Сёння гадавіна смерці палітвязня Ігара Ледніка. Хронікі рэпрэсій 20 лютага

Ігар Леднік памёр у турэмнай бальніцы ў Калядзічах, куды быў планава дастаўлены з бабруйскай калоніі № 2, дзе ўвесь час знаходзіўся ў медчастцы. Прычынай смерці палітвязня стала спыненне сэрца. Медыкі спрабавалі яго рэаніміраваць, аднак беспаспяхова. Тут вы можаце прачытаць артыкул, які каштаваў Ігару свабоды і жыцця. Між тым, палітычны пераслед у Беларусі працягваецца. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра рэпрэсіі на сёння, 20 лютага.

1_1097.png

Вярхоўны суд апублікаваў статыстыку аб крымінальных справах, разгледжаных судамі ў 2024 годзе, але схаваў даныя аб «палітычных» прысудах

Згодна з апублікаванай статыстыкай, за мінулы год суды агульнай юрысдыкцыі вынеслі прысуды па 29 162 крымінальных справах. Па іх было асуджана 31410 чалавек, піша reform.

Даныя па палітычна матываваных справах патрапілі толькі ў асобную статыстыку па асуджаных непаўналетніх. Усяго летась прысуды былі вынесены 593 падлеткам. З іх 152 чалавекі атрымалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. Колькасць непаўналетніх, асуджаных па «палітычных» артыкулах:

• «распальванне варожасці» — 3 чалавекі,

• «масавыя беспарадкі» — 2 чалавекі,

• «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» — 29 чалавек,

• «абраза Лукашэнкі» — 3 чалавекі,

• «заклікі да санкцый» — 2 чалавекі,

• «здрада дзяржаве» — 1 чалавек,

• «абраза прадстаўніка ўлады» — 1 чалавек.

Палітзняволенаму святару Генрыху Акалатовічу ў СІЗА КДБ забаранялі мець крыжык

Асуджаны на 11 гадоў зняволення па абвінавачванні ў «здрадзе дзяржаве» ксёндз Генрых Акалатовіч не мае магчымасці адпраўляць святую Імшу і прымаць Камунію. Але, як даведаліся вернікі, яму дазволілі мець у камеры невялікі драўляны крыж.

У СІЗА КДБ, дзе святара трымалі больш за год, мець крыж забаранялі, а ў СІЗА-1 у Мінскім раёне, куды ксяндза перавялі на час абскарджання прысуду, такой забароны няма, піша @katolik_life.

Таксама вернікам распавялі, што ў святара кепскае самаадчуванне — нагадаем, ён знаходзіцца ў зняволенні пасля перанесенага інфаркту і аперацыі па выдаленні страўніка з прычыны анкалогіі.

Тым не менш ксёндз Генрых не губляе бадзёрасці духу і кажа, што ў яго лёгка на душы, бо нічога супрацьзаконнага ён не здзяйсняў, а сваё зняволенне ўспрымае як пераслед за веру, за Бога, за Каталіцкую царкву.

У Гомелі за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі кіраўніка колішняга дылера ўкраінскай кампаніі

18 лютага ў судзе Навабеліцкага раёна Гомеля адбываўся судовы працэс па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да Канстанціна Карпава. Ягоную справу паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) разглядаў суддзя Аляксандр Зінчук. Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.

Як паведамляе «Гомельская Вясна», Карпаў працуе кіраўніком сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Белпалімергаз». Гэтая кампанія да паўнамаштабнай узброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны з’яўлялася, у тым ліку, дылерам украінскага таварыства з абмежаванай адказнасцю «ТерПолімерГаз» з горада Цярнопала ва Украіне.

Кампаніі выраблялі і прадавалі поліэтыленавыя трубы ды іншыя часткі для мантажу трубаправодаў вода- і газазабеспячэння.

У «спіс тэрарыстаў» дадалі пятнаццаць чалавек

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы 15 чалавек.

Сярод іх Яўген Дземянёў, Мікалай Швец, Алег Сычоў, Віталь Якуцік, Міхаіл Дзёмін, Яўгенія Тачыцкая, Сяргей Лапароў, Аляксей Клюшнічэнка, Ігар Кузаўка, Андрэй Прыходзька, Генадзь Саўрыцкі, Ірына Саўрыцкая, Віялета Вярбіцкая, Віталь Скібінскі, Ігар/Ілля Ільюкевіч (у спісе КДБ блытаніна ў ягоным імені).

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1248 чалавек, з іх больш за 550 — беларусы.

У Гомелі паводле двух артыкулаў пачынаюць судзіць студэнта ўніверсітэта імя Скарыны

На 20 лютага ў Гомельскім абласным судзе запланаваны пачатак разгляду крымінальнай справы ў дачыненні да Данілы Чыбісава, піша Гомельская Вясна. Яму інкрымінаваныя ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) і ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Працэс прызначаны весці суддзя Анатоль Сотнікаў.

Даніла — студэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. 18 кастрычніка 2024 года ў судзе Навабеліцкага раёна Гомеля яго разам з маці Аленай Чыбісавай асудзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (рапсаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вынік таго судовага пасяджэння невядомы.

Палітзняволенага Эдуарда Бабарыку сёння зноў пачынаюць судзіць за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»

Эдуарда ўтрымліваюць у зняволенні ўжо больш за чатыры з паловай гады. У ліпені 2024 года яму дадалі да васьмі гадоў пазбаўлення волі яшчэ два гады паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). 

Для адбыцця тэрміна палітвязня перавялі ў ваўкавыскую калонію № 11, дзе менш чым за паўгода па ініцыятыве адміністрацыі супраць яго ўзбудзілі другую запар справу па ч. 2 арт. 411 КК. Суд над ім распачынаецца сёння, 20 лютага.

24-гадовага экс-работніка EPAM будуць судзіць за ўдзел у пратэстах

24 лютага ў судзе Партызанскага раёна Мінска пачынаецца працэс над Дзмітрыем Хамельянскім. Хлопца абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Суддзёй па справе прызначаны Аляксандр Супічэнка. 

Дзмітрыю Хамельянскаму 24 гады. Хлопец скончыў Мінскі радыётэхнічны каледж (2019) і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (2022).

Мяркуючы па інфармацыі ў сацсетках Хамельянскага, яшчэ падчас вучобы ён пачаў працаваў у IT-кампаніях — ТКП-Софт (2018-2020), EPAM (2020-2022). З 2023 працуе ў групе кампаній Tinkoff, піша «Наша Ніва».

Сёння ў Брэсце адразу па пяці палітычных артыкулах судзяць мужчыну

Сёння Брэстаблсуд разглядае справу супраць Кендысь Аляксандра Сцяпанавіча. Суддзя Зміцер Куроўскі.

Кендысь абвінавачваецца па 5 артыкулах, якія з 2020 года часта выкарыстоўваюцца для палітычнага пераследу: арт.369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), ч.1 арт.368 (абраза А.Лукашэнкі), ч.2 арт.367 (паклёп на Лукашэнку), ч.1-1. (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім).

У чым менавіта абвінавачваюць Аляксандра, на дадзены момант невядома. Выглядае так, што ўсе 5 артыкулаў абвінавацілі мужчыну з-за інтэрнэт-перапісак (бо ўжо былі аналагічныя справы, дзе фігуравалі менавіта такія артыкулы).

«Кіберпартызаны» апублікавалі справаздачы аб барацьбе з «экстрэмізмам», якія БДУ адпраўляе Качанавай і ў пракуратуру

Адміністрацыя Беларускага дзяржуніверсітэта адпраўляе старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і ў пракуратуру Мінска справаздачы аб тым, як у ВНУ змагаюцца з «экстрэмізмам». Гэта вынікае з дакументаў, якія 20 лютага апублікавалі «Кіберпартызаны», піша «Люстэрка».

У справаздачы для пракуратуры Маскоўскага раёна Менска гаворыцца, што «ў верасні 2024 года на тэрыторыі комплексу БДУ якіх-небудзь пратэсных, экстрэмісцкіх акцый і іншых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не выяўлена». У дакуменце пазначана, што інфармацыя прадастаўляецца «ў адказ на ліст намесніка пракурора Маскоўскага раёна Мінска ад 18.02.2021 №  37.26-36/310».

«У асабістых кабінетах работнікаў БДУ, а таксама навучэнцаў размешчана актуальная інфармацыя аб магчымых наступствах парушэння заканадаўства ў частцы арганізацыі забастовак, парушэння карпаратыўных норм, выкарыстання незарэгістраванай сімволікі і ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. <…> Праводзіцца аналіз складу ўдзельнікаў і інфармацыйнага зместу даступных для кантролю тэлеграм-каналаў і чатаў у сацыяльных сетках», — гаворыцца ў справаздачы.

У лісце для Наталлі Качанавай гаворыцца, што «ў перыяд з 1 жніўня 2024 года па цяперашні час (дата не пазначана) на тэрыторыі БДУ якіх-небудзь пратэсных, экстрэмісцкіх акцый і іншых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не выяўлена». Справаздачы спікеру Савета Рэспублікі БДУ накіроўвае ў адпаведнасці з лістом Мінадукацыі ад 25 ліпеня 2024 года і ў выкананне даручэнняў Саўміна ад 19 ліпеня 2024 года.

Універсітэт таксама перадае звесткі аб прынятых мерах да студэнтаў, якія ўчынілі правапарушэнні.

Гродзенца, які жыве ў Польшчы і на якога падаў заяву прапагандыст Азаронак, абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве

Гродзенца Ягора Сацішура абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве (частка 1 артыкула 356 КК). Хлопца пачнуць судзіць у Гарадзенскім абласным судзе 3 сакавіка, такая інфармацыя з'явілася ў раскладзе судовых пасяджэнняў на сайце Вярхоўнага суда, піша «Медыязона».

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», Сацішуру 22 гады. Ён быў студэнтам юрыдычнага факультэта Брэсцкага ўніверсітэта, але потым з'ехаў у Польшчу.

Падрабязнасці справы невядомыя. Па інкрымінаваным артыкуле гродзенцу пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў.

У студзені 2025 года беларускі прапагандыст Рыгор Азаронак даў інтэрв'ю расійскай журналістцы Ксеніі Сабчак. Падчас размовы Сабчак узяла са стала Азаронка ліст з пастановай аб прызнанні яго пацярпелым па крымінальнай справе.

Сабчак зачытала на камеру дэталі пастановы. У лісце гаворыцца, што нейкі Сацішур сабраў і даў замежнай дзяржаве персанальныя дадзеныя Азаронка. Азаронак распавёў, што гэта ён падаў заяву на Сацішура за тое, што ён выклаў у інтэрнэт асабістыя даныя журналіста.

— Я з задавальненнем адпраўляю заявы, а яны адпраўляюцца сядзець, — распавёў беларускі прапагандыст.