Дзяніс Івашын імаверна трапіў у ШІЗА. Хронікі рэпрэсій 18 лютага

Ад журналіста «Новага Часа» Дзяніса Івашына ўжо два месяцы няма тэлефанаванняў і два тыдні — лістоў. Гэта можа сведчыць пра тое, што ён зноў знаходзіцца ў ШІЗА. «На жаль, у самыя маразы наш ваяр патрапіў у адзіночную камэру, дзе наўрад ці трымаецца камфортная для чалавека тэмпэратура паветра», — напісала жонка Івашына Вольга. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 18 лютага.

1_1097.png

58-гадовая палітзняволеная Вольга Маёрава можа страціць зрок у зняволенні

Асуджаная да 20 гадоў калоніі Вольга Маёрава, якая ўтрымліваецца ў гомельскай калоніі № 24, рызыкуе цалкам страціць зрок. Пра гэта паведаміла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы АПК Вольга Зазулінская:

“У яе катаракта, рубцы, пагроза поўнай слепаты. Яна звярталася па дапамогу, але медыцынская частка калоніі адмовіла ў лячэнні. Больш за тое, з-за статусу «тэрарысткі» ёй не перадаюць лекі і медыцынскія бандэролі ад родных”.

Нагадаем, Гродзенскі абласны суд 17 кастрычніка 2022 года агучыў прысуд 12 фігурантам “справы Аўтуховіча”. Вольгу асудзілі да 20 гадоў калоніі. Віну яна не прызнала.

У сакавіку 2024 года палітзняволеную асудзілі паводле арт. 411 КК (непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі) да аднаго год і шасці месяцаў калоніі. 

Адрас утрымання: ПК № 24, 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць.

У Буда-Кашалёве за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі дырэктарку школы, намесніцу кіраўніка райкама «Белай Русі»

13 лютага ў судзе Буда-Кашалёўскага раёна разглядалі адміністрацыйную справу паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) у дачыненні да Алены Сяргееўны Некрашэвіч. Суддзя — Канстанцін Скорын.

Алена Некрашэвіч, прынамсі да апошняга часу, працавала дырэктаркай сярэдняй школы № 1 горада Буда-Кашалёва і адначасова з’яўлялася намесніцай старшыні Буда-Кашалёўскай раёнай арганізацыіі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь». Таксама вядома, што на некалькіх апошніх выбарах жанчына ўваходзіла ў склад участковых выбарчых камісіяў.

У лістападзе мінулага года яна стала пераможцай абласнога фестывалю кіраўнічага майстэрства «Мэнэджмент у адукацыі: ідэі, рашэнні, перспектывы», паведамляе Гомельская Вясна.

Палітзняволены Ігар Карней схуднеў на 15 кілаграмаў і мае праблемы з сэрцам

Паводле крыніцы Радыё Свабода, з магілёўскага СІЗА палітвязня прывозілі на некалькі дзён у СІЗА КДБ у Мінску, адкуль вярнулі ў Магілёў.

«Пісаў, што ў СІЗА КДБ трапіў да лекара і там паслухалі сэрца, пацвердзілі, што не вельмі роўны рытм, выпісалі валяр’янкі. Яшчэ напісаў, што пасля шклоўскай калоніі палягчэў на 15 кг, зараз трохі ад’ядаецца ў Магілёве».

Паводле крыніцы, на ўмовы ў камеры ён не скардзіцца, шмат чытае і размаўляе з сукамернікамі. З ім няма тэлефоннай сувязі, але лісты даходзяць. Адзін з апошніх адрасаваны дочкам, якіх у Ігара чатыры:

«Самае вялікае маё жаданне вельмі простае: каб вас у самастойным жыцці любілі, цанілі і паважалі — гэтак жа, як мы з мамай. Спадзяюся, што так і будзе, бо вы заслужылі толькі ўзнёслага стаўлення — прыгожыя, таленавітыя, спагадлівыя. Я, у сваю чаргу, за сваю „камандзіроўку“ па розных установах шматразова пераканаўся, што такой дружнай вялікай сям’ёй няма каму і пахваліцца».

У Мазыры за «паклёп на Лукашэнку» будуць судзіць фатографку

25 лютага ў судзе Мазырскага раёна прызначаны пачатак разгляду крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку) у дачыненні да Анастасіі Ахраменка. Судовы працэс у закрытым рэжыме будзе ўзначальваць суддзя Анатоль Стрэльчанка.

Як паведамляе «Гомельская Вясна», Анастасія прафесійна займалася фатаграфіяй, рабіла фотасесіі на замову. Апошняя яе актыўнасць у сацыяльных сетках была каля месяца таму.

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» YouTube-канал з кулінарнымі рэцэптамі

Гаворка пра канал «ВСЁ СНАЧАЛА, на які падпісаныя крыху больш за 2 тысячы чалавек. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Кастрычніцкага раёну Віцебска 14 лютага.

Таксама Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі Instagram старонка «freedom_way_to_belarus», сайт і старонкі праекту «Digital Intelligence Team» у сацсетках, Facebook-старонка «НIЯКАЙ IНТЭГРАЦЫI З РАСЕЯЙ», старонка ў TikTok «brest-region», старонка ў «Х» «Мiхась Iльiн».

Дваіх братоў і сямейную пару з Кобрына будуць судзіць за пратэсты

У судзе Кобрынскага раёна 25 лютага пачнецца разгляд крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса супраць Дзмітрыя Кубарэцкага, Наталлі Кубарэцкай, Віктара Ціханенкі, Іллі Ціханенкі.

Працэс будзе весці суддзя Аляксей Кміта.

Напрыканцы лютага пачнуць судзіць былога адміністратара суполкі «Мы за вялікую Беларусь»

Сяргею Паўлюкевічу 34 гады. Мужчына быў адміністратарам суполкі Укантакце «Мы за вялікую Беларусь» (больш за 120 тысяч падпісчыкаў, гэта была найбуйнейшая беларуская група) і сустрэчы «Марш мільёнаў».

Упершыню Паўлюкевіч засвяціўся ў медыя ў 2011 годзе. Адбылося гэта пасля Плошчы-2010, на якой яго затрымалі і прысудзілі 10 сутак арышту. Пазней яго затрымалі 1 ліпеня 2011 года, калі ў Беларусі ішлі «маўклівыя» акцыі пратэсту. Пасля затрымання і 15 сутак Сяргей выйшаў з-за кратаў і распавёў пра тое, што яго катаваў да завербаваў КДБ, але супрацоўнічаць ён не будзе.

Пасля гэтага ў медыя Паўлюкевіч не свяціўся. Мяркуючы па сацсетках, працаваў на «звычайных» працах — грузчыкам, майстрам і гэтак далей, піша «Наша Ніва».

Сяргея Паўлюкевіча пачынаюць судзіць 26 лютага ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах па «народным» артыкуле (ч. 1 арт. 342). Суддзя — Марыя Батвінка.

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сацсеткі праекту «Nastaunik.іnfo» і песню «Жыве Беларусь» гурта «Elysium»

Міністэрства інфармацыі сёння абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі сацсеткі грамадскага праекту для настаўнікаў «Nastaunik.іnfo», музычная кампазіцыя «Жыве Беларусь» гурта «Elysium», а таксама Telegram-каналы «ЗСУ квадратноголовий пiксель», «Наружка Могилев», «mopmilby», Facebook-старонкі «Марина Зелёная», «Перакулены клас + ДН. Матэрыялы для ўрокаў».

Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс дадалі старонкі ва «Укантакце» «Антология Сибирского Панка», «Это Пинск», сайт і сацсеткі праекту «horki.іnfo».

У Гродне — чарговы суд за ўдзел у пратэстах

На гэты раз пачалі судзіць Максіма Подтерегера. Працэс па 342 ч. 1 КК "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх" пачаўся 18 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Вядзе яго Маргарыта Ланцэвіч.