Пылавыя буры і пустыня — экалагічная катастрофа на Палессі (фотафакт)
Няправільнае вядзенне сельскай гаспадаркі прыводзіць да разбурэння глебы Палесся, піша «Позірк».
На фотаздымках палёў каля вёскі Застружжа Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці бачны пылавыя буры.
Палі каля вёскі Застружжа ператвараюцца ў пустыню.
Гэтыя фотаздымкі, на якіх заўважна, як балотнае Палессе ператвараецца ў засушлівую пустыню, узяты са старонкі фізіка Святланы Волчак. Яна разам з мужам Міхасём жыве ў вёсцы каля 4-х гадоў, і ўвесь гэты час назірае за катастрафічнымі экалагічнымі зменамі — палескія палі ператвараюцца ў пустыні, а пясчаныя буры становяцца нормай.
Каб палепшыць экалагічную сітуацыю, сям’я саджае дрэвы вакол дома, а таксама ў ваколіцах вёскі.
«Такіх мегапалёў, як цяпер на Палессі, не павінна быць. Вецер разганяецца на іх — і падымае пыл, здзімае пладародны слой глебы. Трэба, каб палі былі меншымі. І трэба раздзяляць іх кустамі і дрэвамі: дрэвы не даюць ветру разганяцца. Тое ж і з любой іншай адкрытай прасторай. Таму мы і саджаем паўсюль дрэвы — у будучыні яны змогуць абараніць нас і жыхароў вёскі ад пылу», — спадзяецца Святлана.