюд экстрэмізму» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП), піша @vitebsk_info.

Імя цалкам супадае з ініцыяламі дырэктара ААТ «Аснежыцкае», якім той кіруе з 2000 года, гэта значыць амаль чвэрць стагоддзя. Яго неаднаразова ўзнагароджвала раённая і абласная адміністрацыя, а яшчэ ён быў дэпутатам Пінскага райсавета папярэдняга, 28-га, склікання.

Праграміста з «Атланта» абвінавачваюць у «закліках да нанясення шкоды Беларусі»

Аляксандру Гаршунову 45 гадоў. Ён мінчук. У 2004 годзе скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Мяркуючы па сацсетках, працаваў праграмістам на мінскім заводзе «Атлант», піша «Наша Ніва».

Суд над Аляксандрам пачнецца 3 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць у «закліках да нанясення шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Працэс прызначаны весці суддзя Аляксандр Рудэнка.

Жыхара аграгарадка Ула будуць судзіць па чатырох палітычных крымінальных артыкулах

Жыхара аграгарадка Ула Бешанковіцкага раёна Ігара Сімашковіча  будуць судзіць па чатырох палітычных крымінальных артыкулах:

-  ч. 1 арт. 130 — распальванне варожасці,

-  ч. 1 арт. 368 — абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,

-  ч. 3 арт. 361-1 — удзел у экстрэмісцкім фармаванні,

- арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады.

Да таго ж супраць 53-гадовага мужчыны выставілі абвінавачанне —  па ч. 1 арт. 343 — распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў.

Разбіраць справу Ігара Сімашковіча будуць 27 лютага ў Віцебскім абласным судзе, суддзём прызначаны Яўген Буруноў. У судовым раскладзе пазначана, што працэс будзе закрыты.

Горацкае выданне Horki.info (газета “УзГорак”) адключыла інтэрнэт-сайт пасля прызнання яго «экстрэмісцкім»

Архіў газеты «УзГорак» у pdf-фармаце таксама недаступны. Усе старонкі ў сацыяльных сетках выдалены.

Рэспубліканскі «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» Міністэрствам інфармацыі быў абноўлены 18 лютага. Рашэнне аб прызнанні сайта экстрэмісцкім прыняў суд Ленінскага раёна Магілёва.

Газету «УзГорак» у 2009 годзе афіцыйна зарэгістраваў актывіст Эдуард Брокараў, які і быў яе рэдактарам да сваёй смерці ў 2010 годзе. Перад тым ён займаўся праектам маланакладнай прэсы (да 299 экз.).

Доўгі час газета «УзГорак» была адзіным незалежным зарэгістраваным выданнем у Магілёўскай вобласці. Яна друкавалася тыражом 1000 экзэмпляраў і пазбягала вострых палітычных тэм, але крытыкавала мясцовыя ўлады.

У верасні 2022 года газета прыпыніла выданне друкаванай версіі і рэдакцыя працягнула працу ў сеціве. Увосень таго года ў шэрагу грамадзян, якія супрацоўнічалі з выданнем, прайшлі палітычна матываваныя ператрусы.