Якія прадпрыемствы найбольш атручваюць жыццё беларусаў?

Прамысловыя прадпрыемствы традыцыйна знаходзяцца сярод лідараў па забруджванні навакольнага асяроддзя ў Беларусі.

Светлагорскі цэлюлозны камбінат

Светлагорскі цэлюлозны камбінат

Экалагічная арганізацыя Экадом склала міні-падборку заводаў, якія асабліва адзначыліся ў псаванні якасці жыцця беларусаў цягам апошніх гадоў.

Светлагорскі цэлюлозны камбінат

Прадпрыемства ў Светлагорску забяспечвае поўны цыкл перапрацоўкі драўнянай сыравіны ў гафрыраваны кардон і кардонныя скрыні. Яшчэ да пачатку будаўніцтва новага завода беленай цэлюлозы ў 2012 годзе насцярогу выклікаў яго магчымы негатыўны ўплыў на экалогію, што запусціла маштабны збор подпісаў супраць будаўніцтва завода мясцовымі актывістамі. Нягледзячы на ўражваючую для райцэнтра колькасць подпісаў (больш за 10 тысяч), адэкватнай рэакцыі ад уладаў так і не з’явілася.

Неўзабаве пасля запуску працы завода мясцовыя жыхары і жыхаркі звярнулі ўвагу на задушлівы пах, што нагадваў тухлую капусту. Паступалі скаргі на млоснасць, пяршэнне ў горле, ваніты.

Пазней высветлілася, што крыніцай непрыемнага смуроду аказаўся метылмеркаптан — шкодны для здароўя газ з характэрным пахам, які выкарыстоўваецца для знаходжання ўцечак прыроднага газу. Залішняя наяўнасць гэтага газу ў паветры была наўпрост звязана з пытаннямі яго належнай утылізацыі пасля выкарыстання. Нягледзячы на абяцанні адміністрацыі, доўгі час замеры метылмеркаптана на заводзе не праводзіліся.

Па стане на ліпень 2022 года на сайце завода хоць і публікуецца інфармацыя аб экалагічнай сітуацыі ў Светлагорскім раёне пасля правядзення замераў атмасфернага паветра, але зместу метылмеркаптана сярод паказчыкаў да гэтага часу няма.

Кранаспан

kronospan.jpg



Аўстрыйскаму дрэваапрацоўчаму холдынгу «Кранаспан» належаць заводы ў Смаргоні, Магілёве, Гродне і Вялікім Камені, сярод іх прадукцыі — ламінаваныя пліты высокай шчыльнасці. За час дзейнасці ён паспеў зарабіць сумнеўную рэпутацыю ў экалагаў. «Кранаспан» з'яўляецца адным з лідараў па штрафах за парушэнні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, аднак карыстаецца сур'ёзным заступніцтвам дзяржавы.

 Скаргі жыхароў на смаргонскі завод уключалі вылучэнне шкодных рэчываў у атмасферу, жудасны шум і забруджванне навакольных рэк. Эколагі адзначалі набліжаную да лімітаў канцэнтрацыю фармальдэгідаў у паветры паблізу ад смаргонскага завода, ушчыльную надыходзячы да небяспечных для людзей паказчыкаў. Недастаткова якаснымі былі прызнаны і ачышчальныя збудаванні, а пасля выяўлення факта забруджвання ракі Віліі завод атрымаў штраф. Раней у прадстаўнікоў грамадскасці атрымалася дабіцца збудавання шумаізалюючай сцяны вакол смаргонскага завода, а таксама адмену планаў па вытворчасці смол на прадпрыемстве. У 2021 годзе пачалося будаўніцтва «Кранаспана» ў Магілёве, што зноў выклікала хвалю пытанняў да экалагічнай бяспекі прадпрыемства сярод мясцовых жыхароў.

Свінакомплексы ў Маладзечанскім раёне

svinokompleks.jpg



Праблемы са свінакомплексамі пад Маладзечна ў непасрэднай блізкасці ад вёсак Соўлава і Мойсічы пачаліся яшчэ на стадыі планаў па іх будаўніцтве. Тады кампанія «Вялес-Міт» вырашыла пабудаваць у Маладзечанскім раёне два гіганцкія свінакомплексы на сто тысяч галоў у год кожны. У адпаведнасці з пастановай Мінсельгаса, у выпадку пабудовы свінакомплексу ўступае ў сілу забарона на ўтрыманне ўласных свіней у хатніх гаспадарках у радыусе пяці кіламетраў ад будынкаў, што несла прамую пагрозу традыцыйнаму ўкладу жыцця жыхароў найбліжэйшых вёсак. Акрамя таго, функцыянаванне свінакомплексаў наўпрост уплывае на пагаршэнне якасці паветра, а непасрэдная блізкасць да населеных пунктаў робіць жыццё ў іх невыносным.

Даведаўшыся пра падобныя планы, мясцовыя жыхары актыўна прынялі ўдзел у грамадскіх абмеркаваннях. Прадстаўніца Экадому прыгадвае, што кожны сход праходзіў з ажыятажам. «Але апроч эмоцый людзі вывучылі дакументацыю, падрыхтавалі аргументы супраць будаўніцтва. Было заўважна, што чыноўнікі не чакалі такой хвалі пратэсту, і на некаторыя пытанні і аргументы актывістаў яны нічога не маглі сказаць», — дадае экспертка.

Паралельна з грамадскімі абмеркаваннямі, актывісты распачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва сярод жыхароў Маладзечна і бліжэйшых вёсак, а таксама анлайн. Вынік — больш за 8 тысяч подпісаў.

Больш за тое, экаактывісты ініцыявалі правядзенне грамадскай экалагічнай экспертызы. Аднак кампанія «Вялес-Міт» не прадаставіла неабходныя матэрыялы і дакументацыю для яе правядзення, у сувязі з чым Экадом падаў судовы пазоў.

У выніку барацьба са свінакомплексамі часткова ўвянчалася поспехам: адзін з іх быў перанесены з вёскі Мойсічы да Палачанаў. У далейшым узвядзенне свінакомплексаў суправаджалася пікетамі супраць іх будаўніцтва ў 2016 годзе, але ў выніку абодва аб'екты былі завершаны і пачалі функцыянаваць.

Брэсцкі акумулятарны завод

f1d76f1b_354e_46bc_852f_215678fba881.tmp



Мабыць, самы гучны ў сучаснай гісторыі Беларусі супраціў з боку грамадскасці атрымалі планы па будаўніцтве акумулятарнага завода «АйПаўэр» у Брэсце. Яго будоўля распачалася напрыканцы 2017 года недалёка ад горада з планамі забеспячэння поўнага цыкла вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Магчымае забруджванне паветра і глебы праз выкіды свінцу выклікала справядлівую насцярогу гараджан і жыхароў ды жыхарак найбліжэйшых вёсак, а факт пачатку будаўніцтва завода без папярэдніх грамадскіх абмеркаванняў заахвоціў да актыўных дзеянняў.

З сакавіка 2018 года пачаўся працяглы пратэст сапернікаў будаўніцтва завода. Адной з яго яркіх і крэатыўных праяў стала штотыднёвае «кармленне галубоў» на цэнтральнай плошчы Леніна. Людзі збіраліся разам, каб падчас дзеяння, якое фармальна не падпадае пад заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, абмеркаваць бягучы стан спраў і падзяліцца ідэямі аб далейшых актыўнасцях. Такім чынам гараджане публічна выказвалі сваю нязгоду са з’яўленнем небяспечнага прадпрыемства.

У красавіку 2020 года дзяржаўная экалагічная экспертыза выдала станоўчае заключэнне кампаніі «АйПаўэр», даўшы зялёнае святло для запуску завода ў эксплуатацыю. У сувязі з гэтым рашэннем пратэсты не сціхалі нават падчас пандэміі, а ўлады ад абяцанняў разабрацца ў сітуацыі перайшлі да затрыманняў і штрафаў пратэстоўцаў. Акрамя таго, асабіста Аляксандрам Лукашэнкам было абяцана правядзенне першага ў гісторыі краіны мясцовага рэферэндуму па пытанні будаўніцтва завода, што, аднак, так і не было выканана.

На сённяшні дзень пабудова завода набліжаецца да завяршэння, а ўлады паўтараюць пра «жорсткі экалагічны кантроль». Прадпрыемства атрымала поўны пакет дакументаў, якія пацвярджаюць адпаведнасць завода патрабаванням экалагічнай бяспекі і эксплуатацыйнай надзейнасці. У сваю чаргу, Мінінфарм дадало Facebook-групу «Брэст супраць будаўніцтва завода свінцовых АКБ» у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Паводле прэс-рэлізу